З нагоды юбілею Пружан рэдакцыя «Раённых будняў» абвясціла паэтычны конкурс «Люблю цябе, мой родны горад!».
Свае вершаваныя творы нам дасылалі як ужо добра вядомыя мясцоваму чытачу аўтары, так і новыя, магчыма, пакуль яшчэ не раскрытыя таленты. Хочацца сказаць, што знаёмства з кожным вершам было прыемным, пяшчотным, у пэўнай ступені інтрыгуючым: усё ж паэтычныя радкі былі прысвечаны таму, што так блізка сэрцу, — родным Пружанам.
Вялікі дзякуй усім вам, дарагія ўдзельнікі конкурсу, за тое, што адгукнуліся на наш заклік і праз творчасць выказалі сваё прызнанне ў любові нашаму цудоўнаму гораду. Вашы вершы ўважліва чыталі работнікі рэдакцыі, мы гаварылі пра эмоцыі, якія выклікаюць творы, іншы раз спрачаліся, не згаджаліся адзін з адным. А ў выніку выбралі трох лідараў. Мы не сталі размяркоўваць паміж імі першае, другое і трэцяе месцы, а вырашылі, што яны будуць раўназначнымі пераможцамі конкурсу. Вось іх імёны: Вольга Балабушка, Алена Котава і Ганна Хадаровіч. Віншуем вас, шаноўныя! Вашы вершы занялі асаблівае месца ў сэрцы рэдакцыйнага калектыву. Спадзяёмся, што і чытачы газеты раздзеляць наша меркаванне.
У сённяшнім выпуску «Раённых будняў» мы друкуем вершы не толькі пераможцаў, але і іншых не менш таленавітых канкурсантаў. А вы, паважаныя чытачы, знаёмцеся з творчасцю землякоў і абавязкова пішыце нам у сацыяльных сетках і па пошце, хто з іх «зачапіў» менавіта вас. Чакаем зваротнай сувязі!
З павагай, рэдакцыя газеты «Раённыя будні»