Воскресенье, 6 октября 2024

Падчас акцыі «Тыдзень лесу» работнікі райвыканкама высадзілі сосны і бярозкі

419

«Заўсёды будзем з лесам!» – такую сцвярджальную думку выказаў дырэктар ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Віктар Карніенка пра акцыю «Тыдзень лесу», якая праводзіцца па ўсёй Беларусі.

Гутарылі мы з ім у пятніцу 7 красавіка падчас працоўнага дэсанта работнікаў райвыканкама, якія  высаджвалі сосны і бярозкі на адведзенай дзялянцы.

– Такая штогадовая акцыя праводзіцца ў краіне ўжо шаснаццаты раз, – расказвае Віктар Віктаравіч. – Мэта – прыцягнуць насельніцтва да акцыі, каб людзі разумелі, што лясы ў нас адраджаюцца і будуць заўсёды. Аб гэтым павінны клапаціцца не толькі супрацоўнікі лясгасаў, ахоўнікі прыроды, а кожны жыхар нашай Беларусі. Лясамі пакрыта каля 40 працэнтаў нашай краіны, Пружаншчына – на 44 працэнты. Наш раён набліжаецца да ідэальнай лясістасці, якая складае 46-50 працэнтаў. Мяне часта пытаюць: ці не высячэм мы ўвесь лес? Спяшаюся запэўніць: не. Мы ўсе высечаныя ўчасткі аднаўляем і спыняцца на гэтым не будзем. Акрамя таго, мы выкарыстоўваем пад пасадкі і землі, якія не карыстаюцца попытам ў сельскай гаспадарцы, а пад лес – самае то.

Віктар Карніенка падзякаваў за дапамогу ў высадцы лесу ўсім нераўнадушным грамадзянам. Як паведаміў Віктар Віктаравіч, у лясной гаспадарцы Пружанскага раёна працуе 367 чалавек. Такой колькасцю з папаўненнем ляснога фонду, а гэта 91 тысяча пасадачных гектараў, не справіцца. На дапамогу прыходзяць работнікі прадпрыемстваў, арганізацый, сельвыканкамаў раёна. А гэта вялікая справа.

Падчас нашай размовы дырэктар лясной гаспадаркі заклікаў не пакідаць смецце ў лесе пасля адпачынку, прыбіраць за сабой і не пашкоджваць расліны. За гэта зялёны сябра аддзячыць здароўем, бадзёрасцю, прыгажосцю.

Спытаў у Віктара Віктаравіча аб тым, ці прыняліся дрэўцы, якія высаджваюцца штогод.

– Мы праводзім маніторынг. Быў адзін момант сямігадовай даўнасці, калі прыйшлося спісаць 260 гектараў насаджэнняў. Але гэта не з-за непрыжывальнасці, а з-за вялікай колькасці звяроў, у прыватнасці аленяў, якія вытоптваюць маленькія раслінкі. Давялося ў наступныя гады рабіць агароджванне пасадак як дротам, так і адходамі перапрацоўкі драўніны. Гэта прынесла свае станоўчыя вынікі. Мы сталі зберагаць расліны.

Адметна, што саджанцы, якія ідуць на аднаўленне лясной гаспадаркі, у асноўным вырошчваюцца ў нас, а тое, чаго не хапае, бяруць у суседзяў.

У гэты дзень мы высадзілі немалую колькасць саджанцаў. Што цікава, недалёка ад гэтай пасадкі была мінулагодняя, якую таксама аднаўлялі работнікі райвыканкама. Дрэўцы там прыняліся. Было вельмі прыемна, што з нашай невялікай дапамогай на гэтым месцы ў будучым будзе шумець пружанскі лес.

Віктар Ільюшчанка