Навагодні час — перыяд добрых спраў для ўсіх і кожнага, у тым ліку для прафсаюзаў. Шмат гадоў запар пад эгідай ФПБ у нашай краіне праходзіць дабрачынная акцыя «Прафсаюзы — дзецям». Далучаюцца да яе раённая прафсаюзная арганізацыя і дзясяткі пярвічак розных прадпрыемстваў і арганізацый Пружаншчыны.

Па словах старшыні раённага аб’яднання Таццяны Гаманчук, старт акцыі быў дадзены яшчэ 22 снежня. Ужо на наступны дзень прафсаюзныя лідары з падарункамі і віншаваннямі адправіліся ў Ружаны. Адрасы ўжо традыцыйныя. З вялікай радасцю сустракалі гасцей у дзіцячым доме сямейнага тыпу Юрыя і Вольгі Бакуменкаў. Цёплыней і пяшчотай была напоўнена сустрэча ў сям’і Плішковых. Словы шчырай падзякі за ўвагу і падарункі гучалі і ў прыёмнай сям’і Юрэняў.
Не забыліся ў рамках акцыі і пра дзетак, якіх у сілу здароўя часта называюць асаблівымі. Так, з віншаваннямі і сюрпрызамі да выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі напярэдадні новага года завіталі члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга». Яны падарылі значны і патрэбны падарунак — тэлевізар. Пабывалі ў цэнтры работнікі Пружанскага малочнага камбіната і Беларусбанка. Тут таксама не абышлося без святочных падарункаў.
Многа добрых слоў і пажаданняў моцнага здароўя прагучала ў аддзяленні дзённага знаходжання, што ў пас. Сонечным. Сюды завіталі прадстаўнікі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК на чале са старшынёй Дзмітрыем Чайкоўскім. Выхаванцы аддзялення, як заўсёды, з вялікай радасцю прымалі гасцей, чыталі вершы, дэманстравалі вырабы, зробленыя сваімі рукамі. Усе атрымалі салодкія падарункі, а аддзяленню перададзена музычная калонка. Падарункі выхаванцы прымалі таксама ад прафсаюзных арганізацый Беларусбанка і Пружанскага малочнага камбіната.
Далучыўся да акцыі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Яго старшыня Іван Сачэўка павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячага дому сямейнага тыпу Лірыны і Аляксандра Нежаўцоў.
«Прафсаюзы — дзецям» — гэта яшчэ і пра навагоднія ранішнікі. Як адзначыла Таццяна Юр’еўна, асноўная задача акцыі — парадаваць не толькі дзетак членаў прафсаюзных пярвічак, але падарыць радасць кожнаму. Менавіта таму ў пераднавагоднія дні па ўсім раёне прайшлі дзясяткі ранішнікаў. Многа іх было ў Палацы культуры, артысты якога падрыхтавалі навагодняе прадстаўленне, на якім пабывалі дзеткі работнікаў амаль усіх арганізацый раёна.
А вось сапраўднай кульмінацыяй акцыі сталі прафсаюзныя ёлкі ў Брэсце і Мінску. На рэспубліканскую ёлку пад эгідай ФПБ на гэты раз змаглі трапіць 96 хлопчыкаў і дзяўчынак з Пружанскага раёна. Паездку для іх арганізаваў райкам прафсаюза работнікаў АПК. Больш за 60 вучняў пабывалі на абласной прафсаюзнай ёлцы. Усе дзеці вярнуліся з навагоднімі падарункамі, добрым настроем і мноствам фотаздымкаў.

Дзіцячыя радасць і ўсмешкі — тое, дзеля чаго на працягу многіх гадоў праводзіцца акцыя. Завершаецца яна сёння, 8 студзеня, але прафсаюзы абяцаюць, што сюрпрызы, сярод якіх шматлікія экскурсіі, магчымасць паехаць у прафсаюзны санаторый, чакаюць дзяцей членаў пярвічак на працягу ўсяго 2023-га.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена раённым аб’яднаннем прафсаюзаў