Вясна. Я вырашыў наведаць мой родны кут, вёску Ясень, дзе нарадзіўся, правёў першыя гады дарослага жыцця. Штогод прыязджаю ў старую хату, якую пабудаваў яшчэ мой дзед Павел, дзе жылі мае бацькі.
І вось аўтобус адправіўся па маршруце Пружаны-Ясень. Да в. Мыльніск ён едзе па шашы, а далей – сем кіламетраў па гравійцы. Гэта так званая «вайсковая» дарога: у савецкія часы ў тутэйшым лесе размяшчаліся ваенныя часці. Вайскоўцы будавалі і гэтую дарогу, і тую, што вядзе амаль да Шарашэва (ёй карысталіся і жыхары вёсак Ясень і Хідры).
У 1990-я вайскоўцы з‘ехалі ў Расію. Цяпер частка лесу – прыкладна 360 га – агароджана сеткай, тут размясціўся паляўнічы заказнік. У выніку адна дарога аказалася перакрытай, па ёй могуць рухацца толькі работнікі Шарашоўскага лясніцтва, якія працуюць у заказніку. «Вайсковая» ж дарога знаходзіцца на абслугоўванні ДРБУ № 140. Зараз дарога не ў самым лепшым стане. Асабліва гэта тычыцца тупіковага ўчастка да в. Ясень у той частцы, што праходзіць каля балота. Здзіўляешся, як умудраюцца праязджаць машыны хуткай дапамогі, паштовая, аўталаўка, аўтобус, калі нават веласіпедысту ехаць тут праблемна.
Выконваючая абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святлана Амяльянец на маё пытанне адказала, што паведамляла пра стан дарогі ў ДРБУ № 140. Там абяцалі, што часцей будуць накіроўваць сюды грэйдэр. Але, магчыма, настаў час, калі адным грэйдзіраваннем праблему не вырашыш, а патрэбны падсыпка і рамонт?
Сяргей Шахалевіч, в. Ясень.
З гэтым пісьмом мы азнаёмілі дырэктара філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» ДРБУ № 140 Аляксандра Суботу. А ў адказ Аляксандр Васільевіч прапанаваў… разам ацаніць стан дарогі на Ясень, праехаць па ёй. І для паездкі мы выбралі не рэдакцыйны пазадарожнік з павышанай праходнасцю, а звычайны легкавы аўтамабіль.
Адразу варта сказаць, што грунтовая дарога ў бок Ясеня не зрабіла на нас такога сумнага ўражання, як на аўтара пісьма. Падобных пад‘ездаў да маланаселеных вёсак журналісты ў сваіх паездках бачаць нямала. Машына ішла дастаткова шпарка, але эфекту «пральнай дошкі», які часам узнікае пры недастаткова цвёрдым дарожным пакрыцці, не назіралася, не было на шляху і ямін. Магчыма, гэты ўчастак толькі нядаўна прагрэйдзіравалі? Сапраўды, як расказаў Аляксандр Субота, гэта адбылося амаль адразу пасля тэлефанавання чытача «раёнкі» ў сельвыканкам, у сакавіку. Але лішак вільгаці, які назіраўся ў першым месяцы вясны, не вельмі добра паўплываў на стан дарожнага палатна, таму верагодна, што патрэбна будзе паўтарыць грэйдзіраванне.
Участку, што праходзіць каля балота, мы ўдзялілі асаблівую ўвагу: спыніліся, уздоўж і ўпоперак прайшлі па ім. А заадно палюбаваліся цвіценнем лотаці і хаткай баброў. Менавіта гаспадарлівыя бабры перыядычна становяцца тут нявольнымі віноўнікамі праблем: падкопваюць абочыну, будуюць плаціну каля трубы, пракладзенай пад дарогай для сцёку вады. Ды на гэты раз мы ўбачылі толькі дзве невялікія ямкі на абочыне, якія значнага ўплыву на праезд не маюць. Гэтае месца аказалася адзіным, якое варта падсыпаць.
Так здарылася, што паездка наша прыпала на сухі і сонечны дзень. Зразумела, што ў дажджлівае надвор‘е, падчас працяглай непагадзі шлях да Ясеня можа выклікаць зусім іншыя ўражанні. Тым не менш, Аляксандр Васільевіч тлумачыць, што пакуль пытанне рамонту дарогі не паўстае, значнага руху транспарту тут няма.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік