Четверг, 19 июня 2025

Пад маскай цяжка дыхаецца? Пад апаратам ШВЛ яшчэ цяжэй. Пружанец, які перахварэў COVID-19, падзяліўся ўражаннямі

1 929

Пружанцы расслабіліся і перастаюць прыслухоўвацца да рэкамендацый урачоў, паслугамі якіх, як паказвае колькасць пацыентаў у “чырвонай” зоне раённай паліклінікі, усё-такі працягваюць карыстацца.


Што здарылася з намі? COVID-19 ужо адышоў у нябыт? Сёння сацыяльная дыстанцыя практычна нідзе ў горадзе не вытрымліваецца, у шэрагу магазінаў пакупнікі без масак спакойна абслугоўваюцца прадаўцамі, якія таксама ігнаруюць гэты “атрыбут”.

Маскі сталі рэдкай з’явай і ў аўтобусах, і ў таксі… Часта чуецца, што віной таму гарачыня: маўляў, цяжка дыхаць праз некалькі слаёў “намордніка”. У такіх выпадках хочацца сказаць, што пад ШВЛ, апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх, знаходзіцца яшчэ цяжэй. Не слухаем медыкаў, дык паслухаем простых людзей, якія перанеслі кавід у цяжкай форме.


Вось што расказаў Барыс Аляксандравіч Альховік, жыхар Пружан, падпалкоўнік у адстаўцы, былы выкладчык Харкаўскай ваеннай акадэміі.


-Я размяняў ужо восьмы дзясятак, але ніколі за сваё жыццё не скардзіўся на здароўе. Захапляўся спортам, стаў майстрам спорту па лёгкай атлетыцы, загартоўваўся і заўсёды імкнуўся займацца фізічнай працай, паколькі разумеў, што рух — гэта жыццё. Але ў канцы мінулага года, якраз 31 снежня, лёс унёс нечаканыя карэктывы ў мае планы.


Тэмпература далёка за 39 градусаў, дзіўны паўсвядомы стан, моцны галаўны боль, слабасць, а галоўнае — цяжкае дыханне далі зразумець, што сутыкнуўся з сур’ёзнай інфекцыяй. Тэст пацвердзіў, што гэта ён, кавід… Захварэла і мая жонка.


Трэба аддаць належнае ўрачу Кацярыне Сяргееўне Несцярук, якая акружыла нас увагай і аператыўна прызначыла лячэнне. У нейкі момант падалося, што іду на папраўку. Але самаадчуванне падманвала. На наступным прыёме мае паказчыкі сатурацыі сігналізавалі ўрачу аб неабходнасці тэрміновай шпіталізацыі.

Мне ўсё яшчэ здавалася, што гэтая хвароба – дробязі. Меркаванне памянялася ў лічаныя гадзіны. У Брэст мяне везлі на машыне «хуткай дапамогі», з якой выйсці самастойна я ўжо не змог…


Пяць тыдняў, праведзеныя ў Брэсцкай бальніцы, удалечыні ад жонкі, якая змагалася з хваробай дома ў адзіноце, прымусілі мяне пераасэнсаваць такое шырокае паняцце, як жыццё — тваё, тваіх блізкіх людзей і не толькі.


Балюча было глядзець на пацыентаў, якіх везлі ў рэанімацыю, і больш мы іх не бачылі… Балюча было глядзець на суседа па палаце, які амаль у беспрытомным стане ноччу зваліўся з ложка. Некалькі дзяўчат, медсясцёр і санітарак, не маглі падняць пацыента. Я ледзь устаў, каб дапамагчы яму. “Прабачце”, — мужчына, як дзіця, прасіў прабачэння за сваю бездапаможнасць…


Я спачуваў усім медработнікам кавіднага аддзялення, якія суткамі лячылі і працягваюць лячыць і даглядаць пацыентаў, знаходзячыся ў нязручных ахоўных касцюмах, рэспіратарах і шчытках. Вы не думалі, як ім дыхаецца?


Стаўленне медыкаў да пацыентаў было выключнае! Ніякіх перабояў з лекамі, ніякага дэфіцыту добрых слоў, догляд — як за роднымі. Шануйце ўрачоў, паважайце іх працу. Гэта яны вырываюць людзей з лап страшнай інфекцыі.


Прайшло ўжо паўгода, як я вярнуўся дадому, але ранейшыя сілы пакуль не вяртаюцца. Стомленасць і слабасць, здаецца, ужо набылі нейкую хранічную форму. Акрамя таго, кавід даў ускладненне на слых. Таму, пракансультаваўшыся з урачамі, як мясцовымі, так і гродзенскімі, і мінскімі, мы з жонкай прынялі рашэнне вакцынавацца. Другі раз перажыць такое нам не хочацца.


Карыстаючыся выпадкам, хочацца звярнуцца да скептыкаў: адкіньце жарты ўбок, беражыце сябе і родных. Калі не дзеля сябе, дык дзеля іх надзявайце маскі, трымайце дыстанцыю. Урачы ведаюць, што кажуць.
Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.