Усё ў нашым жыцці мае свой пачатак. Для чалавека гэта дзень, калі ён прыйшоў у гэты свет. Калі ж размова ідзе пра гаспадарку, то гэта дата яе ўтварэння. І ў першым, і ў другім выпадку прынята адзначаць прыгожа і з размахам круглыя даты, падводзіць вынікі і будаваць планы. Свята з нагоды 50-гадовага юбілею ААТ «Жураўлінае» было наладжана ў мінулую суботу ў Кляпацкім Доме культуры.
Свята пачалося з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які падкрэсліў значнасць дзейства і з’яднаў прысутных у адзінай думцы: мы зможам многае, калі будзем ісці да гэтага разам. Пасля чаго вядучыя зрабілі экскурс у мінулае гаспадаркі, гісторыя якой пачалася 27 верасня 1972 года, калі загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР быў створаны саўгас «Савецкі» з цэнтрам у тады яшчэ вёсцы Клепачы.

На дадзены момант на землях прадпрыемства размешчаны 32 населеныя пункты з колькасцю насельніцтва каля 2,5 тысячы чалавек, у тым ліку працаздольнага — 1594 чалавекі, з якіх больш за палову працуе ў таварыстве. І на сённяшні дзень ААТ «Жураўлінае» з’яўляецца адным з вядучых сельскагаспадарчых вытворцаў Брэсцкай вобласці па вырошчванні збожжавых культур, рапсу і прадукцыі садаводства, вытворчасці свініны, малака, мяса буйной рагатай жывёлы.
Цяпер дырэктарам гаспадаркі з‘яўляецца Аляксандр Пішч. Аляксандр Іванавіч нагадаў, што зямля — гэта галоўная крыніца багацця. А людзі, якія на ёй працуюць, мэтанакіраваныя і працавітыя. Таму за дасягненнямі ААТ «Жураўлінае», якіх нямала, — адданая праца земляробаў. А яшчэ, як лічыць кіраўнік сельгаставарыства, заклад поспеху ў рабоце — гэта зладжаны і дружны калектыў гаспадаркі. Аляксандр Пішч выказаў спадзяванне, што лепшыя традыцыі, набытыя за гады плённай работы прадпрыемства, будуць працягвацца.
Але хто стаяў ля вытокаў гэтых традыцый? Немагчыма было абмінуць увагай тых людзей, якія ў свой час кіравалі сельгаставарыствам, стараліся павысіць паказчыкі, пры гэтым не пакінуць па-за ўвагай работнікаў. Сярод гасцей урачыстасці быў Віктар Рошчанка, які кіраваў гаспадаркай з 1978 па 1983 гады. Віктар Іванавіч выказаў прыемнае здзіўленне сённяшнімі паказчыкамі ў вытворчасці ААТ «Жураўлінае». Таксама пажадаў зладжанай работы і радасці кожны дзень ад таго, што нездарма жывеш на гэтым свеце, а стараешся прыносіць карысць сваёй краіне.

А памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатолій Ліневіч, які займаў пасаду кіраўніка сельгаставарыства ў 2002-2007 гадах, нагадаў прысутным:
— Без мінулага няма сённяшняга, а без сённяшняга не будзе будучыні. Усё ў жыцці ўзаемазвязана. Трэба цаніць тое, што набыта, і абавязкова будаваць планы на далейшае развіццё. Я чэсна скажу: ганаруся тым, што працаваў з вамі, заўсёды і ўсюды стаўлю ў прыклад вас як адданых справе людзей. У вас усё атрымаецца, верце ў гэта. Дзякуй вам за работу!
Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, былы дырэктар ААТ «Жураўлінае» з 2007 па 2018 гады, звярнуўся да прысутных з такімі словамі:

— Час станаўлення прайшоў, цяпер толькі наперад. І тут, канечне, немалаважным фактарам з’яўляецца жаданне кожнага работніка дасягнуць большых вышынь, чым планавалася. У нас усё атрымаецца. Я ўдзячны за сумесную работу, мы разам робім велізарную справу. Нізкі паклон за працу!
А свята працягвалася. На сцэну вядучыя запрасілі старшыню камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатолія Шчуплянкова, які зачытаў віншаванне з 50-гадовым юбілеем ААТ «Жураўлінае» ад губернатара Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейкі. І пажадаў, каб гэта дата стала новым этапам у развіцці гаспадаркі.
Цёплыя словы гучалі і ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца. Ён заўважыў, што ААТ «Жураўлінае» не забывае і пра сацыяльную сферу на сваёй тэрыторыі. А гэта немалаважны фактар для таго, каб людзі затрымліваліся ў гаспадарцы і заўсёды адчувалі на сабе клопат і ўвагу.
— Няхай заўжды ў вас цвітуць сады, малочныя рэкі будуць паўнаводныя і заўсёды гучыць дзіцячы смех у дамах! — пажадаў Мікалай Пятровіч.
Шчырыя словы падзякі за працу гучалі ў адрас віноўнікаў урачыстасці і ад першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргея Глушко, і ад намесніка старшыні райвыканкама, старшыні назіральнага савета ААТ «Жураўлінае» Святланы Ханавец. Віншавалі з нагоды свята і абяцалі падтрымку, калі з’явіцца неабходнасць, і прадстаўнікі фінансавых устаноў раёна.

Малако — гэта рэальная выручка, якая дае прыбытак гаспадарцы. А для ААТ «Савушкін прадукт» сельгаставарыства — самы буйны пастаўшчык. Штодня гаспадарка адгружае больш за 130 тон малака перапрацоўчаму прадпрыемству. Дарэчы, ААТ «Жураўлінае» займае другое месца ў рэспубліцы па валавой вытворчасці малака. Пажаданні поспеху і далейшага супрацоўніцтва выказаў дырэктар па сельскай гаспадарцы ААТ «Савушкін прадукт» Васілій Крапчук.
А яшчэ ААТ «Жураўлінае» з’яўляецца буйным вытворцам мяса, большая частка якога паступае на перапрацоўку на Бярозаўскі мясакансервавы камбінат. Цесная сувязь у гаспадарцы наладжана з Бярозаўскім камбінатам кааператыўнай прамысловасці, куды сельгаставарыства адпраўляе на перапрацоўку вырабленую прадукцыю. Таму з віншаваннямі на сцэну падымаліся намеснік генеральнага дырэктара па сельскагаспадарчай вытворчасці мясакансервавага камбіната Анатолій Клімовіч і дырэктар камбіната кааператыўнай прамысловасці Сцяпан Бувака.

Жыццё і рабочая дзейнасць таварыства цесна звязана з прафсаюзам. Амаль сто працэнтаў працоўнага калектыву з’яўляюцца членамі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і карыстаюцца ўмовамі калектыўнага дагавору. Здароўя, поспехаў у працы, спакою на душы жадалі старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Саланевіч, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук і старшыня раённага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Дзмітрый Чайкоўскі.
Слова брала і Ганна Шантаровіч, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Больш за 60 гадоў жанчына адпрацавала ў эксперыментальнай базе «Белавусаўшчына, якая ў 2020 годзе была далучана да ААТ «Жураўлінае». Ганна Раманаўна выказала спадзяванне, што гаспадарка з года ў год будзе памнажаць вытворчыя поспехі, павышаць дабрабыт сваіх работнікаў.
І што, думаеце, на гэтым віншаванні скончыліся. Ды не! ААТ «Жураўлінае» раскінулася на тэрыторыі трох сельсаветаў, а тут і школы, і дзіцячыя садкі, і Дамы культуры. І зноў гучалі словы падзякі за аказаную дапамогу і спадзявання на далейшае плённае супрацоўніцтва.
Юбілей падчас юбілею. Так можна назваць 40-гадовую дату з дня адкрыцця свінагадоўчага комплексу ў гаспадарцы. Пра тое, чым цяпер жыве комплекс, і планы на будучае расказаў начальнік Мікалай Лапука. Ён запэўніў, што без смачнай каўбасы мы не застанёмся.
Усім выступоўцам дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч уручаў памятныя падарункі і кветкі. Мы ўжо не пералічваем усе падарункі, з якімі госці падымаліся на сцэну. Скажам толькі, што ўсе яны былі падораны ад шчырага сэрца і з дарагой душой.

Адзначалі лепшых працаўнікоў граматамі, падзячнымі лістамі, грашовымі прэміямі, уручалі пасведчанні «Ветэран працы ААТ «Жураўлінае», ушаноўвалі маладых спецыялістаў і тых, хто адзначыў свой асабісты юбілей. Падчас узнагароджанняў было прыемна за людзей, якія сваёй працай у галіне сельскай гаспадаркі даказваюць, што працаваць аддана і сумленна можна ўсюды, галоўнае, каб з душой.
І куды ж без цудоўных і непаўторных песень і танцаў? А іх на працягу свята хапала! Аглядаючы поўную залу, бачыў, што некаторым так і хацелася падпяваць, а то і тупнуць нагой пад танец. А як жа, гэта ж свята, якое патрабуе весялосці, размаху, задору.
Слава і гонар вам, паважаныя працаўнікі ААТ «Жураўлінае, няхай заўсёды спраўджваюцца ўсе вашы надзеі і мары!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_288804568 і https://ok.ru/budni/album/951212940424