Святочную літургію ў гонар 150-годдзя Свята-Мікалаеўскага храма ў г.п. Шарашэва 19 чэрвеня ўзначаліў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.
Праваслаўны храм у г.п. Шарашэва стаіць па суседстве з каталіцкім. Гэтыя два культавыя будынкі выглядаюць вельмі гарманічна, упісваюцца ў патрыярхальную архітэктуру гістарычнага мястэчка. Тут добра ўжываюцца дзве канфесіі — праваслаўная і каталіцкая. Так, як ладзяць між сабой у нашай Беларусі прыхільнікі розных веравызнанняў.
Да сустрэчы з архіерэем у храме ўсё было гатова. Дзеткі, як анёлы з кветкамі ў руках, сустракалі ўладыку вершамі. Архіепіскап Іаан пацікавіўся поспехамі ў школе, настроем, затым прайшоў у храм, бласлаўляючы прысутных вернікаў.
У святочнай літургіі прынялі ўдзел благачынны цэркваў Пружанскай акругі, настаяцель прыхода храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага Міхаіл Носка, іншыя служыцелі Брэсцкай епархіі.
На юбілейнае свята прынята прыходзіць і прыязджаць з падарункамі. Ад райвыканкама даволі значны падарунак храму — вялікі дыван — прыпаднеслі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновічі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік.
Апынуўшыся ў сценах такога саліднага па ўзросце храма, міжволі ўсведамляеш, што нягледзячы на віхуры гісторыі, калі знішчаліся цэрквы, укаранялася багаборніцтва, калі паганы бот гітлераўцаў таптаў нашу зямлю, гэты будынак выстаяў. А значыць, пабудаваны ён не на пяску, а на сапраўдным камені веры, надзеі і любві.
Віктар Ільюшчанка, фота аўтара