Нават пры такой значнай напружанасці працоўных будняў у аддзяленні «хуткай медыцынскай дапамогі» фельчар Вольга Кардзіс не прамінае чарговую здачу крыві. Яна, як і многія медыкі, донар. І для мамы траіх дзяцей сёлетні Дзень маці падрыхтаваў асаблівы падарунак.

— 14 кастрычніка нічога не прадвяшчала асаблівых сюрпрызаў, — усміхаецца жанчына. — З раніцы я праходзіла ўжо традыцыйную для мяне працэдуру забору крыві на плазму. Пасля яе старшая медсястра папрасіла затрымацца. Якое ж было маё здзіўленне, калі мне нечакана ўручылі… пасведчанне і знак “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”. Гэта, прызнацца, было вельмі кранальна. Я ніколі не лічыла, колькі разоў ужо здавала кроў. Выконваючы ўсе правілы, проста ішла… не раздумваючы. Я медык і не па чутках ведаю, што донарская кроў заўсёды камусьці патрэбна, можа здарыцца бяда, калі яе не хапае. Да таго ж, донарствам я дапамагаю не толькі людзям, але і сама сабе: у арганізме больш хутка абнаўляецца кроў, а гэта значна паляпшае агульны стан здароўя.

Як адзначае загадчык аддзялення трансфузіялогіі Іван Іванавіч Сямашка, у другім паўгоддзі 2021 г. у раёне знакам «Ганаровы донар» было адзначана дзевяць чалавек (пяць мужчын і чатыры жанчыны), якія зрабілі ўжо не менш за 40 данацый крыві і па 80 данацый плазмы. Пасведчанне і медаль у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй уручалі кожнаму паасобку і ў розныя дні. Вольгу Кардзіс узнагарода знайшла ў святы дзень Пакрова Багародзіцы і Дзень маці.
— Донары — гэта сапраўды героі, — падагульняе Іван Іванавіч. — Людзі з вялікім і шчодрым сэрцам. Яны дораць часцінку сябе тым, хто мае патрэбу, і гэтым дапамагаюць ратаваць людзей. Магчыма, камусьці здаецца, што ў кожнай бальніцы ёсць бяздонны “калодзеж”, адкуль мы чэрпаем запасы крыві. Але гэта не так. Таму шчыра запрашаем людзей да ганаровай донарскай місіі. Спяшайцеся дарыць людзям надзею!
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік