Часта даводзіцца чуць ад ганарлівых гараджан, што культурнае жыццё ў вёсках ледзь цепліцца, маўляў, і культработнікі ўжо не тыя, і апладзіраваць практычна няма каму, ды і наогул, што цікавага на сяле можна даведацца ў нашыя дні. Аднак мерапрыемствы, падобныя на тое, што прайшло нядаўна ў Шаняўскім сельскім клубе, даказваюць адваротнае. Арганізаваная тут сустрэча з ураджэнкай вёскі, а цяпер вядомай на Магілёўшчыне паэткай Таісіяй Худавец, без перабольшання, заслугоўвае таго, каб яе паўтарыць на галоўных гарадскіх сцэнах і ў прысутнасці лепшых творчых людзей раёна.

Мы сустрэліся з таленавітай жанчынай і пагаварылі, быццам даўнія сябры, ад душы пра ўсё: пра шаняўскую сустрэчу, пра жыццёвы і творчы яе шляхі.
— Апошні раз я была ў родным Доме культуры больш за паўстагоддзе таму, — прызнаецца Таісія Дзмітрыеўна. — А тут столькі ўвагі чалавеку, якога ўжо мала хто мог памятаць у Шанях. Крануў да слёз такі цёплы прыём. Зала была поўная людзей! Сярод іх ледзь прызнала сваіх дарагіх аднакласнікаў, удала “замаскіраваных” сівізной і маршчынкамі. Абняліся з дзяўчаткамі, паплакалі…
Вельмі ганаруся я малой
радзімай,
Дзе жыла шчасліва
шмат гадоў таму…
Тут заўсёды бачу небасхіл я
сінім
Ўлетку, як прыеду,
нават і ў зіму.
Птушкі ўсе спяваюць
асабліва неяк,
Нібы хор дзіцячы, мноствам
галасоў.
Як заплюшчу вочы,
бачу паміж веяк
Я валошкі ў жытнім моры
каласоў.
На мяжы — рамонкі
і званочкі зрэдку
Прыгажосць падораць
зеляніне траў.
Радуе прыволле жаўцізна
сурэпкі,
Дзьмухаўцоў вяночак
нехта тут сплятаў.
Я іду па сцежцы,
вельмі мне знаёмай,
Цішыня навокал…
Дзесь жаўрук пяе…
Мілая радзіма!
Ты — дзяцінства, школа.
Ў горадзе цябе мне сёння
нестае..
Паэтка чытала падчас сустрэчы свае вершы, спявала песні. Выдатна акампанаваў ёй экспромтам мясцовы музыкант Анатоль Гароднік… Аднавяскоўцы, клубныя работнікі і бібліятэкары дарылі ёй кветкі і мноства падарункаў.
— Сярод іх — неверагодна! — аказаўся альбом пра Пружаншчыну, дзе ёсць згадка пра майго тату Дзмітрыя Петруковіча, які быў вядомым у раёне музыкантам. Дзе ёсць фатаграфія арыгінальнай скульптуры каля ракі Мухавец, якая напоўнена для мяне асаблівым сімвалізмам: менавіта на тым месцы адбылося маё першае спатканне… Дзе адлюстраваныя дарагія майму сэрцу мясціны. Амаль усе…
На жаль, сёння на месцы бацькоўскага дома — чыстае поле. А калісьці ў ім бурліла шчаслівае жыццё…
— Жыццё бурліла тады ва ўсёй вёсцы, было напоўнена цікавымі падзеямі і сустрэчамі. Адну з іх — з паэтам Міколам Засімам — я добра памятаю да гэтага часу. Высокі, прыгожы! Ён вельмі добра чытаў свае вершы на беларускай мове, а я слухала яго з заміраннем сэрца і марыла… паступіць у Мінскі інстытут замежных моў.
Але лёс распарадзіўся па-іншаму, вызначыўшы творчай асобе творчы шлях. Немалую ролю ў гэтым адыграла іншая сустрэча.
— Пасля заканчэння ў 1962 годзе Пружанскай СШ № 1 (куды я перавялася пасля Шаняўской сямігодкі) я не паступіла ў інстытут. І, зусім страціўшы надзею, прынесла здаваць кнігі ў бібліятэку. Бачачы мой сумны настрой, бібліятэкар Вера Рыгораўна Калько вырашыла мяне падтрымаць. “Ты так шмат чытала! — кажа. — Хочаш, я дапамагу табе ўладкавацца на працу? — Хачу! – Дык прыходзь да нас на стажыроўку, навучым, як працаваць з фармулярамі…”
Сутнасць бібліятэчнай работы Таісія засвоіла вельмі хутка, і яе, сямнаццацігадовую дзяўчыну, накіравалі ў вёску Кацёлкі… узначальваць мясцовы клуб, дзе давялося займацца і бібліятэчнай, і музычнай справай. Прайшло некалькі месяцаў, і — што б вы думалі?! — калектыў вясковага клуба становіцца фіналістам і дыпламантам прэстыжнага рэспубліканскага агляду-конкурсу самадзейнасці. І ведаеце, хто ёй у гэтым дапамог? Сам Іван Хвораст, славуты беларускі харэограф, які акурат у той час прыехаў у родныя Кацёлкі на адпачынак і прывёз з сабой не менш вядомага сябра… Рыгора Шырму.
— Зайшлі да нас у клуб, убачылі, як мы шчыравалі над пастаноўкай нумара і… прапанавалі дапамогу. У маёй памяці яны так і засталіся вельмі простымі і адкрытымі людзьмі. Спрытны, статны Хвораст і прыгажун Шырма, з акуратнай бародкай і “гуллівымі” вусамі… Майстры паставілі нам выдатны карагодны танец “Ручаёк”. Мы пашылі сабе аднолькавыя паркалёвыя сарафаны… І ў выніку сваім нумарам зачаравалі сталічнае журы.
Пасля яркага выступлення калектыву з Кацёлак юнага і таленавітага бібліятэкара і культработніка, якая па-ранейшаму мроіла толькі аб замежнай філалогіі, заўважыў тагачасны загадчык аддзела культуры райвыканкама Сяргей Яўгенавіч Курбанаў. Ён прапанаваў дзяўчыне паступаць у інстытут культуры.
— І дыкцыя ў цябе добрая, — казаў ён мне, — і прыгожа спяваеш, і сцэнарыі арыгінальныя пішаш. Прыроджаны работнік культуры! А я ніяк, маўляў, хачу з людзьмі працаваць, але толькі каб на сцэне не скакаць! — Значыць, ідзі вучыцца на бібліятэкара! – вельмі эмацыйна распавядае пра перыпетыі свайго працоўнага шляху Таісія Худавец.
Яна паступіла ў Мінскі педагагічны універсітэт імя М. Танка на факультэт “Бібліятэчная справа”. Неўзабаве ў Шаняўскім Доме культуры вызвалілася месца бібліятэкара — і дзяўчына вярнулася ў родную вёску. Праўда, затрымацца ў ёй надоўга не атрымалася: Таісія выйшла замуж за вайскоўца з Новых Засімавіч, з якім пазнаёмілася на адной з вечарын, і ў снежні 1966 года пераехала ўслед за мужам у Бабруйск. Так там усё жыццё ў бібліятэчнай сферы і працавала.
— Мне давялося сустракацца з вядомымі савецкімі пісьменнікамі, паэтамі, артыстамі, зоркамі радыё- і тэлеэфіраў. Ігар Кірылаў, браты Ратчанкі, Рыма Казакова, Марк Лісянскі… Была знаёма з самім Іванам Шамякіным, — успамінае пра свае бібліятэчныя будні Таісія Дзмітрыеўна, усё абыходзячы бокам (ці то свядома, ці то падсвядома) “паэтычную” тэматыку.
— А калі менавіта выявіўся ваш паэтычны дар?
— Я любіла паэзію заўсёды і атрымлівала задавальненне ад чытання вершаў, — з сумам прызнаецца жанчына. — Выкарыстоўвала іх у аглядах і ў святочных праграмах. Але… не пісала. Вершы “прыйшлі” літаральна праз пару месяцаў пасля смерці мужа, які зышоў восем гадоў таму. Бог забраў у мяне дарагога чалавека і наўзамен, як суцяшэнне, падараваў… вершы, якія самі паліліся з сэрца. Памятаю, у той дзень, калі памёр муж, мне, як ні дзіўна, нібы змовіўшыся, сталі тэлефанаваць сябры з розных куткоў свету, нават з Амерыкі. Нічога не ведаючы пра здарэнне, сталі распытваць пра жыццё. Што казаць? Як казаць, калі слоў нестае?
І Таісія Дзмітрыеўна пачала адказваць на званкі вершамі, у якіх выказала ўвесь свой боль… Потым з’явіліся іншыя вершы. Жанчына стала выкладваць іх у інтэрнэт і дасылаць у бабруйскую газету.
Ацаніўшы асаблівую здольнасць Худавец, новую паэтку падтрымалі мясцовыя знакамітыя паэты. Яны запрасілі яе стаць сааўтарам зборніка бабруйскіх “катрэнаў” (санетаў). А неўзабаве родная бібліятэка імя Пушкіна ініцыявала выданне першага ўласнага зборніка вершаў Таісіі Дзмітрыеўны, які называўся “Прызнанне” … Адзін асобнік яго, дарэчы, паэтка падарыла Шаняўской сельскай бібліятэцы.
Напэўна, я пісала б вершы,
каб умела,
Каб выказаць свае пачуцці
хоць праз іх.
І скарыстаўшы рыфмы
вельмі смела,
Я б адарыла імі ўсіх сяброў
сваіх.
Я б напісала ў вершах, як іх
паважаю,
Як ганаруся, што не забываюць
пра мяне.
Як ім удзячна я, вачыма іх
шукаю
У натоўпе тым, што йдзе
насустрач мне…
— Мне шанцавала ў жыцці на сустрэчы з добрымі людзьмі, якія падтрымлівалі мяне ў цяжкую мінуту і дарылі веру ў сябе. Калі б не яны, я не ведаю, кім бы я сёння была…
Алена Зялевіч.
Фота аўтара