Суббота, 18 января 2025

Наш рэпартаж. Падкормка і хімпраполка ў ААТ «Мурава»

334

Сеем, убіраем, праполваем, падкормліваем… Займаемся тым, што добра ўмеем, можам выканаць любую работу з закрытымі вачыма. І, нягледзячы на тую акалічнасць, што нехта называе працу на зямлі аднастайнай, любім свае прыгожыя палеткі, укладваем душу ў сваю работу, ведаем цану кожнаму зярнятку.
Такія словы можна было б пачуць ад працаўнікоў вёскі, але цяпер ім не для размоў, працаваць трэба: рыхтаваць кармы, праводзіць сяўбу яравых культур, даглядаць усходы. А ўжо не за гарамі і ўборка…

І працуюць, шчыра і сумленна. Напрыклад, на Пружаншчыне на дадзены момант актыўна праводзяцца такія сельгасработы, як падкормка і хімпраполка. Што ў будучым дасць большае спадзяванне на багаты ўраджай.

Увага царыцы палёў як незаменнаму корму для буйной рагатай жывёлы. На панядзелак бягучага тыдня гаспадаркі раёна пры плане ў 6544 га падкармілі яе азотнымі ўгнаеннямі (карбамідам) на 29%. У ААТ «Мурава» таксама актыўна ўзяліся за падкормку кукурузы. І не спантанна. Справа ў тым, па словах галоўнага агранома сельгаставарыства Юрыя Гарустовіча, што апошнія спорныя дажды спрыяюць добраму засвойванню азоту раслінамі. А гэта актыўны рост той жа кукурузы, на працягу якога яна паўнацэнна развіваецца. У гаспадарцы вырашылі: калі ўсё так добра складваецца, то патрэбна падкарміць усё і адразу. Што да нормы ўнясення, то расходуецца 60 кг дзеючага рэчыва на 1 га. І гледзячы, як зладжана і хутка вялася падкормка царыцы палёў каля хутара Янаўшчызна, будзем спадзявацца, што ўсе 730 га хутка будуць угноены азотам.

Цукровыя буракі патрабуюць не менш увагі. І ў ААТ «Мурава» пра гэта не забываюць. Ужо праводзіцца трэцяя хімпраполка караняплода ад пустазелля. Выкарыстоўваюцца мікраэлементы з утрыманнем бору і марганцу, якія станоўча ўплываюць на развіццё караняплода. Перавагу ў гаспадарцы аддаюць гербіцыдам «Бетанал Макс Про» і «ГОЛЦІКС», прэпарату «Лакаль». Работа праводзіцца апырсквальнікам «BERTHOUD» у разліку па адным літры бору і марганцу на 1 га, рампы якога раскладаюцца на 24 метры — такая шырыня ахопу хімпраполкі ў адзін бок. Як адзначыў аграном па абароне раслін сельгаставарыства Міхаіл Семаковіч, праз тыдні тры праполюць буракі яшчэ адзін раз. Пакуль лісце караняплодаў не пакрыла міжраддзе і не схавала пустазелле, гэта будзе апраўдана. Няхай жа растуць вялікія і салодкія цукровыя буракі на 250 га ў ААТ «Мурава».

Няважна, якую работу ты выконваеш. Куды большае значэнне мае тое, як ты адносішся да сваіх працоўных абавязкаў. ААТ «Мурава» пашанцавала на адказных працаўнікоў, таму і работа выконваецца ў час і сумленна.

Вадзім Раўнейка