Напярэдадні пачатку чарговага навучальнага года мы не маглі не звярнуцца да адпаведных падзей, якія адбыліся дзесяцігоддзі таму. Асаблівы інтарэс выклікала тое, з якімі цяжкасцямі і складанасцямі даводзілася бацькам збіраць сваіх дзяцей у школу. Тыя, хто сцвярджае, што «за савецкім часам» рашаць такія задачы было значна прасцей, могуць нават не паверыць, але факты на старонках газеты — гэта ўжо зацверджаная гісторыяй праўда.
36 гадоў таму. 1988
У 1988 годзе, у самы росквіт «перабудовы» і «паскарэння», змен назапасілася ўжо столькі, што ў «светлую будучыню» не верыў ніхто: ні грамадства, ні нават прадстаўнікі ўлады. У прыватнасці, у пружанскіх магазінах адзення прадаўцы разводзілі рукамі і не маглі дакладна сказаць, калі ж з’явяцца школьная форма і канцылярскія прыналежнасці. У адной з крам журналісты назіралі вялікую чаргу, людзі ў якой стаялі за дэфіцытам — фламастарамі. У нумары за 25 жніўня чытачам адзін з аўтараў параіў «рамантаваць сукенкі і касцюмчыкі», а сшыткі і алоўкі беражліва выкарыстоўваць, каб хапіла надоўга.
Такі ж лейтматыў гучаў і ў выступленні адказных асоб. Напрыклад, агучваўся цэлы стос праблем па падрыхтоўцы школ да навучальнага года. Акрамя крытычных заўваг да знешняга выгляду будынкаў навучальных устаноў цяжкасці напярэдадні 1 Верасня заставаліся з абсталяваннем, падручнікамі, кадрамі. Не хапала больш за 20 найменняў кніг, з-за чаго дзеці пісалі на занятках лекцыі, па якіх рыхтавалі хатнія заданні. А ўспомніце, як вывучалі толькі што ўведзены прадмет «Асновы інфарматыкі»? Да таго ж, у навучальны 1988/1989 год у многіх школах не хапала мовазнаўцаў, гісторыкаў, выкладчыкаў спеваў і фізкультуры, замежнай мовы. Мала было піянерважатых і выхавальнікаў груп падоўжанага дня…