Вы любіце падарожнічаць? Выдатна! Наша сям’я таксама любіць спазнаваць новае, наведваць цікавыя куткі краіны. А паколькі да водпуску яшчэ далёка, а лета — у самым разгары, наш сямейны савет пастанавіў: на выхадных едзем у Мірскі замак!

Вандроўка доўжылася толькі адзін дзень, а ўражанняў ад яе хопіць на цэлы год…
Дождж з самай раніцы спрабаваў перашкодзіць паездцы, але не ведаў ён, з кім мае справу! Буйныя кроплі, якія гучна маршыравалі па капоце машыны, толькі дадалі нашаму сямейству рамантычнага настрою.

За акенцамі аўто прыгожа чаргаваліся пейзажы: хвойны лес павольна змяняў бярозавы гай, бязмежнае мора пшаніцы і лёну плаўна сыходзіла за гарызонт. Неба не шкадавала фарбаў, дадаючы ў палітру прыроды то пахмурна шэрых, то далікатна блакітных, то насычана сініх адценняў…

Нарэшце наперадзе паказаліся вежы замка. І нібы па ўказанні нейкага “нябеснага” вяльможы грозныя хмары расступіліся, у сонечных промнях паўстала веліч унікальнага збудавання з мудраге-лістым эклектычным архітэктурным стылем. Прызнацца, готыка, рэнесанс і ракако зрабілі сваю справу — знешні выгляд замкавага ансамбля зачароўвае наведвальнікаў.


Яшчэ больш цудаў чакала нас за вялізнымі драўлянымі варотамі.


Здалёк пачуўся прызыўны кліч барабана, потым пачалася стральба з гарматы — і на замкавай плошчы перад намі разгарнуўся неверагодны касцюміраваны бой на мячах шатландскіх воінаў.

Тэатралізаванае прадстаўленне дало магчымасць умомант пранікнуцца духам далёкай рыцарскай эпохі і цалкам акунуцца ў гістарычнае мінулае.

Прывяла ў захапленне і займальная экскурсія па залах замка. Даспехі вялікіх воінаў, нябачаныя раней сярэднявечныя прылады, старыя кнігі і прадметы побыту — усё гэта дадало ў сямейную скарбонку ўражанняў нямала яркіх эмоцый…

А якія там стромкія прыступкі! Цікава, колькі наогул лесвіц у замку? Здавалася, што ўжо не было ніякіх сіл уздымацца на чарговую вежу. Але цікаўнасць і дзіўны азарт у саюзе з містычнымі чаканнямі прымушалі нас ісці далей і вышэй.

Мы заплюшчвалі вочы і ўяўлялі, як шпацыравалі тут знатныя вяльможы і іх дамы сэрца, як сустракалі і частавалі гасцей, як у вялізнага каміна доўгімі зімовымі вечарамі насельнікі замка зачаравана слухалі музыку…

Сцены замка захоўваюць шмат таямніц. Нам раскрыліся толькі нямногія з іх. Свае сакрэты і ў парку, дзе знаходзіцца славутая пахавальня. Паркавая алея пахла, нібы царкоўны ладан: мядовы пах ружаў зліваўся з далікатным водарам квітнеючых лілей. Тонка гучалі ноткі і нейкага экзатычнага духмянага куста.

Здавалася, сама прырода ў той дзень спявала для нас сваю летнюю песеньку, разам з намі ўслаўляючы сонца і дождж, злучаючы мінулае і сучаснасць…
Ларыса Дняпроўская.
Фота Кацярыны Масік.
*Хутка раскажам пра парк інтэрактыўнай гісторыі «Сула»!