Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка сабраў нараду па пытаннях падрыхтоўкі першага пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да першага пасяджэння VII УНС застаецца літаральна тыдзень, падрыхтоўка гэтага мерапрыемства выйшла на фінішную прамую.
«Як мы дамаўляліся, яшчэ раз абмяркуем тыя арганізацыйныя праблемы, якія трэба абмеркаваць, каб забяспечыць эфектыўную работу Усебеларускага народнага сходу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.«Аргкамітэт быў створаны. Як мне пастаянна дакладваюць, збіраліся, працавалі, выпрацавалі асноўныя дакументы. Але ёсць шэраг пытанняў, якія датычацца пастаяннага Прэзідыума, намеснікаў старшыні (трэба было б параіцца, якім чынам мы будзем прапаноўваць Усебеларускаму народнаму сходу фарміраваць іх). Словам, трэба забяспечыць нармальны, кіруемы рабочы працэс УНС, пачынаючы ад афармлення горада (без усялякага перабору, каб мы не трацілі лішнія грошы на пустату) да залы пасяджэння», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на арганізацыйных момантах, звязаных з забеспячэннем усім неабходным дэлегатаў УНС. «Яшчэ раз хачу папрасіць, каб было самае ўважлівае стаўленне да дэлегатаў УНС, пачынаючы ад забеспячэння іх харчаваннем і пражываннем і заканчваючы забеспячэннем неабходнымі матэрыяламі для работы. Што ў гэтым плане зроблена? Што яшчэ трэба будзе зрабіць?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, аргкамітэт па падрыхтоўцы да УНС актыўна працаваў, і ўсе даручэнні, дадзеныя кіраўніком дзяржавы ў сувязі з гэтым маштабным мерапрыемствам, выконваюцца службовымі асобамі вычарпальна і своечасова.
«На гэты час поўнасцю сфарміраваны склад удзельнікаў УНС. Дэталёва адпрацаваны пытанні іх транспарціроўкі, размяшчэння, харчавання, забеспячэння бяспекі, — сказаў Раман Галоўчанка. — Усяго на гэты момант 1162 дэлегаты: па пасадзе — 412 чалавек, шляхам выбрання — 750 чалавек, у тым ліку 402 мужчыны і 348 жанчын».
Ад мясцовых саветаў дэпутатаў для ўдзелу ва УНС дэлегаваны 350 чалавек, ад грамадзянскай супольнасці — 400. «Усе працэдуры выбрання дэлегатаў праведзены ў поўнай адпаведнасці з законам», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Што датычыцца запрошаных асоб, якія не з’яўляюцца дэлегатамі, але прымаюць удзел ва УНС, — іх 715 чалавек, у тым ліку 68 заслужаных прадстаўнікоў беларускага грамадства і сем рэгіянальных дэлегацый, у кожную з якіх уваходзяць 68 чалавек, сярод іх — прадстаўнікі рэгіянальных СМІ, сферы аховы здароўя, адукацыі, сілавога блока, прадпрыемстваў, а таксама былыя кіраўнікі рэгіёнаў і ганаровыя грамадзяне адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. На УНС запланавана прысутнасць 31 замежнага грамадзяніна. Гэта прадстаўнікі міждзяржаўных інтэграцыйных аб’яднанняў і замежныя дыпламаты.-0-