Суббота, 14 декабря 2024

Падняць льнаводства на якасна новы ўзровень. Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін наведаў ААТ «Пружанскі льнозавод»

1 095

Пра шаўковую вытворчасць аднаго са стратэгічных партнёраў нашай краіны – Кітая – сёння ведае ўвесь свет. А што Беларусь? У нас таксама ёсць шоўк, праўда, паўночны. Гэта лён. І Пружанскі льнозавод – прадпрыемства-лідар краіны ў сваёй галіне, якое на слыху далёка за межамі рэспублікі.

Тым не менш, праблем у льнаводчай сферы хапае. Каб абмеркаваць іх, выбудаваць шляхі вырашэння і асноўныя накірункі развіцця, даць своеасаблівы штуршок галіне, у сераду Пружанскі льнозавод наведаў намеснік Прэм’ер-міністра А.М.Субоцін.

Візіт прадстаўнічага госця на прадпрыемства пачаўся са знаёмства з вытворчасцю. Дырэктар М.С.Жогал расказаў Аляксандру Міхайлавічу, а таксама старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуну, намесніку старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама В.А.Рудзю і гендырэктару КУП «Брэстільнонасенне» А.А.Шуміку, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве, пра сённяшні дзень ільнозавода, яго шлях да лідзіруючых пазіцый на льнаводчым рынку. А шлях гэты доўжыцца без малога 50 гадоў.

Перш за ўсё, Аляксандру Субоціну прадэманстравалі майстэрні. Намеснік Прэм’ер-міністра ацаніў чысціню ў памяшканнях. Госцю паказалі і шохі, пад якімі захоўваецца сыравіна. Іх на прадпрыемстве пяць, і ўмяшчаюць яны да 15 тыс. тон рулонавай ільнотрасты.

Застаўся задаволеным Аляксандр Міхайлавіч складам насення і паркам тэхнікі. Менавіта яна дапамагае работнікам ільнозавода. З-за халоднай вясны сёлета давялося перасеяць каля 700 га льну. З задачай справіліся, тым не менш, ураджай будзе горшы за мінулагодні. Калі летась атрымалі 4,5 тоны з гектара, то сёлета разлічваюць на ўраджайнасць у 3,5 т/га. Віной таму – спякотнае надвор’е. Але сёлетнія паказчыкі не самыя дрэнныя. Куды цяжэй, па прызнанні Мікалая Сцяпанавіча, быў засушлівы 2018-ы. Найлепшы ж ураджай сабралі сем гадоў таму, калі атрымалі 6,5 т/га. Што да ўборкі “паўночнага шоўку”, то на прадпрыемстве даўно перайшлі ад ільнокамбайнаў да самаходных церабілак, затым на полі шчыруюць самаходныя ачэсвальнікі і абгортвальнікі трасты.

Сапраўдны ж гонар ільнозавода – цэх з сучасным абсталяваннем бель-гійскага вытворцы «Depoortere» і, вядома, людзі, якія працуюць на прадпрыемстве. Аляксандр Субоцін агледзеў абсталяванне і прадукцыю, якая тут вырабляецца – доўгае і кароткае валакно, ацаніў яго якасць, а таксама ўмовы працы работнікаў. Паказалі намесніку Прэм’ер-міністра і рулоны доўгага льновалакна, якасць якога адпавядае еўрапейскім стандартам.

Мікалай Сцяпанавіч, у сваю чаргу, акрэсліў асноўныя праблемы, з якімі сутыкаецца прадпрыемства. Важнейшая з іх – размеркаванне надбаўкі льнозаводам. Сёння яна выдзяляецца, зыходзячы з якасці і аб’ёму перапрацаванай ільнотрасты. Але ў вытворчасць ільну вельмі часта ўмешваецца надвор’е. Як вынік – ільнаводы губляюць частку бюджэтных датацый ад дзяржавы. Сітуацыя складвалася б інакш, калі б надбаўку давалі, згодна з плошчай, занятай ільном, лічыць дырэктар Пружанскага льнозавода.

Падсумоўваючы знаёмства з прадпрыемствам, Аляксандр Субоцін адзначыў:

— Лён – гэта спрадвечна беларуская расліна. Усе мы ведаем, што з яго атрымліваецца якасная і экалагічная прадукцыя. Таму льнаводчая галіна была і застаецца важнай і патрэбнай. Я быў на розных прадпрыемствах рэспублікі, але Пружанскі льнозавод – адно з лепшых. Тут ёсць усё, каб рабіць якасны лён. Дзе, калі не ў Пружанах, вучыцца гэтаму?

У той жа час, Аляксандр Міхайлавіч прызнае, што льнаводства – складаная сфера. Многае ў ёй залежыць ад умоў надвор’я і тэхнічнай базы. На жаль, ланцужок, які вядзе ад вытворцы льну да перапрацоўчых прадпрыемстваў і нарэшце спажыўцоў, у краіне крыху раскаардынаваны. Паміж арганізацыямі не заўсёды выбудаваны добрыя эканамічныя сувязі.

Каб паспрабаваць вырашыць гэтую праблему, выбудаваць новыя падыходы, удзельнікі сабраліся на нараду. Падчас яе кожны выказаў свае прапановы як па развіцці льнаводства ў краіне ў цэлым, так і Пружанскага прадпрыемства ў прыватнасці.

Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).