Няпроста, асабліва пасля 1 жніўня, калі Пружаны сталі аб’ектам так званай рэформы, ідзе падпіска на газету. Не спраўляюцца работнікі дастаўкі з вызначанымі для іх абавязкамі. Газеты абанентам прыходзяць вельмі позна, бывае, што і на наступны дзень, і пазней. Некаторыя час ад часу зусім не атрымліваюць «раёнку». З такімі абставінамі нашы падпісчыкі не згодны. Яны тэлефануюць у рэдакцыю, мы стараемся ім дапамагчы з атрыманнем выдання.
Зразумела, калі служба дастаўкі не спраўляецца з тым, каб своечасова прывезці газету, то што тут казаць пра афармленне падпіскі?! Раней было лепей. Паштальён не адзін год працаваў на сваім участку, кожнага адрасата ведаў, як кажуць, у твар. Не забываўся наведаць пастаянных падпісчыкаў, знайсці новых. Зручна было ўсім.
На гэтым тыдні нечакана ўдалося пазнаёміцца з былым паштальёнам — жанчынай, якая ў гэтай прафесіі адпрацавала 32 гады, але вымушана была пасля 1 жніўня развітацца з любімым заняткам. Надзея Грэцкая зараз працуе прадаўцом у магазіне ваенгандлю. Раней яна была паштальёнам трэцяга аддзялення паштовай сувязі. Да гэтага, як расказвае Надзея Станіславаўна, яна была грошаносцам, ведала кожнага пенсіянера. Калі перайшла працаваць паштальёнам, стала лягчэй, ведала кожнага свайго падпісчыка, прапаноўвала аформіць падпіску іншым. Рэкламавала «раёнку», расказвала, што друкуецца там, якія цікавыя навіны размешчаны. Дабівалася свайго: людзі падпісваліся і станавіліся пастаяннымі сябрамі газеты.
— Вельмі шкада, што гэтак зрабілі з дастаўкай… — з засмучэннем у голасе гаворыць Надзея Грэцкая. — Для мяне гэта работа была па душы, вельмі падабалася. Мы стараліся працаваць з адказнасцю, з цеплынёй. Не пабаюся гэта сцвяр-джаць, але нас заўсёды чакалі з радасцю.
І гэта ж на самой справе так. Наша паштальён, што прыносіла карэспандэнцыю ў рэдакцыю, заўсёды заходзіла ў кожны кабінет і ветліва прапаноўвала аформіць падпіску. Няма таго, што раней было…
У дзень, калі мы пазнаёміліся з Надзеяй Грэцкай, у райвыканкаме праходзіў дзень падпісчыка. Рэдакцыя газеты «Раённыя будні» таксама прыняла актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Работнікі паштовай сувязі афармлялі падпіску, я ж новым падпісчыкам уручаў падарунак ад нашага калектыву. Людзям было прыемна, і нам.
Лічаныя дні засталіся да завяршэння падпісной кампаніі на апошні квартал 2023 года. Таму паспяшайцеся ў аддзяленні сувязі ці звяртайцеся да сваіх грамадскіх распаўсюджвальнікаў і падпісвайцеся на нашу газету.
Заставайцеся з намі!
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара