Як і планавалася, з надыходам спрыяльнага надвор’я газавікі прыступілі да пракладкі падводзячага газаправода ў раёне аграгарадка Лыскава.

Магістраль прыйдзе сюды з суседняга Свіслацкага раёна і ахопіць не толькі саму цэнтральную сядзібу, але і шэраг навакольных вёсак. Як расказвае галоўны інжынер Пружанскага раёна газазабеспячэння Вадзім Прыпутневіч, пракладка пачалася напрыканцы мая, за кароткі час выканана больш за палову земляных работ.
— Працягласць магістралі складае 3,144 кіламетра высокага і 3,3 — сярэдняга ціску, а пракладзены трубы высокага ціску на адлегласці 1,7 км,— паведамляе Вадзім Міхайлавіч. — Але трэба ўлічыць, што мы павінны не толькі пракласці нітку, але і стварыць патрэбную інфраструктуру для стабільнага і належнага функцыянавання газаправода.
У любым выпадку работы плануюць закончыць хутчэй вызначаных на пачатак верасня тэрмінаў. Надвор’е, праўда, зноў можа ўнесці свае карэктывы.

Увогуле запланавана выдаткаваць на гэтыя задачы амаль паўмільёна рублёў. Пераважна сродкі пойдуць на асноўныя работы па пракладцы (каля 340 тысяч рублёў), а астатняя частка — на набыццё і ўстаноўку размеркавальнага абсталявання, якое патрэбна для пераводу высокага ціску на той узровень, што падыходзіць для спажывання.
Першы газаразмеркавальны пункт будзе створаны каля в. Груск, жыхары якой адразу атрымаюць магчымасць падключыцца да прыродных энергарэсурсаў. У аг. Лыскава тая ж працэдура патрабуе стварэння кааператываў з падзелам выдаткаў на стварэнне адводаў і падключэнне жылля. Але, згодна з дзеючым заканадаўствам, 70% ад мяркуемых затрат бярэ на сябе дзяржава. Таму варта чакаць другога нараджэння гэтага рэгіёна, які да канца года будзе забяспечаны недарагім палівам.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік