Суббота, 15 февраля 2025

Паэты-землякі Мікола Антаноўскі і Валянціна Слабада сустрэліся з жыхарамі Стараволі

401

Напрыканцы мінулага тыдня ў Старавольскім сельскім клубе-бібліятэцы прайшла творчая вечарына «Паэты-землякі», прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі.

У госці да старавольцаў прыехала іх зямлячка Валянціна Мацвееўна Слабада і былы галоўны рэдактар газеты «Раённыя будні», лаўрэат многіх паэтычных прэмій, конкурсаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Дзмітрыевіч Антаноўскі. Запрасіла гэтых творчых людзей у госці загадчыца Старавольскага СКБ Наталля Дарошчанка. Трэба аддаць належнае Наталлі Барысаўне, умее яна сваёй харызмай, абаяннем зацікавіць людзей і арганізаваць творчы вечар. Няхай і не было асаблівага аншлагу ў зале, але на сустрэчу з аўтарамі прыйшлі сапраўды ўлюблёныя ў паэзію людзі.

На вечарыне гучалі радкі вершаў, прысвечаныя ваеннаму ліхалеццю, святу Перамогі, любові да Радзімы, да роднай Пружаншчыны. Валянціна Мацвееўна і Мікалай Дзмітрыевіч расказвалі пра сябе, як з’явіліся першыя вершаваныя радкі, чаму ў іх творчасці асаблівае месца адведзена ваеннай тэматыцы.

Напрыканцы Мікола Антаноўскі падарыў экзэмпляры сваёй кнігі «Як ліст сярод лістоў…» з пажаданнямі і аўтарскім подпісам усім жадаючым. Дарэчы, я ганаруся, што ў першыя дні майго рэдактарства Мікалай Дзмітрыевіч прыехаў са мной знаёміцца і таксама падарыў кнігу са сваімі выдатнымі вершамі і ўласным аўтографам. Калі на душы маркотна ці, наадварот, грае музыка, я адкрываю паэтычную кнігу і ўчытваюся ў радкі песень душы Мікалая Дзмітрыевіча Антаноўскага.

А яшчэ са сцэны Старавольскага СКБ гучалі песні самадзейных артыстаў.

Віктар Ільюшчанка.

Фота Наталлі Дарошчанка