Четверг, 19 июня 2025

Падрыхтавалі гайд для бацькоў, якія задумваюцца пра летняе аздараўленне дзяцей

676

Хутка наступіць лета, таму ўжо зараз для бацькоў школьнікаў паўстае пытанне: як арганізаваць адпачынак сваіх дзяцей, каб ён быў не толькі прыемным, але і карысным. Добрым варыянтам у такім выпадку могуць стаць аздараўленчыя дзіцячыя лагеры.

Як расказала метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Вольга Калюта, сёлета ў лагерах у перыяд летніх канікулаў плануецца аздаравіць без малага 2000 дзяцей. Будзе працаваць 21 прышкольны і 6 лагераў працы і адпачынку.

З другога чэрвеня пачнуць работу аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем пры гімназіі, гарадскіх СШ №1 імя ЧБВА і №4, а таксама Ліноўскай, Слабадской, Мураўскай, Ружанскай, Шаняўской сярэдніх школах, Вялікасельскім, Варанілавіцкім, Магілявецкім, Мокраўскім, Навасёлкаўскім, Сухопальскім і Шчарчоўскім ВПК. Змена працягнецца да 22 чэрвеня. З сёмага да 27 чэрвеня будуць працаваць аздараўленчыя лагеры пры СШ №3 і №5, Кляпацкай, Шарашэўскай і Хараўской сярэдніх школах. Каб адправіць дзіця ў лагер, бацькам трэба падрыхтаваць даведку аб стане здароўя дзіцяці, даведку з месца працы аднаго з бацькоў, квіток аб аплаце кошту пуцёўкі і заяву на імя дырэктара лагера. Харчавацца ў прышкольных лагерах дзеці будуць тры разы на дзень.

Для школьнікаў, якія хочуць падзарабіць грошай, лагеры працы і адпачынку (ЛПА) будуць працаваць у чэрвені пры Шарашэўскай, Хараўской, Кляпацкай сярэдніх школах, а ў райцэнтры — пры СШ №1, №3 і №5. Іх могуць наведваць толькі падлеткі ад 14 гадоў, якія не маюць абмежаванняў па здароўі. Акрамя адпаведнай заявы, пашпарта школьніка і даведкі аб стане здароўя таксама неабходна заява аб згодзе бацькоў на выкананне работ іх сынам ці дачкой ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў (або заява самога падлетка ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў). Школьнікі 14-16 гадоў, згодна з заканадаўствам, будуць працаваць па 4 гадзіны, старэйшыя за 16 гадоў — па 6-7 гадзін у дзень. Харчавацца ў ЛПА, як і ў прышкольных лагерах, будуць тры разы на дзень.

На тэрыторыі Пружанскага раёна арганізуюцца таксама студэнцкія атрады і шэсць працоўных брыгад (пры гімназіі, СШ №4, Ліноўскай, Слабадской, Ружанскай сярэдніх школах і Навасёлкаўскім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа).

Што тычыцца выязных лагераў, то гэтым летам для дзяцей адчыняць свае дзверы аздараўленчыя лагеры «Юны турыст» у аг. Руднікі і «Дубок» у в. Паддубна. На базе іх плануецца работа профільных атрадаў, кожная змена будзе мець сваю накіраванасць. «Дубок» будзе працаваць у пяць змен, «Юны турыст» — у чатыры.

Згодна з рашэннем Пружанскага раённага выканаўчага камітэта ад 10.05.2022 №759, бясплатныя пуцёўкі могуць атрымаць дзеці, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пружанскага раёна», дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці-сіраты, дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, якія пражываюць на тэрыторыі Пружанскага раёна. Таксама кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый рэкамендавана поўнасцю або часткова кампенсаваць за кошт уласных сродкаў і сродкаў прафсаюзаў кошт бацькоўскай платы за пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры, шматдзетным сем’ям – на 100 працэнтаў.

Спартыўна-аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем у Пружанах будуць працаваць пры СДЮШАР і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе №2. Як паведамілі дырэктары гэтых устаноў Анастасія Пузанава і Аляксандр Шаманаў, лагер пры СДЮШАР будзе працаваць у две змены (1-21 чэрвеня, 8-27 жніўня), а лагер пры ДЮСШ №2 — у тры змены (6-25 чэрвеня, 27 чэрвеня — 16 ліпеня, 1-20 жніўня).

Жадаем усім прыемнага адпачынку падчас доўгачаканых летніх канікулаў.

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота Кацярыны Масік і з архіва