Многія любяць падарожнічаць, наша сям’я не выключэнне. Мы любім спазнаваць нешта новае, а таксама вучыць гісторыю не толькі па кнігах. Хочацца дакранацца да мінулага позіркам і душой — і толькі вандроўкі даюць такую магчымасць.
Жаданне зазірнуць у глыбіні мінулага ёсць ці не ў кожным з нас. З юнацтва мы зачытваемся раманамі пра сярэднявечча, уяўляем сябе адважнымі рыцарамі або іх рамантычнымі дамамі сэрца.
Але кнігі — гэта адно, і зусім іншае — убачыць на свае вочы рыцарскі бой, стаць вучнем ваяўнічай дзяўчыны-лучніцы, захапіцца майстэрствам рамеснікаў, танчыць пад старадаўнюю музыку. Усё гэта стала для нас магчымым на фэсце сярэдневяковай культуры і музыкі “Мой Грунвальд”, які нядаўна прайшоў на тэрыторыі музейнага комплексу старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”.
Мы нібыта апынуліся ў іншым вымярэнні. Адразу каля брамы гасцінна сустракалі гаспадары фестывалю ў сярэдневяковых уборах. А хрыплы ваяўнічы покліч вядучага запрашаў стаць сведкамі рыцарскага бою. Звон мячоў, скрыжаваных у баі, аглушаў, свіст гарматных снарадаў разразаў паветра. Рыцары ў даспехах мужна адстойвалі свае пазіцыі, і гледачы падбадзёрвалі іх крыкамі.
Гэта была рэканструкцыя самай маштабнай бітвы сярэдневяковай Еўропы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 г. паміж войскамі Тэўтонскага ордэна з аднаго боку і саюзнікамі Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім з другога. Публіка захаплялася ўбачаным…
Вакол кіпеў гандаль. Хто прытаміўся ад насычаных відовішчаў, мог папіць гарбаты з разынкамі, мелісай, шалфеем, шыпшынай, пакаштаваць глінтвейн, медавуху ці хатні квас. А той, хто адчуваў у сабе “волатаўскую сілу”, ішоў знаёміцца з устройствам самагоннага апарата з наступнай дэгустацыяй хмельнага напою.
Прыцягвалі і латкі з сувенірамі. Прадаўцы ў касцюмах той эпохі зазывалі пакупнікоў, хвалілі свой тавар і, як належыць гандлярам, хітрылі, завышаючы цэны.
Я проста ўлюбілася ў маладых людзей, якія, узяўшыся за рукі, танцавалі пад гукі дуды, скрыпкі і барабана. Народны маладзёжны калектыў уразіў цудоўным выкананнем — ногі самі прытупвалі ў рытм мелодыі.
Але жаданне ўбачыць усе лакацыі фестывалю перамагло прагу да танцаў. Атрымліваючы асалоду ад рытмаў старажытных мелодый, мы пайшлі па алеі майстроў. Кожны павільён быў аддадзены пад адзін з відаў народных промыслаў: ганчарства, ткацтва, саломапляценне, бортніцтва, кавальскую справу, пякарскае майстэрства, сыраварню, дрэваапрацоўку. Тут не толькі можна было набыць сувеніры, але і паспрабаваць сябе ў ролі вучня таго ці іншага майстра.
У прыватнасці, шмат жадаючых было зрабіць уласную падкову на шчасце. Каваль па-майстэрску ўводзіў гледачоў у тонкасці сваёй справы, даваў магчымасць прайсці ўсе этапы вытворчасці. Молат у руках прафесіянала ўзлятаў, нібы цацачны, а вось “кавалі-пачаткоўцы” адчулі яго цяжар з першага ўдару. Але мужчыны годна стараліся заявіць пра сябе перад сваімі жанчынамі, якія глядзелі на іх з захапленнем.
Вельмі ўразілі і вырабы з саломы: здавалася, вельмі просты матэрыял, а якое хараство атрымліваецца! Вазачкі, кошыкі, скарбонкі, павукі, нават конь ростам з пяцігадовае дзіця… Маю ўвагу прыцягнула ёлка, упрыгожаная цацкамі-абярэгамі з саломы, — арыгінальна, неардынарна, эстэтычна і нават крышачку містычна. А дзяцей захапілі свістулькі і вырабы з дрэва, а яшчэ яны ўважліва разглядалі вулей пад шклом, кармілі коней, лічылі плямкі на спінках аленяў і былі ўражаны вялікімі памерамі дзікоў.
Сонца плаўна плыло за гарызонт, вячэрняя прахалода накідвала на наваколле вэлюм расы, толькі стомлены молат каваля працягваў пастукваць па кавадле…
Стаміліся і ваяры. Але госці ўсё чакалі новых уражанняў. І дзейства фестывалю перамясцілася на сцэну. Глядзельнай залай стаў зялёны лужок. Усе падпявалі, прытанцоўвалі, падтрымлівалі выканаўцаў гучнымі апладысментамі. Фестываль працягваўся да глыбокай ночы…
Здавалася, у той дзень па-сяброўску абдымаліся розныя эпохі, у паветры панавала атмасфера асаблівага адзінства. Адзінства пакаленняў, поглядаў, культур. Адзінства душ…
Ларыса Дняпроўская. Фота Кацярыны Масік.
Больш здымкаў: https://vk.com/album-23306785_280380210.