Четверг, 11 декабря 2025

Пачалося датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю

436

Пачалося датэрміновае галасаванне на рэспубліканскім рэферендуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Яно будзе доўжыцца па 26 лютага ўключна. Загадзя могуць прагаласаваць выбаршчыкі, у якіх па нейкіх прычынах не атрымаецца зрабіць гэта ў асноўны дзень — 27 лютага.

Участкі для галасавання адчынены з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00 гадзін. Афіцыйнага пацвярджэння прычын, па якіх грамадзянін не зможа прагаласаваць у асноўны дзень, не патрабуецца. Пры сабе выбаршчыку неабходна мець пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае асобу (ID-картка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ваенны білет, службовае або вадзіцельскае пасведчанне). Прагаласаваць можна і па пенсіённым пасведчанні, а таксама пасведчанні інваліда (пры наяўнасці фотаздымка), студэнцкім білеце. Калі выбаршчык страціў пашпарт, то на ўчастак яму трэба ўзяць з сабой даведку з органаў унутраных спраў, якая пацвярджае асобу грамадзяніна.

Нагадваем, што на галасаванне вынесена толькі адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? Каб выказаць сваё меркаванне, трэба пакінуць любую адзнаку ў адным з двух квадратаў, адпаведна «за» ці «супраць». Рэспубліканскі рэферэндум праводзіцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага волевыяўлення. Кожны ўдзельнік рэферэндума галасуе асабіста. Права ўдзельнічаць у ім маюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Для тых, хто ўпершыню прымае ўдзел у выбарчай кампаніі, на ўчастках для галасавання падрыхтаваны памятныя сувеніры.

На здымках: на Пружанскім-Заводскім участку для галасавання №8 таксама ўсё падрыхтавана да волевыяўлення грамадзян.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара