Яшчэ адно новае месца для адпачынку і цікавага баўлення часу з’явілася ў маленькіх пружанцаў. Цяпер насупраць фірменнага магазіна «Верас» Пружанскага малочнага камбіната, што на Палескай, 5, — сучасная гульнявая пляцоўка.

Такі падарунак прадпрыемства зрабіла маленькім гараджанам і гасцям Пружан акурат у іх свята — Міжнародны Дзень абароны дзяцей.

Сімвалічную чырвоную стужку падчас урачыстага адкрыцця перарэзалі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандр Лось. У сваім звароце Міхаіл Міхайлавіч павіншаваў усіх з Днём абароны дзяцей, выказаў словы падзякі камбінату за сучасны аб’ект і запэўніў, што мясцовыя ўлады заўсёды будуць падтрымліваць цікавыя ідэі. Цёплыя словы гучалі і ад Аляксандра Эдмундавіча, дырэктара буйнога і аднаго з самых вядомых прадпрыемстваў раёна і вобласці.

З нагоды адкрыцця аб’екта 1 чэрвеня зладзілі сапраўднае свята з песнямі і танцамі ад салістаў і ўдзельнікаў эстраднай студыі «Амялі» Палаца культуры, гульнямі з персанажамі мультфільмаў, у ролі якіх выступілі работнікі гэтай жа культурнай установы. Працавала інтэрактыўная пляцоўка ад РАНС, а ўсе жадаючыя маглі пачаставацца навінкай ад ААТ «Пружанскі малочны камбінат» — мяккім марожаным.

Уявіць сябе пасажырам паравозіка, пакатацца на горцы, нават згуляць у футбол і не толькі Пружанскі малочны камбінат ад душы запрашае ўсіх дзетак і, вядома, віншуе іх з надыходам лета і канікул.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Больш фота: https://vk.com/album-23306785_293459039 і https://ok.ru/budni/album/962130161032