Ноч — не зусім прыдатны час для прагулак, асабліва што датычыцца падлеткаў. Аднак на вуліцах нашага горада ўсё роўна можна сустрэць юнакоў і дзяўчат, якія на першы погляд дарослыя, але па ўзросту — непаўналетнія. Аднак, гуляюць у позні час без суправаджэння дарослых. Гэта значыць, што адсутнічае кантроль з боку бацькоў.
Згодна з артыкулам 10.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, невыкананне бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па суправаджэнні непаўналетняга ва ўзросце да шаснаццаці гадоў або па забеспячэнні яго суправаджэння паўналетняй асобай у перыяд з 23.00 да 6.00 па-за жыллём цягне накладанне штрафу.
Каб даведацца, наколькі вострая гэтая праблема ў нашым раёне, колькі падобных выпадкаў было зафіксавана на працягу бягучага года і якія меры прафілактыкі прымяняюцца для таго, каб знізіць гэты паказчык, мы паразмаўлялі з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ірынай Грышкевіч.
— У гэтым годзе выяўлена 20 выпадкаў знаходжання дзяцей ва ўзросте да 16 гадоў на вуліцы без суправаджэння дарослых у перыяд з 23 да 6 гадзін раніцы. У першы раз бацькі вызваляюцца ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання. Супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутранных спраў з бацькамі праводзіцца гутарка і абавязкова тлумачыцца адказнасць за правапарушэнне. Пры паўторным жа факце знаходжання дзяцей да 16 гадоў на вуліцы ў начны час без суправаджэння дарослых складаецца адміністрацыйны пратакол, які разглядаецца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, на бацькоў, якія не выканалі абавязкі па суправаджэнні сваіх дзяцей, накладаецца штраф у памеры да 2 базавых велічынь. Акрамя таго, у аддзел па адукацыі райвыканкама паступае інфармацыя аб неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15.01.2019 № 22 «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы» установай адукацыі, у якой вучыцца дзіця, праводзіцца сацыяльнае расследаванне на прадмет выяўлення крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча. Камісіяй па справах непаўналетніх сумесна з аддзеламі па адукацыі і ўнутраных спраў райвыканкама праводзяцца прафілактычныя гутаркі з бацькамі падчас сходаў і сустрэч, дзе мы расказваем аб неабходнасці кантролю за дзецьмі і наступствах, якія могуць іх чакаць. Нагадваем бацькам, што начны час — вельмі небяспечны як для дарослых, так і для дзяцей. У гэты перыяд падлеткі часцей за ўсё ўчыняюць злачынствы і правапарушэнні. Сёлета падлеткамі ў начны час учынена два злачынствы, што больш, чым у папярэднім годзе. Таксама супрацьпраўныя дзеянні могуць здзяйсняцца і супраць непаўналетніх дзяцей. У 2024 годзе толькі па фактах палавой недакральнасці або палавой свабоды непаўналетнімі пацярпелымі стала болей за 20 дзяцей, — адзначыла Ірына Аляксандраўна.
Можна вельмі доўга разважаць на гэтую тэму, але відавочна, што прагулкі ў начны час не для падлеткаў. Гэта дрэнна ўплывае ў тым ліку і на іх вучобу. Апроч таго, яшчэ і ў бацькоў могуць з-за гэтага з’явіцца праблемы, ды і рэпутацыя ўсёй сям’і будзе толькі сапсавана. Таму лепш гуляць у дзённы і вячэрні час сутак, і ў саміх праблем не будзе, і ў бацькоў нервы застануцца на месцы!
Руслан Басак