
У СШ №5 адбыўся адзін з самых чароўных і ўрачыстых момантаў у жыцці кожнага вучня — апошні званок. Для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў гэты дзень стаў сімвалам завяршэння адной главы і пачатку новага, яшчэ больш цікавага шляху.
Урачыстая лінейка, прысвечаная апошняму званку, сабрала на школьным двары настаўнікаў, вучняў, іх родных, блізкіх і сяброў. У такія моманты асабліва адчувальна, як хутка ляціць час: яшчэ ўчора гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі былі першаклашкамі, а сёння — самастойныя маладыя людзі, якія ўпэўнена крочаць у дарослае жыццё.
Педагогі, якія сталі для выпускнікоў не толькі правадырамі ў свет ведаў, але і сябрамі, з гонарам глядзелі на сваіх выхаванцаў. У іх вачах чыталіся і радасць за іх поспехі, і лёгкі сум расстання. Бацькі таксама не маглі схаваць эмоцыі і стрымліваць слёзы. Хваляванні захліснулі і выпускнікоў, бо наперадзе іх чакае нешта новае і неспазнанае, калі сэрца б’ецца часцей ад адчування невядомай для іх дарогі.
— Я такая шчаслівая, але мне крыху страшна, — прызнаецца выпускніца 11-га «А» класа Мілана Галавейка. — Школа — гэта знаёмы свет, дзе кожны дзень быў зразумелым, а там, наперадзе, столькі новага і цікавага, як не разгубіцца… Але я разумею, што ўжо гатова да гэтага кроку і хачу паступаць у БДЭУ на маркетынг.
— Я вырашыў звязаць сваё жыццё з ваеннай медыцынай. Школа дала мне трывалыя веды і разуменне таго, кім я хачу стаць. Вельмі ўдзячны нашым настаўнікам за дабрыню, цеплыню і цярпенне. 11 год мы былі разам — гэта вялікі адрэзак часу, які застанецца ў памяці самым цёплым успамінам на ўсё жыццё, — падзяліўся думкамі і перажываннямі выпускнік 11 «Б» класа Арцём Пракаповіч.
Паводле традыцыі, выпускнікі танцавалі школьны вальс, чыталі вершы, дзякавалі сваім настаўнікам і бацькам. Урачыстая лінейка апошняга званка —не толькі фінальны акорд школьных гадоў. Гэта сімвал пачатку, асаблівы момант, калі адчыняюцца дзверы ў будучыню, і якой яна будзе, залежыць толькі ад іх саміх. Няхай шлях кожнага выпускніка будзе поўны яркіх падзей, цікавых сустрэч і вялікіх перамог!
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара
