Заставайцеся з намі ва ўсе поры года!
Дырэктар Мураўскага СДК Ірына Кузьміч:
— З нашай “раёнкай” я знаёма з дзяцінства: мае бацькі, колькі сябе памятаю, заўсёды былі яе адданымі падпісчыкамі. Калі пайшла ў самастойнае жыццё, сямейнай традыцыі не здрадзіла. Больш таго, сёння выпісваю “Раённыя будні” і сабе, і маме. Таксама заўважу, што кожны год бяру ўдзел у конкурсе падпісчыкаў і ўжо двойчы трапляла ў лік шчасліўчыкаў. Ці ж гэта не знак, каб працягваць сяброўства?
Наша газета — цікавае, крэатыўнае, сучаснае выданне… Чытаю ад першай да апошняй старонкі і давяраю кожнаму слову журналістаў. Вельмі падабаецца, што з пружанскай газеты можна пазнаць актуальныя навіны не толькі раённага, але і рэспубліканскага маштабу. Для мяне, чалавека, які не паважае інтэрнэт, гэта вельмі важна.
Безумоўна, найбольш захапляе рубрыка “Гісторыя з фатаграфіяй”. З задавальненнем чытаю і артыкулы пра землякоў-мураўцаў. Дарэчы, шмат гадоў збіраю гэтыя матэрыялы ў папку “Партрэты нашых землякоў на старонках “РБ”. Пасядзіш, бывала, пагартаеш яе — і, здаецца, што адкруціў час назад…
Таксама сачу за тым, як хутка набірае папулярнасць вайбер-супольнасць “Раённых будняў”, кантэнт якой амаль кругласутачна стварае журналіст Уладзіслаў Шпарла. Вельмі ўдзячна маладому чалавеку за арыгінальныя ранішнія прывітанні і за аператыўную падачу навін. Шчыра здзіўляюся, як у журналіста атрымліваецца знайсці столькі разнастайнай інфармацыі? Кожны дзень штосьці новае, арыгінальнае і цікавае з’яўляецца!
Дай Бог, каб усе работнікі “раёнкі” фантаніравалі ідэямі, а іх творчыя пачынанні ацэньваліся як след. Са свайго боку, мы, падпісчыкі, зробім — ды і робім! — усё магчымае, каб газета квітнела. Ва ўсякім разе, імкнёмся любымі спосабамі прыцягнуць увагу маладога пакалення да чытання газеты. Напрыклад, на працягу апошняга месяца юныя наведвальнікі гуртка дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва нашага СДК рабілі з розных падручных матэрыялаў (паперы, ватных дыскаў, старых часопісаў, ільнянога шпагату) ялінкі. А аднойчы падумалі — і вырашылі зрабіць у падарунак “Раённым будням” ялінку з… газеты. Чаму б і не ўдыхнуць у прачытаныя старонкі новае жыццё? Гэта ж, згадзіцеся, лепш, чым адправіць “раёнку” ў макулатуру ці печку!
Вось такая папяровая паўмятровая прыгажуня ў нас атрымалася. Прымайце ў падарунак! Хай у новым годзе ў нашай газеце будуць толькі добрыя навіны!
А калі “раёнка” вырашыць змяніцца, то хай змяняецца толькі ў лепшы бок. Прызнацца, было б выдатна, калі б хоць некалькі разоў на год, у асаблівыя святы, газета выходзіла каляровай. Упэўнена, рознымі колерамі заззяе газета — стане ярчэйшым і жыццё раёна!
P.S. Ёлачка, якую вы бачыце на гэтым здымку, ужо ўпрыгожыла адзін з кабінетаў рэдакцыі. Дзякуй за крэатыў, мураўцы!
Меркаваннем цікавілася Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча і Мураўскага СДК
Шаноўныя чытачы, нагадваем, што да 30 снежня ідзе падпіска на I квартал і І паўгоддзе 2022 года.
Падпісная цана не павялічваецца! Дзейнічае сістэма зніжак для пенсіянераў і шматдзетных сем’яў. Усе расцэнкі тут.