Вам надакучылі шэрыя маркотныя будні? Тады бярыце сям’ю — і гайда падарожнічаць!
Шмат выбітных месцаў ёсць непадалёк ад нас, на Брэстчыне. А калі вы лічыце, што першы рэгіён аб‘ездзілі ўздоўж і ўпоперак, накіруйцеся ў суседнюю Гродзенскую вобласць.
Тут безліч славутасцяў, і адна з іх знаходзіцца ў г. Масты. Гэта самы доўгі ў Беларусі пешаходны падвясны мост даўжынёй 193,3 метра і шырынёй усяго ў паўтара метра. Пабудаваны ён быў у 1972 годзе і злучыў дзве часткі населенага пункта, раздзеленага ракой Нёман.
Да з’яўлення падвяснога моста гараджане перапраўляліся праз Нёман з дапамогай лодак і моста пантоннага (плывучага), што, без сумнення, не так зручна, як стацыянарная канструкцыя.
За паўстагоддзя мост перажыў ужо некалькі рэканструкцый: у 90-х гадах, 2002-м і ў 2019-м — і стаў менш хісткім, чым першапачаткова.
Цяпер падвясны мост — гэта не толькі зручная переправа з берага на бераг, але і візітная картка горада. Вабіць ён не толькі турыстаў: мясцовыя жыхары з вялікім задавальненнем шпацыруюць па ім, любуючыся першымі прамянямі сонца.
Від з моста на раку Нёман проста зачароўвае. Прыехаўшы сюды, вы абавязкова знойдзеце сваё натхненне ці проста зарадзіцеся дадатковай энергіяй.
Кацярына Масік. Фота аўтара