Воскресенье, 8 декабря 2024

Отставить панику! Жители Муравы поделились рецептами здоровья

817

Пакуль адны з жахам сочаць за навінамі з Кітая і ўжо малююць у сваёй галаве страшныя карцінкі няроўнай бітвы чалавецтва з каранавіруснай інфекцыяй, іншыя планамерна і без панікі ўма-цоўваюць уласны імунітэт усімі даступнымі сродкамі. А паколькі выдатнымі знаўцамі ў гэтым пытанні з’яўляюцца жыхары пушчанскіх вёсак, па рэцэпты здароўя нашы журналісты адправіліся менавіта да іх. Вось парады жыхароў Муравы.
Вольга:


— Вядома, нас палохаюць чуткі пра каранавірус, ды і наогул засцерагаемся ад грыпу і прастуд, таму часцей ужываем у ежу часнок і лімоны. Дарэчы, з лімона, мёду і кораня імбіру раблю “эліксір зда-роўя”: перакручваю ўсе інгрэдыенты ў аднолькавых прапорцыях на мясарубцы. Сумесь трэба прымаць па 1 чайнай лыжцы два-тры разы на дзень разам з чаем. А ўжо калі з’яўляецца кашаль, намазваю на ліст капусты мёд і прыкладаю да грудзей і спіны. Абматацца ваўнянай хусткай— і ў ложак. Некалькі такіх “прымочак” – і ніякіх табе бранхітаў!

Ніна:


— Я карыстаюся правераным рэцэптам: дробна сяку цыбулю, заліваю яе мёдам, настойваю тры дні. Прымаю па 1 чайнай лыжцы пры насмарку і кашлі. Нават дзецям можна даваць гэты сродак. Толькі, удакладню, пры ўмове, што ў іх няма алергіі на пчаліныя прадукты. Таксама пры кашлі добра дапамагае бурак з мёдам. Так, так, менавіта чырвоны бурак, а не рэдзька. Выразаем у ім варонку, запаўняем яе мёдам, і калі бурак пусціць сок, прымаем па 1 чайнай лыжцы некалькі разоў на дзень.

Надзея:


— Я таксама з ліку тых людзей, якія, перш чым ужываць антыбіётыкі, імкнуцца лячыцца народнымі сродкамі. Забалела горла – я пачынаю яго як мага часцей паласкаць: на шклянку цёплай вады бяру па 1 сталовай лыжцы мёду і воцату. Не паверыце! Хапае літаральна двух паласканняў, каб стала лягчэй глынаць. А пры бранхітах, калі тэмпература не павышана, на ноч кладу на грудзі нагрэты праснак з мукі, алею і мёду. “Выцягвае” ўсе хваробы.

Павел:


— Я хварэю, дзякуй Богу, вельмі рэдка. Мой рэцэпт здароўя просты і танны – лазня! Сапраўдная такая — з парылкай і дубовым венікам! Калісьці ж як было? Пры першых прыкметах хваробы людзі “выпарваліся” ў лазні, грэліся на печы, на ноч пілі чай з малінавым варэннем ці адвар з галінак маліны – і раніцай ад хваробы і следу не заставалася… Старыя кажуць яшчэ, што вельмі карысна першым снегам нацерці твар і рукі – і прастуда не “прычэпіцца”. Ды дзе сёлета той снег!

Надзея:


— З задавальненнем падзялюся бабуліным рэцэптам для ўмацавання імунітэту: летам не ленавацца і назбіраць чарніц, брусніц, журавін, маліны. Таксама нарыхтаваць лекавыя зборы з травы багуну, чабору, зверабою, лісця чарніц і кветак ліпы. Зімой дзеля прафілактыкі захворванняў і пры самой прастудзе варыць і прымаць морсы і адвары. Ну і, вядома, думаць пра лепшае. Добры настрой – таксама някепскі сродак ад хвароб.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).