У раённай дзіцячай бібліятэцы ва ўрачыстай абстаноўцы былі падведзены вынікі IV конкурсу юных мастакоў імя Алены Лось, у гонар якой і названа чытацкая ўстанова.

У конкурсе прынялі ўдзел з паўсотні юных мастакоў з розных устаноў адукацыі Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў. На свята таксама былі запрошаны іх родныя, сябры і настаўнікі.
Шмат цёплых слоў мастакам адрасавала загадчыца Вольга Дзімітруковіч. Пасля яе выступлення госці імпрэзы ў чарговы раз узгадалі мастачку Алену Лось, якая сваёй адданай працай прынесла славу нашай Пружаншчыне. Менавіта тут зараджалася яе асаблівае бачанне навакольнага свету.
Нарэшце наступіў хвалюючы момант, калі былі названы імёны пераможцаў і прызёраў у трох узроставых намінацыях.

Сярод самых маленькіх «майстроў пэндзля» (7-10 гадоў) перамагла Дар’я Пунько з г.Бяроза. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся пружанскаму гімназісту Сямёну Служанікіну за малюнак «Бэмбі».
Ва ўзроставай катэгорыі 11-12 гадоў дыпломам I ступені была ўзнагароджана выхаванка Пружанскай ДШМ Ганна Стэпусь з творам «Снежная каралева». У намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый» вылучылася Паліна Храмко таксама з ДШМ г.Пружаны.
Ва ўзроставай катэгорыі 13-16 гадоў першае месца, па меркаванні журы, заняла Кацярына Чарненка з Пружанскай ДШМ. А па меркаванні гледачоў – Аляксандра Таргонская з Шарашоўскай ДШМ.

Гран-пры конкурсу за выдатнае мастацкае выкананне і адлюстраванне тэмы прысуджана Вікторыі Бурдзейка таксама з ДШМ г.Пружаны. Яе графічны твор «Гном і яго кавалачак шчасця» не пакінуў абыякавым ніводнага наведвальніка выставы.

Адметна, што пераможцы і прызёры атрымалі, акрамя дыпломаў, яшчэ шмат падарункаў, у набыцці якіх прыняла ўдзел раённая суполка грамадскай арганізацыі «Белая Русь» на чале са старшынёй Таццянай Кашкан.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота Кацярыны Масік