Суббота, 19 апреля 2025

Падведзены вынікі шматдзённага турніру па шахматах і шашках памяці Аляксандра Мікалаевіча Чавусава

458

Напрыканцы мінулага тыдня былі падведзены вынікі шматдзённага турніру па шахматах і шашках памяці Аляксандра Мікалаевіча Чавусава.

Адзначым, што некалькі гадоў з-за неспрыяльнай па каранавірусе абстаноўцы турнір не праводзіўся. У гэтым годзе баталіі на шахматна-шашачных дошках аднавіліся.

Хто ж такі Аляксандр Чавусаў і чаму менавіта ў яго памяць праводзіўся турнір?

Як расказала нам Вера Шурына, якая даволі працяглы час працавала з Аляксандрам Мікалаевічам у КУВП «Камунальнік», гэта быў вельмі светлы, яскравы чалавек, добры сем’янін, муж, бацька і сябар. Ён заўсёды імкнуўся прыйсці і заўсёды прыходзіў на дапамогу. Выдатны шахматыст, які неаднойчы перамагаў не толькі ў раённых, але і абласных турнірах, ездзіў абараняць спартыўную доблесць Брэстчыны на рэспубліканскія спаборніцтвы. Яго фатаграфія змешчана на Дошцы гонару лепшых шахматыстаў у Брэсцкім шахматна-шашачным клубе. На жаль, у кастрычніку гэтага года Аляксандр Мікалаевіч пайшоў з жыцця. Да 64 гадоў ён не дажыў зусім крыху. Аляксандр Чавусаў аб’ядноўваў вакол сябе аматараў шахмат і шашак. Яго імя назаўсёды застанецца ў памяці нашых пружанцаў.

Да турніру сябар Аляксандра Чавусава Анатолій Неміровіч, які заняў прызавое месца па шашках, напісаў такія вершаваныя радкі:

«Нам повезло, что был ты с нами
На протяженьи многих лет.
Своими добрыми делами
Оставил в душах наших след!

Был спорту предан горячо.
И людям в трудные моменты
Ты подставлял своё плечо.
С надеждой планы свои строил,
Ещё не думал на покой,
Но вдруг… октябрьскою порою
Ты завершил свой путь земной.

Мы будем за тебя молиться
Всё то, чем можем мы помочь,
Чтобы твою покаянную душу
На небеса принял Господь.

Прости всех нас – земных и грешных,
Прости ты матушке-судьбе…
А мы, пока живём на свете,
Все будем помнить о тебе!

И вот сегодня, в этот час
Тебе мы шлём благую весть,
Чтобы азарт спортивный не угас,
Турнир проводим в твою честь!»

Пагадзіцеся, добрыя словы. А турнір будзе своеасаблівым помнікам у гонар цудоўнага Чалавека.

Пасля шматдзённых баталій былі падведзены вынікі турніру.

У шахматах месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе заняў Мікалай Баран, другое – Васіль Ліцкевіч і першае – Міхаіл Грыцэвіч. Сярод прызёраў па шашках на трэцім месцы Сяргей Наумчык, на другім – Анатолій Неміровіч, на першым – Міхаіл Цымбаліст.

Падводзячы вынікі турніру, дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец» Вікторыя Шаманава павіншавала пераможцаў і выказала спадзяванне на тое, што спаборніцтва, у якога адкрылася другое дыханне, будзе праводзіцца і надалей. Яна ўручыла граматы прызёрам. Свае дыпломы ўручыў і я як галоўны рэдактар газеты «Раённыя будні». Наша рэдакцыя падрыхтавала і прызы для пераможцаў: за першыя месцы прадугледжана падпіска на газету на паўгоддзе, за другія – на квартал і за трэція – на месяц. Спецыяльным прызам за актыўны ўдзел у турніры быў узнагароджаны самы старэйшы ўдзельнік Уладзімір Ільіч Чакашоў.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара