Суббота, 12 октября 2024

Падманіце мяне, калі ласка! Чаму не варта верыць тэлефонным махлярам

240

Хто будзе жадаць, каб яго падманулі? Але знаходзяцца такія людзі, і іх нямала, якія самастойна аддаюць аферыстам свае кроўна заробленыя грошы.

З тыдзень таму зазваніў мой мабільнік. Нумар вызначыўся, але замест імя стаіць значок «~», на што я не звярнуў асаблівай ўвагі. Справа ў тым, што аднойчы гаджэт вырашыў абнавіць свой даведнік. У выніку многія нумары з імёнамі зніклі. Даведнік пакрысе аднаўляю, але яшчэ не ўвесь. Некаторыя знаёмыя тэлефануюць, ды імя не паказваецца. Дык вось. Зазваніў тэлефон, выклік ідзе з Беларусі, нумар: +37529-834-42-73. Адказваю. На тым канцы даволі прыемны жаночы голас вітаецца і паведамляе, што тэлефануе аператар МТС, маўляў, заканчваецца ў мяне з тэлефоннай кампаніяй тэрмін дагавора на абслугоўванне. Абсурднасць гэтай заявы перакрыла ўсе ранейшыя спробы махляроў. Мала таго, што званок адбыўся не з тэлефона мабільнай сувязі, а праз месенжар WhatsApp, дык яшчэ і тэрмін дагавора заканчваеца. Выслухаўшы паведамленне, спытаў: «Што патрэбна зрабіць, каб тэрмін прадоўжыць?» Ветлівы галасок «праваркаваў» у трубку, што неабходны ім усе мае дадзеныя, каб па-новаму заключыць дагавор. У сваю чаргу я вырашыў крыху «зблефаваць» і папрасіў сказаць нумар цяперашняга дагавора, які нібыта пратэрмінаваны. Зразумела, што ў тую мінуту праверыць яго не змог бы, бо не было пры сабе. Але гэта сваю ролю адыграла. Мілая паненка прамовіла нейкую незразумелую лаянку і зрабіла адбой званка. Наўрад ці задумалася дзяўчына на тым канцы тэлефона, што 7 мая 2021 года быў прыняты Закон № 99-3 «Аб абароне персанальных дадзеных». Мая інфармацыя застаецца толькі маёй.

Якія толькі выкрутасы не выдумваюць махляры, каб пазбавіць нас грошай: фішынгі, вішынгі і іншыя «дурыкшынгі». У мінулыя часы, калі не было яшчэ картак, і мы не ведалі, як яны выглядаюць, дзейнічалі кішэннікі, шчыпачы, гадалкі і іншыя прайдзісветы. Цяпер жа прагрэс імкліва ўцягнуў нас у вір высокіх тэхналогій, камп’ютарызацыі, лічбавых грошай. Але махляры засталіся, толькі зараз крадуць грошы не з кішэняў, кашалькоў, а з картак, тэлефонаў, камп’ютараў. Мала хто ўстанаўлівае на свае гаджэты моцную абарону, замудроныя паролі. Хаця і з імі цяперашнім прафесійным махлярам зусім не складана «ўзламаць» прыладу і добра парыцца ў яе змесціве. Ніхто ад гэтага не абаронены. Але здзіўляе той факт, што многія аддаюць свае грошы прайдзісветам самі. Напрыклад, робяць перадаплату за тавар, які бачылі толькі на здымку. Ці есць ён, гэты тавар, насамрэч, ці толькі ў віртуальным выглядзе, не цікавяцца. Пачынаюць крычаць «дапамажыце, абакралі, злавіце злодзея» ўжо тады, калі прадавец перастае выходзіць на сувязь, а пакупнік застаецца без нічога. Бягуць у міліцыю, пішуць заяву, патрабуюць знайсці аферыста і вярнуць грошы. Скажу адразу: раскрыццё такіх спраў амаль бесперспектыўнае. Здараецца, што знаходзяць махляра, але гэта бывае вельмі рэдка. Злачынец падчышчае за сабой усе сляды. Ды і перад тым, як здзейсніць махлярства, ён добра перастрахоўваецца. Сакрэты такіх маніпуляцый я не ведаю. Думаю, што дакладна і ніхто не раскажа пра хітрыкі махлярскага майстэрства. Яны кожны дзень удасканальваюцца.

Нярэдка ў дакладах начальніка Пружанскага РАУС або яго намеснікаў гучаць звесткі пра тое, што нехта пацярпеў ад дзеянняў кіберзлачынцаў. У прыватнасці, пералічыў грошы за вызваленне ўнука ці ўнучкі ад пагрозы пакарання за ўчыненую аўтааварыю. Запомніце раз і назаўжды: у нашай краіне нельга адкупіцца ні за якія грошы ад адказнасці перад Законам за ўчыненую правіну. Ход расследавання і вызначыць ступень вінаватасці. Якое за гэта будзе пакаранне, вызначыць суд. Ніяк не пераадолеем мы памылковую догму, што грошы вырашаюць усё, маўляў, «дасі на лапу» — і ты вышэй закона. Кіньце глупства!

Дагэтуль яшчэ модна паміж махляроў званіць ад імя супрацоўніка Следчага камітэта або банка з папярэджаннем, што хтосьці спрабуе аформіць на ваша імя крэдыт. Таму тэрмінова патрэбны дадзеныя карткі, таксама трохзначная лічба, якая выціснута на зваротным баку. У паніцы многія выдаюць усю інфармацыю. А пасля здзіўляюцца, куды зніклі грошы.

Аналізуючы махінацыйныя спробы абчысціць нас да капейкі, скажу: будзьце пільныя ўсе, незалежна ад сацыяльнага становішча, адукацыі, узросту. Не давайце сябе падмануць, абдурыць, абвесці вакол пальца. Нездарма кот Базіліа ў фільме нашага славутага беларускага рэжысёра Леаніда Нячаева «Прыгоды Бураціна» спяваў пра поле дурняў: «Покуда есть на свете дураки, обманом жить, нам стало быть, с руки…» Дык не будзьце дурнямі, не дайце сябе абдурыць!

Віктар Ільюшчанка