З вершамі Алены Котавай мы пазнаёміліся гады тры-чатыры таму, калі ўпершыню яна даслала ў рэдакцыю «Раённых будняў» свае шчырыя, прасякнутыя нейкім незвычайным святлом творы. Вершы спадабаліся і нашым чытачам. Так кобрынская паэтка незаўважна далучылася да ліку пастаянных аўтараў пружанскай «раёнкі».
А ў хуткім часе адбылося і непасрэднае знаёмства: Алена Котава паўдзельнічала ў паэтычным конкурсе, абвешчаным да 590-годдзя Пружан, і стала адной з яго пераможцаў. Вось тут і аказалася, што дачыненне да нашага горада і раёна яна мае самае непасрэднае: у Пружанах нарадзілася, скончыла з залатым медалём сярэднюю школу, а пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна некаторы час працавала ў Варанілавіцкай СШ. І толькі замужжа «прымусіла» да пераезду ў Кобрын.
Так што цяпер жанчына шчыра прызнаецца: «А ў мяне пружанская душа». Так назвала і свой апошні зборнік вершаў, які выйшаў з друку ў красавіку.
Прэзентацыя кнігі і сустрэча з Аленай Котавай адбыліся днямі ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Вядучая — намеснік дырэктара бібліятэкі Вольга Аляксеева — наладзіла нязмушаную гутарку, падчас якой прысутныя не проста маглі даведацца пра біяграфію аўтара, але і прасякнуцца яе настроем, у літаральным сэнсе зазірнуць на «паэтычную кухню». Так-так, Алена Аляксандраўна прызнаецца, што, як ў любой працуючай жанчыны, свабоднага часу ў яе няшмат. І час запісаць вершаваныя радкі, што нараджаюцца ў галаве, якраз з‘яўляецца, пакуль вечарам займаецца гатаваннем ежы для сям‘і.
І наогул, паўнавартасным паэтам аўтар ужо чатырох паэтычных кніжак пакуль сябе не лічыць: сціпла называе сваю творчаць аддушынай, якая дазваляе справіцца са штодзённымі нагрузкамі на працы і ў жыцці. І ўвесь час вучыцца, у тым ліку праз чытанне вершаў любімых паэтаў, сярод якіх — землякі Мікола Засім і Мікола Антаноўскі.
Але ж «аддушына» — ад слова «душа». Магчыма, вершаскладанне — гэта сапраўды магчымасць адпачыць, але ў першую чаргу — напружаная работа душы і розуму. І колішні дэвіз пісьменніка Юрыя Алешы «Ні дня без радка» — гэта і пра нашу зямлячку: амаль штодзень у сацыяльных сетках з‘яўляецца новы верш, які адпавядае памятнай даце, сённяшняму настрою, надвор‘ю за акном. Дарэчы, шматлікія «падабайкі» ад карыстальнікаў сацсетак — таксама паказчык таго, наколькі патрэбны людзям душэўнасць і шчырасць. Менавіта імі напоўнены вершаваныя разважанні пра радзіму, лёс вёскі, дзе жыла бабуля, вайну і мір, сваё месца ў жыцці…
«У маім дзяцінстве ,
Тым, што за туманам,
Мне лягчэй жылося,
Шчыра вам скажу.
Менш я сустракала
Жорсткасці, падману,
Менш пускалі вочы
Горкую слязу.
У маім дзяцінстве,
Тым, што так далёка,
Свет здаваўся чыстым,
Добрым для людзей
І ляцелі думкі з марамі высока,
Ды, шкада, хацела
вырасці хутчэй…»
Пісаць Алена (дома яе называлі Алёнай, такім і стаў творчы псеўданім) пачала яшчэ ў школе і нават прывезла на сустрэчу з чытачамі два вучнёўскія сшыткі з вершамі. Прызнаецца, што не паказвала іх нават маме. А зараз піша не толькі па-руску і па-беларуску, але і па-англійску. Як школьнаму настаўніку англійскай мовы апошняе дапамагае ў правядзенні ўрокаў, і нават адзін з аўтарскіх зборнікаў «Англійская — праз рыфмы» быў створаны як дапаможнік, каб вучням лягчэй было запамінаць словы. Юных удзельнікаў сустрэчы (а на ёй прысутнічалі семікласнікі СШ № 5, якую некалі заканчвала паэтка) больш цікавілі, зразумела, радкі пра каханне, няхай і першыя, менш дасканалыя, але больш зразумелыя падлеткам у любыя часы. І іх пытанні, і слёзы радасці і гонару за дачку ў маміных вачах таксама станавіліся ўзнагародай за творчасць.
Гучалі вершы, у тым ліку і ў відэазапісе ў неверагодна цудоўным прачытанні спевака Віталія Карпанава. Падумалася: як мілагучна гучалі б гэтыя радкі, пакладзеныя на музыку. Можа, некалі пачуем мы «Прызнанне ў любові» побач са знакамітай «Хатай бацькоў»? Чаму не?
Ірына Сядова.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з сустрэчы: https://vk.com/album-23306785_302431085 і https://ok.ru/budni/album/977933355912