Вторник, 14 января 2025

Па крутых дарогах Афганістана правёў лёс жыхара Смалян Анатоля Покала

664

Анатоль Покала з вёскі Смаляны больш за 30 год працаваў вадзіцелем у ААТ «Белавежскі», апошнія чатыры гады добрасумленна выконвае абавязкі жывёлавода ў гэтай гаспадарцы. Сёлета разам з жонкай Святланай Мікалаеўнай адзначыць трыццацігоддзе сумеснага жыцця — жамчужнае вяселле. Пара мае двух дарослых, моцных сыноў, якія сапраўды з’яўляюцца бацькоўскім гонарам.

Воін-інтэрнацыяналіст Анатоль Покала.

Жыццё Анатоля Покалы — прыклад спакойнага, утульнага існавання, да якога імкнуцца, напэўна, усе свядомыя людзі. Чаму тады за добрым, глыбокім позіркам мужчыны хаваецца невычэрпны боль? Справа ў тым, што яшчэ юнаком яму давялося стаць сведкам падзей, успаміны пра якія выклікаюць не ўсмешку, а асаблівае, выразнае маўчанне…

Былы інтэрнацыяналіст нарадзіўся ў вёсцы Стары Куплін, скончыў Загорскую сярэднюю школу, у вучэбна-вытворчым камбінаце атрымаў спецыяльнасць трактарыста. Ужо тады малады чалавек зразумеў, што звяжа жыццё з тэхнікай.

Пасля ў Брэсце ён адвучыўся на вадзіцеля, а пазней атрымаў адпаведную воінскую спецыяльнасць.

У армію Анатоль Покала прызваўся ў лістападзе 1987 года. Праходзіў курс маладога байца ў Тэрмезе — самым паўднёвым горадзе Узбекскай ССР, зусім побач з мяжой Афганістана.

— Мы былі апошнім прызывам, які мог трапіць у Афганістан. І ў канцы красавіка 1988 года я сказаў «прывітанне» той негасціннай зямлі. Служыў у якасці вадзіцеля-механіка, абслугоўваў розную тэхніку, — пачынае аповед Анатоль Аляксеевіч.

Анатоль Аляксеевіч падчас службы.

Мужчына прыгадвае, што ў тым красавіку асабліва хацелася адчуць водар сапраўднай вясны, пабачыць нібы малаком аблітыя яблыні… Наперакор жаданням, маладых хлопцаў сустракала Сярэдняя Азія.

— Спачатку было нязвыкла: халодныя ночы, гарачыя дні. Там пяць градусаў марозу — сур’ёзнае выпрабаванне: нашы мінус 15 пераносяцца значна прасцей. Такія асаблівасці клімату, — зазначае Анатоль Покала.

— Асабліва няпроста было адпраўляцца ў Афганістан у апошніх шэрагах, ведаючы, няхай і прыкладна, што цябе чакае… — спрабую зразумець пачуцці свайго субяседніка.

— У мяне былі знаёмыя, якія прайшлі гэта пекла, але атрымаць падрабязнасці было немагчыма. Хлопцы часцей маўчалі, і гэтая недаказанасць узрушвала болей, чым відавочныя напаміны пра вайну, — кажа мужчына.

Анатоль Аляксеевіч прыкладна два з паловай месяцы служыў у Кабуле, потым яго перавялі ў Баграм.

— Добра памятаю камандзіроўкі па прадукты, калі трэба было пераадолець адлегласць прыкладна ў 600 км ад нашага месца дыслакацыі да Хайратона — горада на самай мяжы з Савецкім Саюзам, дзе цячэ рэчка Амудар’я. Праз мост перапраўляліся тавары з СССР, а таксама ішло папаўненне асабовага складу, менавіта адтуль салдаты размяркоўваліся па ваенных частцях, — расказвае воін-інтэрнацыяналіст. — Дык вось там была харчовая база, дзе мы загружаліся правізіяй, а потым калонай вярталіся назад. Ехалі знакамітым шляхам праз Саланг, «сцяжынай жыцця»… Гэта была сапраўды крутая дарога, там усякага было. Сустракаліся з небяспекай, кулі свісталі, але мяне, дзякуй Богу, гэта мінала.

Падчас службы ў Афганістане.

Заўсёды, нават пасля самай сур’ёзнай буры, наступаў штыль.

— Мы былі звычайнымі салдатамі, якім заўсёды хацелася смачна паесці і выспацца. Увогуле, простыя чалавечыя жаданні на вайне станавіліся вельмі каштоўнымі, пераасэнсоўваліся звычайныя, натуральныя рэчы, — расказвае Анатоль Аляксеевіч. — Тут трэба аддаць належнае камандзірам, якія стараліся не грэбаваць нашымі радасцямі і па магчымасці ладзілі дні нараджэнняў, некаторыя святы. Да нас нават пасылкі часам даходзілі, але як выключэнне з правіла. Дзе мы, а дзе Радзіма…

Хлопцы з саюзных рэспублік сустракаліся і з мясцовым насельніцтвам.

— Бывала, спыняліся ў дуканах — іх магазінах. З намі нармальна кантактавалі. Некаторыя афганцы крыху ведалі рускую мову, і мы разумелі адзін аднаго. Але, тым не менш, свабодна размаўляючы з ветлівым прахожым, ты павінен быў памятаць, што не варта расслабляцца, нельга губляць пільнасць ні на секунду, — кажа мужчына.

Савецкія салдаты пачалі вяртацца дамоў у маі 1988 года, воінскія фарміраванні ўвесь час мянялі свае месцазнаходжанне. Анатоля Покала ў студзені 1989 года з Баграма праз Ташкент адправілі ў Кушку (Туркменская ССР) — самую паўднёвую кропку СССР, дзе ён завяршыў тэрміновую службу ў лістападзе 1989 года.

— Вяртацца дадому было радасна. Перыяд адаптацыі ў мяне прайшоў спакойна. Магчыма, таму што меў шмат знаёмых, хто таксама зведаў тое пекла. І хаця гэтая тэма вельмі рэдка абмяркоўвалася, мы разумелі, што нашы вочы бачылі адзін і той жа жах, — дзеліцца былы інтэрнацыяналіст.

Медаль за службу.

Службу ў Афганістане Анатоль Аляксеевіч не абмяркоўваў і з родным братам Аляксеем, таксама інтэрнацыяналістам. Ён на год старэйшы, прызываўся ў 1986 годзе. Дарэчы, брат Анатоля Покалы звольніўся з арміі, калі савецкія войскі ўжо канчаткова сышлі з тэрыторыі Афганістана.

— Зараз, прыгадваючы мінулае, я прыходжу да высновы, што на той момант цяжэй за ўсё было бацькам. Нашым — асабліва. Адправіць на вайну сыноў-пагодкаў! Уявіць страшна, якія пакуты перанеслі нашы мама з татам…

Можна размаўляць наконт мэтазгоднасці той вайны, задаваць шмат пытанняў, на якія не будзе адказаў. Анатоль Аляксеевіч не захацеў разважаць на тэму інтэрнацыянальнага абавязку, а проста адказаў: «Мы свой доўг Радзіме аддалі, вярнуліся з чыстым сумленнем».

— Зараз ёсць пэўнае адчуванне, што пра нас забыліся. Хацелася б, каб грамадства звяртала больш увагі на падзеі афганскага канфлікту, на тых, хто здолеў перамагчы ўласны страх, на маладых герояў, якім было наканавана застацца на чужыне навечна, — дзеліцца сваім меркаваннем Анатоль Покала.

Мужчына кажа, што праводзіць Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў па-рознаму. Раней гэта было за вялікім, але чамусьці ўсё роўна сумным сталом, цяпер — больш у адзіноце.

— Для мяне 15 лютага — дзень страты, дзень успамінаў пра сяброў і таварышаў. Удзел у тых падзеях дапамог зразумець, наколькі вайна супрацьпрыродная, супрацьнатуральная з’ява. Пасля Афгана асабліва абсурдна ўсведамляць, што ў гэты час таксама гучаць стрэлы і выбухі. Самым страшным ударам, які можа нанесці жыццё, з’яўляецца страта блізкіх. Таму трэба рабіць усё, каб жыць у міры, — падвёў рысу няпростай гутаркі Анатоль Аляксеевіч.

Былы інтэрнацыяналіст з жонкай Святланай і сынамі Дзянісам і Максімам.

Воіны-інтэрнацыяналісты часцей за ўсё не любяць расказваць пра часы сваёй вайсковай службы. Балюча пагружацца ва ўспаміны, якія вяртаюць да тых падзей, але рабіць гэта неабходна, каб аддаць даніну павагі смелым і мужным. Неабходна ўспамінаць непрыемнае мінулае дзеля нашай агульнай памяці, дзеля тых, хто не вярнуўся дадому… Хочацца яшчэ раз падзякаваць Анатолю Покалу за тое, што знайшоў у сабе сілы паразмаўляць з намі на такую няпростую тэму.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік і з уласнага архіву Анатоля Покалы