Рабочы графік Прэзідэнта Беларусі заўсёды вельмі насычаны на падзеі. Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду і рабочыя сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях развіцця краіны, рэгулярна бывае ў рэгіёнах, робіць замежныя візіты і сам прымае замежных гасцей, сустракаецца з журналістамі, падпісвае ўказы і законы. І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім не значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Зрэшты, і ў час адпачынку, ці гэта хакейная трэніроўка ці нарыхтоўка дроў, Аляксандр Лукашэнка не-не ды і знойдзе падставу для чарговага даручэння. Як ён любіць казаць, трэба ва ўсім ісці ад жыцця.
Праект «Тыдзень Прэзідэнта» для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы, быць у курсе самых актуальных заяў і рашэнняў беларускага лідара.
Ці з’явіцца ў Саюзнай дзяржавы адзіная валюта, якая будучыня ў долара і лічбавага рубля і пра што гаварыў Лукашэнка з кіраўніком Цэнтрабанка Расіі? Як стварыць моцны кулак на шалёнай граніцы і чаму не будзе лёгкага жыцця ў кіраўнікоў на месцах; як працаць так, каб цябе заўважыў сам Прэзідэнт і прапанаваў новую пасаду? Чаму кіраўнік дзяржавы заступіўся за выпускнікоў і чым скончылася «буча» з падлікам балаў на цэнтралізаваным экзамене? Як Лукашэнка адным указам змяніў дзейнасць садоўніцкіх таварыстваў? Пра якія пагрозы беларускі лідар папярэдзіў кіраўнікоў спецслужбаў СНД? І што павінна адбыцца ў сістэме аховы здароўя да новага года? Пра ўсё гэта і шмат іншае ў чарговым выпуску спецпраекта БЕЛТА «Тыдзень Прэзідэнта».
ЛІЧБАВЫ РУБЕЛЬ І РЭЗЕРВОВАЯ ВАЛЮТА. Чаму Лукашэнка хацеў падвучыцца ў Набіулінай?
Рабочы тыдзень кіраўніка дзяржавы пачаўся 29 мая з сустрэчы са старшынёй Цэнтральнага банка Расіі Эльвірай Набіулінай, якая прыбыла ў Мінск для ўдзелу ў пасяджэннях Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі і Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў — членаў ЕАЭС.
Вядомая фраза аб тым, што грошы любяць цішыню, даказала сваю актуальнасць чарговы раз. Субяседнікі былі немнагаслоўныя, асабліва кіраўнік расійскага Цэнтрабанка, і самыя далікатныя фінансавыя пытанні абмеркавалі за закрытымі дзвярамі. Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сустрэчы адзначыў абсалютны аўтарытэт Эльвіры Набіулінай, які прызнаюць нават агульныя ворагі Беларусі і Расіі, і, апелюючы да яе вялізнага вопыту і багажу ведаў, акрэсліў кола пытанняў, якія ўяўляюць цікавасць: лічбавы рубель, дэдаларызацыя, рэзервовая валюта.
«Хацеў бы нечаму падвучыцца, задаць шэраг пытанняў, якія сёння на вуснах у многіх кіраўнікоў дзяржаў. Вы бачыце гэта ў нашых выступленнях. Напэўна, мы шмат гаворым, але калі і разумеем нешта (тыпу рэзервовая валюта і гэтак далей), але не зусім разумеем, калі гэта будзе і як гэта будзе развівацца. Таму такія пытанні мяне больш за ўсё цікавяць. Ваш пункт гледжання, пункт гледжання вашых спецыялістаў», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часта цытуе словы кіраўнікоў Цэнтрабанка Расіі і Нацбанка Беларусі ў гутарцы з лідарамі іншых краін, калі размова ідзе аб стварэнні адзінай валюты.
«Гэта няпросты працэс. І, напэўна, не сённяшняга дня, як мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі», — заявіў Прэзідэнт.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што «некаторыя патрыятычна настроеныя людзі ў Расіі і Беларусі часта ўзнімаюць гэта пытанне». «Я хацеў бы пачуць таксама ваш пункт гледжання на сённяшні дзень. Той даўні пункт гледжання я добра ведаю, — сказаў ён. — Што датычыцца валютнага савета, дзякуй вам вялікі. Вы агульнапрызнаная фігура. Нават нашы ворагі прызнаюць, што Эльвіра Набіуліна вельмі хутка разабралася з пытаннямі эканомікі ў Расіі і валютнымі праблемамі, асабліва ва ўмовах санкцый. Гэта я амаль працытаваў нашых ворагаў. Таму я прасіў бы вас таксама спыніцца на пытанні — шмат аб гэтым гавораць — лічбавага рубля. Што гэта такое, як будзем рухацца ў гэтым напрамку. Але самае галоўнае для мяне — гэта ўсё ж такі рэзервовая валюта».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер адбываецца дэдаларызацыя міжнароднай эканомікі. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся меркаваннем кіраўніка Цэнтрабанка, наколькі глыбока зайшоў гэты працэс. «Зразумела, што з’явяцца новыя рэзервовыя валюты. Я ўвесь час сваіх калег падштурхоўваю, што трэба бегчы, бегчы, бегчы цяпер, каб не адстаць. Вось тут можна бегчы ці ўсё ж такі гэта доўгі працэс?» — удакладніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў Эльвіры Набіулінай разгледзець шэраг іншых пытанняў, якія раней ужо абмяркоўваліся паміж бакамі. «Я з задавальненнем паслухаў бы вас па тых праблемах, якімі жывуць сёння цэнтрабанкі і Беларусі, і Расіі. І калі ёсць якія-небудзь пытанні, вы скажыце, мы будзем працаваць над гэтымі пытаннямі, каб іх зняць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
КАДРАВЫ ДЗЕНЬ. Хто атрымаў новыя партфелі?
Разгляду кадравых пытанняў Прэзідэнт прысвяціў рабочы аўторак, 30 мая. Кіраўнік дзяржавы назначыў Канстанціна Моластава старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, а таксама ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады.
Якая граніца стала шалёнай і навошта там патрэбны моцны кулак?
У размове з новым кіраўніком ДПК Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў падняць службу ў пагранічных войсках на новы ўзровень, чаго патрабуе абстаноўка на граніцы, якая пастаянна ўскладняецца. Бо сёння нават граніца з Украінай стала ўпоравень з «шалёнымі польскай, літоўскай і латвійскай» граніцамі. Важны акцэнт Прэзідэнт зрабіў на рабоце так званага пагранічнага спецназа — Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў (якая, дарэчы, адзначыла 31 мая 30-годдзе свайго ўтварэння). І асобна закрануў пытанне работы з тымі, хто ўжо адслужыў у пагранвойсках. Іх, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба трымаць у тонусе, не ўпускаць з поля зроку і ні ў якім разе не страціць на цывільнай службе, таму што «гэта вельмі дарагія людзі», у якіх укладзена нямала сіл і сродкаў.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што такая асаблівая ўвага з яго боку да рароты ДПК удзяляецца не таму, што сам Прэзідэнт некалі служыў у пагранвойсках. Хоць, з іншага боку, гэта таксама адыгрывае пэўную ролю. «Я звычайным пагранічнікам служыў, гэта значыць я ведаю, што такое граніца. Таму, калі я прыязджаю на граніцу, мяне па закавулках вадзіць не будзеш: я ведаю, куды ісці, ведаю віды пагранічных нарадаў і як яны нясуць службу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Пагранічныя войскі вельмі шмат працавалі апошнім часам. Вельмі шмат даводзілася і з гэтымі нелегаламі працаваць, і забітых мігрантаў нам да гэтага часу выкідваюць цераз граніцу палякі і літоўцы. Але гэта бог з імі разбярэцца. Гэта іх праблемы, не нашы. Але, тым не менш, пагранічную службу — нават на тым узроўні, які ёсць, — трэба ўздымаць вышэй. Нам трэба не забываць вопыт Савецкага Саюза і прыстасоўваць яго да цяперашняй сітуацыі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў кандыдатуры Канстанціна Моластава яго падкупіла тое, што ён доўгі час быў звычайным пагранічнікам і начальнікам пагранзаставы.
«Начальнік пагранічнай заставы — гэта чалавек, які ведае ўсё. А далей ужо ад вашага жадання. Але спакойнага жыцця не будзе. Вы бачыце, што падключылася Украіна — там, дзе мы, пагранічнікі, практычна наогул службу не неслі. Так, злёгку, разумеючы, што гэта нашы родныя людзі. Цяпер Украіна бачыце, якую заняла пазіцыю адносна Беларусі. Пастаянна, пастаянна нагнятаюць сітуацыю. Сёння ўкраінская граніца стала ўпоравень з гэтымі шалёнымі — польскай, літоўскай і латвійскай. Што быць, увогуле, не павінна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў выпрацаваць новыя падыходы да развіцця пагранічных войскаў. Але не адбудоўваць новую сістэму, а ўдасканальваць існуючую. «Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на манеўраныя групы — яны павінны быць у кожным атрадзе. Там, дзе вы вызначыце кропку, павінен быць моцны кулак, якім вы і начальнікі атрадаў або пагранічных груп зможаце ў патрэбны момант скарыстацца для таго, каб перакрыць дзяржаўную граніцу ў выпадку якіх-небудзь надзвычайных сітуацый, нападзення на краіну», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Як праінфармаваў Прэзідэнта Канстанцін Моластаў, работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца.
«Гэту кампаненту нам трэба ўзмацняць. Але гэта ўжо ў цесным кантакце з дзяржсакратаром (Савета бяспекі. — Заўвага БЕЛТА) і Міністэрствам абароны трэба вырашаць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра ранейшага кіраўніка Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоля Лапо, Прэзідэнт адзначыў, што гэта вельмі дасведчаны і талковы чалавек з вялікім вопытам службы. «Сапраўдны ваенны чалавек. Трэба паглядзець. Адпачне крыху — і на службу або на работу», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу новага кіраўніка на Асобную службу актыўных мерапрыемстваў — так званы пагранічны спецназ. «Паглядзіце, як умацаваць яго. Гэта павінен быць вельмі надзейны элемент, якім вы ў любую хвіліну можаце скарыстацца, — падкрэсліў ён. — Я прыкладна ведаю гэта падраздзяленне. Яно сябе добра паказала ў гэтыя часы, асабліва ў часы барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Паглядзіце. Спецпадраздзяленне заўсёды павінна быць падрыхтавана і гатова да дзеяння. Але запомніце, што больш ваеннаслужачых у пагранічныя войскі ніхто накіроўваць не будзе. Нам трэба тымі сіламі скарыстацца, якія ёсць».
Прэзідэнт прапанаваў падумаць над новымі падыходамі і формамі работы. «У нас шмат хлопцаў адслужылі. Пагранічнік ёсць пагранічнік — гэта высокападрыхтаваны і высокамаральны чалавек. Таму трэба заўсёды гэтых людзей бачыць, як, дапусцім, унутраныя войскі МУС і спецпадраздзяленне ў Мар’інай Горцы, сілы хуткага рэагавання. Тых, хто звольніўся, але можа, — у спіс, і гэта тысячы людзей, акрамя мабілізацыі. Павінны быць людзі, якія ў вас будуць праходзіць падрыхтоўку. Яны будуць займацца сваёй справай на цывільнай службе, але вы іх будзеце пару разоў у год прызываць, каб яны ў тонусе былі. Вось такіх людзей нам трэба падрыхтаваць — у пагранвойсках, унутраных войсках, спецпадраздзяленнях у арміі. Гэта вельмі дарагія людзі. Мы ўклалі нямала ў іх, таму іх не трэба страціць», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прыкметная пасада, не апошняя ў кар’еры
Па рашэнні Прэзідэнта былы міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель узгоднены на пасаду мэра Гродна. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, работа на гэтай пасадзе дабавіць спецыялісту вопыту і ведаў, каб прадоўжыць у будучым рух у кар’еры.
«Андрэй Валер’евіч, я, шчыра кажучы, даўно думаў аб тым, каб вам прадаставіць якую-небудзь іншую работу», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Наконт гэтага ў Прэзідэнта, як ён растлумачыў, быў свой пункт гледжання, які адрозніваецца ад пазіцыі некаторых членаў урада. «Я лічу вас вельмі падрыхтаваным чалавекам, памятаю вашы даклады з Віцебскай вобласці. Вы вельмі добра разбіраецеся ў гэтай тэме. І калі паступіла просьба кіраўніцтва Гродзенскай вобласці, там не толькі Каранік папрасіў (старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік. — Заўвага БЕЛТА), я падумаў, што, калі вы згодны, гэта цалкам нармальная пасада, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але, каб вы разумелі, не апошняя. Я вельмі спадзяюся, не апошняя пасада ў вашай кар’еры».
Вопыт кіраўніцтва такім вялікім абласным цэнтрам, як Гродна, будзе карысны для будучых магчымых кар’ерных назначэнняў, спатрэбіцца для работы на іншых дзяржаўных пасадах, падкрэсліў Прэзідэнт. «Вам трэба гэты ўзровень ведаць — абласны або гарадскі, абласнога горада. Гэта вялікі горад — Гродна. Ваш родны горад (вы з Гродзенскай вобласці), гэта таксама вельмі важна».
«Я думаю, што гэта канкрэтная работа дабавіць у вашу скарбонку вопыту, пэўных ведаў і падыходаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Каб вы разумелі, у мяне вельмі добрае стаўленне да вашых падыходаў, вашай работы, якой вы займаліся. Пасада міністра вельмі важнага, але невялікага органа (Міністэрства ЖКГ. — Заўвага БЕЛТА), здавалася б, непрыкметная. Нічога падобнага! Для мяне гэта было прыкметна».
На раёне — усё ваша. Што даручыў Прэзідэнт кіраўнікам на месцах?
Звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Нікому лёгкага жыцця не будзе, вы на перадавой. Нас чакае няпросты час».
Прэзідэнт нагадаў, што ў наступным годзе адбудуцца выбары мясцовых Саветаў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, у новым фармаце пройдзе Усебеларускі народны сход. Гэтыя кампаніі, падкрэсліў ён, трэба правесці сумленна, дастойна, акуратна. «І прэзідэнцкія выбары не за гарамі. Таму рабоце з людзьмі трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
«Пытанняў, якія вас не датычацца, там няма. Школы — вашы, дамы культуры — вашы, спартыўныя аб’екты — вашы, бальніцы (на злобу) — таксама вашы. Каб не атрымалася, як ва Уздзе, па-мойму. На нарадзе я нядаўна сказаў, што камісія праедзе ў тыя бальніцы, дзе ўжо былі. І што вы думаеце? Заехалі ва Узду — а там яшчэ горш, чым было першапачаткова. Гэта нікуды не варта. Таму прыходзьце і кіруйце. У вас — раён, у вас — горад. Самая цікавая ў вас работа. Пачынайце. Кіруйце працэсам. Яшчэ раз гавару: толькі акуратна стаўцеся да людзей, спецыялістаў. З-за пляча не сячыце. Але калі воз не цягне, растлумачыць трэба. Усё павінна быць справядліва, тады менш будзе пакрыўджаных», — адзначыў Прэзідэнт.
«Запомніце: у вас няма не вашых пытанняў у вашым раёне. Усё ваша. Нават калі ў Оршы завод рэспубліканскага падпарадкавання, усё роўна гэта ваша. Кадры, кантроль за іх дзейнасцю — гэта ваша задача. Калі нешта не так, дакладвайце ў Адміністрацыю Прэзідэнта: кадравыя пытанні там варацца. Гляджу — падбор людзей моцных. Вельмі спадзяюся, што і вынік будзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на сітуацыю ў Аршанскім раёне: «Вельмі цікавы горад і раён. Ёсць з чым працаваць. Там і ў сельскай гаспадарцы нядрэнна, але павінна быць рука, арганізацыя. Пра прамысловасць я ўжо не гавару. Орша — цудоўны горад. Расія побач. Усё, што ў Оршы вырабляецца, Расія з рукамі і нагамі гатова купіць».
Звяртаючыся да Ігара Мароза, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што работа на новай пасадзе старшыні Аршанскага райвыканкама з’яўляецца для яго магчымасцю праявіць сябе: «Гэта добры пачатак на вачах у Прэзідэнта. Справішся — значыць, з кар’ерай тваёй усё вызначана».
Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў новага кіраўніка пра спецыфіку работы ў Аршанскім раёне — на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён па-ранейшаму часта бывае і добра інфармаваны аб тым, што адбываецца. «Акуратна да кадраў падыходзіць, не секчы з-за пляча, разабрацца. Але вельмі дакладна праводзіць сваю лінію, не гледзячы на тое, хто там вакол цябе будзе бегаць, — арыентаваў беларускі лідар. — Радзіма Прэзідэнта, там шмат такіх, якія будуць да цябе бегаць. Не звяртай увагі. Дакладней, звяртай, але прымай рашэнні сам».
З-ЗА ЧАГО ПАДНЯЛАСЯ ЦЭЛАЯ БУЧА І ЯК ЛУКАШЭНКА ЎСЁ РАЗРУЛІЎ?
У час кадравых назначэнняў кіраўнік дзяржавы выказаўся на вельмі злабадзённую тэму, з-за якой паднялася «цэлая буча». Прэзідэнт пракаменціраваў сітуацыю з цэнтралізаваным экзаменам і раскрытыкаваў сістэму падліку балаў.
Справа ў тым, што пасля правядзення ЦЭ па беларускай і рускай мовах сталі паступаць шматлікія звароты ад дзяцей і бацькоў з просьбай растлумачыць, чаму атрыманы менавіта такі бал, чаму ў некаторых выпадках ён ніжэйшы, чым у час рэпетыцыйнага экзамену.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сістэма правядзення ЦЭ і падліку балаў павінна быць звычайнай і зразумелай.
Цэлую бучу ўзнялі пасля адзінага цэнтралізаванага экзамену. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп’ютары. Каму гэта трэба? Па-мойму, мы паступалі: ведаеш — тройка, вельмі добра ведаеш — чацвёрка, вельмі-вельмі добра — выдатна. А тут нейкія балы на камп’ютары вылічвалі», — адзначыў Прэзідэнт.
«Трэба рабіць звычайную, зразумелую сістэму. І на наступным тыдні трэба зноў да гэтага вярнуцца. Сем’і кантралююць паступленне сваіх дзяцей, і гэта зразумела. Але яны не разумеюць, чаго мы хочам ад гэтых дзяцей. І, самае галоўнае, пішуць мне, што цяперашні экзамен «паказаў сваю ідэнтычнасць» з мінулымі двума гадамі, калі яны ў школе здавалі экзамены. Дык навошта мы гэту катавасію тады стварылі?» — запатрабаваў разабрацца з узніклымі праблемамі Прэзідэнт.
Унікнуць у кожную скаргу і ўсё растлумачыць. Што даручыў Лукашэнка?
Як паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача праверыць арганізацыю цэнтралізаваных экзаменаў, якія прайшлі ў маі ва ўсіх сярэдніх навучальных установах краіны, унікнуць у гэты працэс, удакладніць атрыманыя рэзультаты.
Работа, паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі, будзе весціся па двух асноўных напрамках. «Усе скаргі будуць разгледжаны. Усім бацькам, усім старшакласнікам будзе растлумачана, у кожную скаргу ўважліва ўнікнем. Гэта з аднаго боку. З другога боку, паглядзім на арганізацыю работы непасрэдна Міністэрствам адукацыі, наколькі ўсё справядліва, наколькі методыка, што выкарыстоўвалася і зацверджана Міністэрствам адукацыі, адпавядае сённяшнім патрабаванням, якія прад’яўляюцца, ці ёсць там парушэнні», — падкрэсліў Ігар Сергяенка. Ён таксама звярнуў увагу, што тэсты максімальна былі складзены на аснове вучэбных праграм.
«Прэзідэнт унікае ў гэту тэму, і пастаўлена задача ў жорсткія, кароткія тэрміны разабрацца па кожным звароце, кожнай заяве справядліва і аб’ектыўна. Мы над гэтым будзем працаваць у бліжэйшыя дні», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка.
Чым усё завяршылася і ці пералічаць балы па ЦЭ?
У выніку 30 мая была сфарміравана міжведамасная камісія для праверкі карэктнасці апрацоўкі рэзультатаў першага цэнтралізаванага экзамену. У яе склад увайшлі матэматыкі, інфарматыкі, спецыялісты ў галіне статыстычнай апрацоўкі рэзультатаў, лепшыя вучоныя ўстаноў не толькі вышэйшай адукацыі, але і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
Па выніках яе работы 2 чэрвеня Міністэрства адукацыі паведаміла, што вынікі першага цэнтралізаванага экзамену пералічаць па новай методыцы, балы будуць абнародаваны 2 чэрвеня.
«Вынікі праверкі паказалі, што памылак няма, у тым ліку і ў методыцы разліку тэставых балаў. Разам з тым па колькасці зваротаў, якія да нас паступілі ад грамадзян, стала відавочна, што методыка вельмі складаная. Таму Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам дадзена канкрэтнае даручэнне — спрасціць методыку разліку і зрабіць яе зразумелай для кожнага чалавека. Міністэрствам адукацыі такая работа праведзена, у яе распрацоўцы выкарыстоўваліся падыходы, якія прымяняліся пры правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання. Ужо сёння будуць пералічаны вынікі першага цэнтралізаванага экзамену і сёння ж размешчаны на сайце РІКВ, а таксама ў асабістых кабінетах абітурыентаў. Вынікі другога ЦЭ таксама будуць разлічаны па гэтай жа методыцы, іх можна будзе даведацца ў панядзелак», — растлумачыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
АБ ЧЫМ ЛУКАШЭНКУ ДАЛАЖЫЎ КІРАЎНІК ЯГО СЛУЖБЫ БЯСПЕКІ?
У той жа дзень, 30 мая, кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам начальніка Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрыя Шахраева.
Прэзідэнту было даложана аб бягучых пытаннях дзейнасці, а таксама аб планах па далейшым удасканаленні работы Службы бяспекі.
АД ЖЫЦЦЯ І ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ. Комплексны ўказ аб садоўніцкіх таварыствах
У сераду, 31 мая, стала вядома аб тым, што кіраўнік дзяржавы падпісаў указ нумар 155 «Аб садоўніцкіх таварыствах». Дакумент комплексны і доўгачаканы, якім урэгуляваны многія пытанні, што ўзнімаліся на месцах, з’явіліся з улікам практыкі дзейнасці садоўніцкіх таварыстваў. Указам спрошчана вырашэнне многіх пытанняў, якія датычыліся ўнутранай арганізацыі СТ, удасканалены падыходы да іх знешняга кіравання, стварэння ўмоў для развіцця іх інфраструктуры, навядзення парадку на тэрыторыях.
Указам уводзіцца магчымасць перадачы на баланс дзяржаўных энергазабеспячальных арганізацый высакавольтных электрасетак таварыстваў па фактычным стане незалежна ад тэрміну іх уводу ў эксплуатацыю.
Прадугледжваецца таксама парадак перадачы ўнутраных сетак з далейшым заключэннем прамых дагавораў электразабеспячэння з грамадзянамі — членамі таварыстваў. Такая перадача будзе ажыццяўляцца пры ўмове знаходжання электрасетак у тэхнічна спраўным стане і ўстаноўкі (наяўнасці) вынасных прыбораў уліку расходу электраэнергіі.
Прыём у дзяржаўную ўласнасць электрычных сетак таварыстваў дасць магчымасць забяспечыць іх надзейную і бяспечную эксплуатацыю за кошт якаснага абслугоўвання спецыялізаванымі арганізацыямі, а члены таварыстваў змогуць прымяняць тарыф на спажываемую электраэнергію як для жыллёвага фонду.
З улікам практыкі правапрымянення, а таксама меркавання грамадзян зменены падыходы да фарміравання памераў членскіх узносаў. Існуючыя нормы аб іх спагнанні незалежна ад памераў зямельных участкаў скарэкціраваны. Указам прадастаўлена права агульным сходам садоўніцкіх таварыстваў самастойна прымаць рашэнні па гэтых пытаннях.
Зыходзячы з запытаў на месцах і зваротаў грамадзян, а таксама грамадскага меркавання аб павышэнні ролі дзяржавы ў сферы кантролю за дзейнасцю садоўніцкіх таварыстваў, указам мясцовыя органы ўлады надзяляюцца правам назначаць старшыню праўлення таварыства ў выпадку яго працяглай адсутнасці, а таксама асобнымі паўнамоцтвамі па бягучым кіраванні таварыствамі (напрыклад, патрабаваць правядзення пазачарговага агульнага сходу).
Для садоўніцкіх таварыстваў уводзіцца магчымасць атрымліваць у мясцовым выканкаме (на бязвыплатнай аснове) інфармацыю аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, аб дзяржаўнай рэгістрацыі пераходу правоў на зямельныя ўчасткі або долей у праве на іх. Гэта будзе садзейнічаць вядзенню актуальнага ўліку членаў таварыстваў, рэалізацыі іх правоў і абавязкаў, выкананню правіл унутранага распарадку, статута таварыства, выплаце ўзносаў, зямельнага падатку, падатку на нерухомую маёмасць і да т.п.
Акрамя таго, дакументам вызначаны парадак прыняцця членамі таварыства рашэння аб уключэнні яго тэрыторыі ў мяжу населенага пункта або ўтварэння на яго базе населенага пункта.
Урэгуляваны пытанні, звязаныя з паступленнем у камунальную ўласнасць безгаспадарных садовых домікаў, а таксама адлюстраваны асаблівасці адчужэння садовых домікаў (долей у праве на іх), прызнаных безгаспадарнымі або вымарачнай спадчынай. Таксама ўрэгуляваны пытанні членства ў таварыствах асоб, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі долевай уласнасці, пажыццёвага валодання або арэнды зямельнага ўчастка (у выпадку атрымання ў спадчыну або пераходу правоў на зямельны ўчастак у долях).
Указам уведзена магчымасць прыцягнення аўдытарскай арганізацыі або аўдытара для ўнутранага кантролю за дзейнасцю таварыства. Пашыраны і канкрэтызаваны пералік дакументаў, з якімі могуць знаёміцца члены таварыства (са статутам, каштарысамі даходаў і расходаў, справаздачамі старшыні праўлення і рэвізійнай камісіі, пратаколамі агульных сходаў (сходаў упаўнаважаных), іншымі дакументамі таварыства).
Устаноўлены дадатковыя меры для навядзення парадку на тэрыторыі таварыстваў (у прыватнасці, правядзенне інвентарызацыі ўчасткаў не радзей за адзін раз у тры гады).
Указ уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання. Указ ад 28 студзеня 2008 года нумар 50 «Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садоўніцкіх таварыстваў», які рэгламентуе цяпер гэтыя пытанні, адпаведна, прызнаецца страціўшым сілу.