
На пачатку мая, як і абяцалася, былі падведзены вынікі ваенна-патрыятычнага конкурсу, які праводзілі газета «Раённыя будні» і раённая арганізацыя Фонду міру.
За сакавік і красавік мы атрымалі больш за два дзясяткі творчых работ. Вельмі хацелася пазнаёміць нашых чытачоў з імі ўсімі, але гэтаму перашкодзілі некалькі прычын.
Па-першае, згодна з умовамі конкурсу да разгляду прымалі толькі публіцыстычныя творы, хаця некаторыя аўтары даслалі свае вершы. Па-другое, хаця гэта і не агаворвалася асобна, трэба было ўлічваць газетны фармат. У прыватнасці, «раёнка» не мае магчымасцей часопіса, каб поўнасцю надрукаваць вельмі грунтоўную гістарычную работу вучняў і настаўнікаў СШ №1 імя ЧБВА, якую яны склалі ў выглядзе кнігі. І па-трэцяе проста не хапіла газетных нумароў, каб да свята надрукаваць усе адабраныя творы. Аднак у рэдакцыі нічога не згубіцца і па-за рамкамі конкурсу мы ўсё-такі будзем працягваць перыядычную публікацыю цікавых артыкулаў.
Пасля грунтоўнай ацэнкі журы выбрала пераможцу конкурсу — Ірыну Сядову і яе работу «Любовь не гаснет и во время боя…». Аўтар была адзначана каштоўным падарункам ад раённай арганізацыі Фонду міру, які ўручыла начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Таццяна Гаманчук (на здымку).
Дыпломам І ступені адзначаны ўспамін аб прадзядулі юнай пружанкі Ксеніі Козел. Шчымлівы артыкул ад нашай зямлячкі Святланы Прыгажонак аб трагедыі ў в. Казлы летам 1942 года — дыпломам ІІ ступені. І дыплом ІІІ ступені прызначаны ўспамінам пра ветэрана Сцяпана Жука, якія падрыхтаваў старшыня савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч.
Алег СІДАРЭНКА
Фота Кацярыны МАСІК
