На базе Бярозаўскага лясніцтва напрыканцы мінулага тыдня прайшлі дэманстрацыйна-практычныя вучэнні падраздзяленняў Пружанскага лясгаса з мэтай праверкі гатоўнасці да пажаранебяспечнага перыяду.

Раней падобныя агляды ладзіліся непасрэдна ў структурных падраздзяленнях. Аднак дзеючыя пажарныя лясныя аховы сумесна праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Гэтак жа яны дзейнічаюць і пры ўзнікненні сур’ёзных лясных пажараў. Як адзначыў начальнік аддзела аховы і абароны лесу Брэсцкага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Канстанцін Скрабец, неабходна не толькі пракантраляваць гатоўнасць тэхнікі і людзей, але і ацаніць зладжанасць ахоўных брыгад, узровень іх ведаў і ўменняў.
— Пажар лягчэй ліквідаваць на самым пачатку ўзгарання, але ж лесаводы павінны быць гатовыя і да маштабных дзеянняў, — зазначыў Канстанцін Пятровіч. — Безумоўна, сам-насам з агнём леснікі не застаюцца, аднак менавіта яны — першы контур аператыўнага рэагавання на трывожную сітуацыю.

Безумоўна, у апошнія гады актыўна ўкараняюцца аўтаматызаваныя сістэмы маніторынгу сітуацыі ў лесе. Нагляд вядзецца ў тым ліку і з дапамогай квадракоптара, які ёсць на ўзбраенні лясгаса. Нават спадарожнікі дапамагаюць кантраляваць тэмпературны рэжым у лясных масівах. Вось толькі заўсёды ёсць такая слабапрагназуемая велічыня, як «чалавечы фактар». Калі прааналізаваць вогненныя здарэнні, то становіцца відавочна, што вельмі часта яны ўзнікаюць з-за непрадказальных прычын. Непатушаны акурак, касцёр кампаніі адпачывальнікаў, нават пабітая бутэлька — усё гэта можа прывесці да маштабных здарэнняў.
Зыходзячы з гэтага, пажарныя аховы лясніцтваў раёна павінны мець адпаведную тэхніку «першага рэагавання», належным чынам экіпіравацца і ведаць, як дзейнічаць у надзвычайных выпадках. У прыватнасці, як правільна аказваць даўрачэбную дапамогу пацярпелым. Такі майстар-клас з паралельнай праверкай ведаў леснікоў падчас вучэнняў правёў загадчык аддзялення «хуткай медыцынскай дапамогі» Пружанскай ЦРБ Уладзіслаў Пекач. Сумесна з удзельнікамі праверкі былі прадэманстраваны асноўныя спосабы ратавання пацярпелых, разгледжаны магчымыя выпадкі траўміравання з практычнымі заняткамі.

Потым праводзіўся агляд тэхнікі і ўзбраення супрацьпажарных брыгад. Як паведаміў дырэктар лясгаса Віктар Карніенка, гэтаму накірунку ў арганізацыі надаецца павышаная ўвага. Рэгулярна набываецца сучасная тэхніка, ахова камплектуецца неабходным аснашчэннем і абмундзіраваннем.
— Хаця яшчэ ёсць падраздзяленні, якія маюць на балансе старыя аўтамабілі і трактары, прыстасаваныя да барацьбы з агнём, — прызнаў Віктар Віктаравіч. — Аднак паступова па меры магчымасцяў будзе вырашана пытанне і з імі. У прыватнасці, кожнае падраздзяленне нядаўна займела спецыяльныя мотапомпы, работнікі атрымалі сродкі індывідуальнай абароны.
Тэхнічную гатоўнасць лясніцтваў абласное кіраўніцтва ацаніла высока, праверка прайшла амаль без заўваг, а выяўленыя нязначныя недахопы будуць аператыўна выпраўлены.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой звярнуўся да ўдзельнікаў вучэнняў з просьбай падтрымаць работнікаў МНС у прафілактычнай рабоце. У прыватнасці, Павел Міхайлавіч звярнуў увагу на тыя парушэнні супрацьпажарных правілаў, што адбываюцца ў некаторых гаспадарках раёна.

— Тычацца яны тэхналогіі складзіравання грубых кармоў, асабліва побач з лясным масівам. Работнікамі дзяржпажнагляду былі выяўлены выпадкі размяшчэння сціртаў саломы на ўскрайку лесу, прычым да некаторых з іх пры магчымым узгаранні можна было б дабрацца тэхнікай толькі з аднаго боку, — зазначыў начальнік РАНС. — Між тым, у раёне ўжо адбываліся выпадкі загарання сціртаў, у тым ліку і з-за дзіцячых гульняў з агнём. Мы не можам аператыўна аб’ехаць тысячы квадратных кіламетраў для кантролю, а вось вы падчас абыходу сваіх участкаў абавязкова ўбачыце падобныя парушэнні, пра якія адразу паведамляйце нам.
Напрыканцы агляду былі арганізаваны практычныя заняткі па ліквідацыі ўмоўнага ўзгарання. З гэтым выпрабаваннем усе брыгады таксама паспяхова справіліся, прадэманстраваўшы тэхнічную гатоўнасць і зладжаныя дзеянні.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з мерапрыемства: https://ok.ru/budni/album/957583872648