
Кожны з нас па-рознаму ставіцца да халоднай пары года — зімы. Ёсць такія, хто чакае з нецярпеннем з’яўлення снегу і любуецца казачнымі пейзажамі прыроды, а ёсць і тыя, хто марыць, каб халады хутчэй прайшлі. Але ж варта прызнаць, што менавіта зіма дорыць усім мноства нагод для сустрэч з самымі роднымі і блізкімі, бо напоўнена вялікай колькасцю цёплых, прыгожых і сямейных свят. І іх, думаецца, чакаюць і фанаты, і праціўнікі халоднай пары. А яшчэ калядны і навагодні час напоўнены шматлікімі дабрачыннымі акцыямі, якія ахопліваюць літаральна ўсе куточкі Пружаншчыны і, канечне, дораць свята дзецям.

Не выключэнне ў гэтым плане і Ружаншчына. Шмат гадоў запар тут праводзяцца акцыі «Нашы дзеці» і «У новы год — з «Белай Руссю». Напрыканцы 2022-га, як расказвае старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская, фармат апошняй крыху змянілі.
— Тады да нас упершыню далучыліся члены пярвічкі «Белай Русі» Ружанскага сельвыканкама — яны ж работнікі санаторыя «Ружанскі». Яны ж — Дзед Мароз са Снягуркай! Самыя сапраўдныя, з «Ружа Хутара» — радзімы беларускай Снягурачкі. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі спадабалася такая ініцыятыва. Таму і на гэты раз прадстаўнікі пярвічкі, а з імі традыцыйна служачыя 210-га авіяцыйнага палігона разам з казачнымі чараўнікамі адправіліся віншаваць дзетак, — дзеліцца Аксана Уладзіміраўна.

Адрасатамі дабрачыннай акцыі сталі тыя дзеці, якім часам даводзілася сустракаць Новы год у бальніцы. Так, яны маюць праблемы са здароўем, але не перастаюць верыць у цуды, Дзеда Мароза і Снягурку і заўсёды чакаюць ужо дарагіх і любімых гасцей. Як, напрыклад, Маша Вішнявецкая з Ружан. Дзяўчынка падрыхтавалася да сустрэчы з казачнымі персанажамі і прачытала верш, а падтрымаў дачку тата Алег.

Марыя — вучаніца 7-га класа Ружанскай СШ. І, што цікава, класным кіраўніком дзяўчыны з’яўляецца… мама Вольга Мікалаеўна. Маша прызналася, што гэта вельмі адказна, але і цяжка. У той жа час у школе яны — настаўніца і вучаніца, а вось дома — мама і дачка, і самая надзейная падтрымка адна для адной. Брат Арсеній — ужо студэнт, навучаецца на 2-м курсе ў БДУІРы. Навагоднія і калядныя святы сям’я любіць сустракаць разам за вялікім сталом. У кампаніі мамы і таты, сына і дачкі сустрэў 2024-ы і дзядуля Мікалай, які хутка адсвяткуе 80-гадовы юбілей, а на зіму традыцыйна перабіраецца з Кавалёў да дзяцей у Ружаны. Чым вам не прыклад дабрыні і клопату адзін пра аднаго ў сям’і?

А вось маленькая Даша Кузьміцкая, для якой гэты навучальны год стаў першым, у сілу хваробы асвойвае школьную навуку дома. Кажа, што вучыцца падабаецца, а ў вольны час любіць пасядзець над размалёўкамі. Любімыя з іх — выявы прынцэс і домікаў. У марах — навучыцца вышываць, як мама Святлана Анатольеўна. Адно ж з галоўных жаданняў — быць здаровай. Як брат Саша, васьмікласнік Ружанскай СШ, які захапляецца футболам і нават мае ўласны куток з узнагародамі. У сям’і вераць, што змогуць пераадолець усе цяжкасці. Разам. І, канечне, з Божай дапамогай. Вялікая колькасць абразоў у доме — таму пацвярджэнне.

Сябруюць у сям’і і з нашай газетай. Яўгенія Андрэеўна, якая 40 гадоў аддала працы ў «Ружаны-Агра», калі даведалася, што перад ёй журналісты, вельмі цёпла адзывалася пра наша выданне. Расказала, што з’яўляецца шматгадовым падпісчыкам, вельмі любіць навіны пра сельскую гаспадарку, з задавальненнем чытае «Фазэнду».
— Кожную сераду і суботу вельмі чакаю. Спачатку праглядаю ўсе старонкі, а ўжо ўвечары чытаю больш падрабязна. Падпісалася на квартал, як раблю гэта заўсёды. І ў конкурсе абавязкова будзем удзельнічаць! Не атрымалася выйграць бычка — хто ведае, можа, на гэты раз усміхнецца ўдача? — разважае Яўгенія Андрэеўна, жадаючы нам моцнага здароўя і дабрабыту і вельмі цёпла разам з Дашай і Сашам развітваючыся з карэспандэнтамі.

У вёсцы Паўлава нас сустрэў другакласнік Ружанскай школы Паша Густыр разам з братам Дзянісам. Апошні — ужо студэнт 1-га курса Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, асвойвае прафесію слесара-вадзіцеля. Можна сказаць, пайшоў па шляху бацькі Мікалая Васільевіча, які працуе ў ААТ «Ружаны-Агра» майстрам-наладчыкам і прозвішча якога абавязкова ўспомняць чытачы, якія цікавяцца аграрнымі навінамі. Усё таму, што ў час жніва Мікалай Густыр неаднойчы станавіўся тысячнікам, працуючы на адным экіпажы з братам Аляксандрам. Мама Таццяна Васільеўна таксама шчыруе ў гаспадарцы. Куды пойдзе працаваць адрасат віншаванняў Паша, казаць пакуль рана. Магчыма, таксама ў сельскую гаспадарку. Хлопчык любіць тэхніку і ў свабодныя мінуты з задавальненнем збірае LEGO.

Хлопцы расказалі, што добрыя чараўнікі з падарункамі прыязджаюць да іх штогод, і гэта заўсёды вельмі прыемна. Браты чакаюць цудаў і навагодніх свят, якія любяць праводзіць у сямейным коле — ці ва ўласным доме, з мноствам гасцей, ці самі едуць у госці да сваякоў мамы і таты. І гэта ўжо добрая традыцыя Густыроў.

Як і акцыя ад «Белай Русі». Па словах Аксаны Юркоўскай, яна абавязкова будзе працягвацца. У гэты дзень наведалі яшчэ 8 адрасоў. Кожнаму з іх уручылі падарункі ад Пружанскага райвыканкама, РГА «Белая Русь» і 210-га авіяцыйнага палігона. Арганізатары акцыі і Дзед Мароз са Снягуркай жадалі кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы моцнага здароўя, развіцця талентаў, добрай вучобы і выбару вернага жыццёвага шляху. І, безумоўна, сіл, настойлівасці і веры, якія абавязкова дапамогуць пераадолець усе жыццёвыя цяжкасці.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік