Суббота, 14 декабря 2024

Отопительная «математика». Рассказываем, что нужно знать, если у квартиры несколько собственников

1 832

У бягучым годзе пачатак ацяпляльнага перыяду некаторым жыхарам дамоў камунальнага жылога фонду прынясе сюрпрызы, хутчэй за ўсё, непрыемныя — у выглядзе павялічаных сумаў па аплаце за камунальныя паслугі. Звязана гэта, як патлумачыла начальнік разлікова-даведачнага цэнтра КУВП «Камунальнік» Н.М.Зялевіч, з прынятай яшчэ чатыры гады таму Пастановай Саўміна №571 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі». Згодна з п.21 гэтага дакумента, налічэнне сумаў за аплату камунальных паслуг здзяйсняецца суадносна памерам долі кожнага ўласніка на правах агульнай уласнасці. Дагэтуль норма выкарыстоўвалася ў тых выпадках, калі самі ўласнікі жылых памяшканняў звярталіся ў разлікова-даведачны цэнтр для падзелу асабістых рахункаў. І вось у чэрвені бягучага года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў Пастанову №510, у якой вызначаны адназначны парадак налічэння камунальных сумаў пры наяўнасці некалькіх уласнікаў жылля.
— За камунальнай службай замацаваны абавязак здзяйсняць налічэнне аплаты за камунальныя плацяжы на кожнага ўласніка кватэры, нягледзячы на месца яго жыхарства,— тлумачыць Наталля Мікалаеўна.— Спецыфіка нашага раёна ў тым, што і ў горадзе, і ў некаторых населеных пунктах нямала дамоў з так званага «былога ваеннага фонду». Падчас прыватызацыі гэтай нерухомасці долі ва ўладанні кватэр дзяліліся паміж некалькімі паўналетнімі членамі сям’і. І цяпер, калі мы пачалі збіраць дакладную інфармацыю аб уласніках для прывядзення ў адпаведнасць інфармацыйнай базы, то выявілі, што падобных прыкладаў у раёне нямала. Нават давялося сутыкнуцца з такой сітуацыяй: у адным з дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай ёсць кватэра, права ўласнасці на якую падзелена ажно на 8 доляў. Дык вось цяпер на адрас жылога памяшкання, у якога некалькі ўладальнікаў, будзе прыходзіць адразу некалькі «жыровак» з падзелам камунальных плацяжоў на ўсіх.
— Наталля Мікалаеўна, дык у чым тады непрыемны сюрпрыз? Хутчэй за ўсё, гэта будзе нязручна камунальнай службе, якая раней налічвала адну суму, а цяпер будзе дзяліць на дзве, тры і нават восем доляў.
— Гэта толькі ў тым выпадку, калі будуць прымяняцца субсідзіраваныя тарыфы, на якія маюць права толькі зарэгістраваныя ў канкрэтнай кватэры ўласнікі. Часцяком уладальнікі доляў толькі валодаюць правам уласнасці, а зарэгістраваны зусім па іншых адрасах. І вось тады за камунальныя паслугі будуць налічвацца плацяжы па поўным, эканамічна абгрунтаваным тарыфе. Чаму мы чакаем вялікую колькасць тэлефанаванняў менавіта з пачаткам ацяпляльнага перыяду? Справа ў тым, што без уліку сум за ацяпленне змяненні ў «жыроўках» не вельмі сур’ёзныя і мала заўважныя. А калі ўладальнікам давядзецца аплачваць за спажытыя гігакалорыі ў 4-5 разоў больш, вось тады яны абавязкова звернуць увагу на павелічэнне сумаў і пачнуць стукаць у дзверы камунальнай службы.
— Ці вядзецца зараз якая-небудзь тлумачальная работа?
— У буйных гарадах Беларусі нашы калегі абмежаваліся распаўсюджаннем інфармацыі на пад’ездных дошках аб’яў ці ў розных СМІ. Мы ж вырашылі «падстрахавацца» і размясцілі тлумачэнні ў «жыроўках». Таксама нашы кантралёры абыходзяць жылыя аб’екты камунальнага фонду для перазаключэння дагавораў на ацяпленне, дзе жыльцам таксама тлумачаць змяненні ў парадку налічэння аплаты. Але ж, мяркую, ёсць такія грамадзяне, якія не звяртаюць увагі на папярэджанні да апошняга моманту.
Са свайго боку, мы скарысталіся базай уласнікаў жылля ў нашым раёне, дадзенай Нацыянальным кадастравым агенцтвам, і можам гарантаваць, што ніхто не застанецца па-за ўвагай. А вось прымаць пэўныя намаганні, каб змяніць сітуацыю з выстаўленнем плацяжоў па эканамічна абгрунтаваных плацяжах, грамадзяне павінны самастойна.
— Наталля Мікалаеўна, калі Вы пацвердзілі існаванне пэўных працэдур, якія дапамогуць знайсці выйсце з вышэйназванай сітуацыі, то раскажыце, калі ласка, пра іх падрабязней.
— У тых, хто разам з іншымі асобамі валодае адной нерухомасцю, яшчэ ёсць час змяніць падыходы пры налічэнні платы за паслугі ЖКГ і перайсці на субтарыф. Для гэтага можна скарыстацца некалькімі законнымі магчымасцямі.
Па-першае, зарэгістравацца ў сваёй долі па месцы жыхарства і атрымаць права на субсідзіраванне тарыфаў па аплаце за камунальныя паслугі.
Другім варыянтам могуць скарыстацца тыя, хто не можа зарэгістравацца сам: у такім выпадку можна зарэгістраваць членаў сваёй сям’і. Варта нагадаць, што такое права даецца толькі мужу, жонцы, іх бацькам і дзецям, а не блізкім або далёкім сваякам.
Разумею, што і такі варыянт не ўсе змогуць выкарыстаць.Таму існуе яшчэ трэцяя магчымасць, але менш зручная, чым першыя дзве: праз мясцовыя выканаўчыя органы заключыць дагавор аб найме жылля, што дае права зарэгістраваць у кватэры не члена сям’і. Такім чынам уладальнік долі атрымлівае права здаваць сваю частку нерухомасці ў арэнду і адначасова права на субсідзіраванне тарыфаў на камунальныя плацяжы. Але ж у такім выпадку грамадзянін трапляе ў поле зроку падатковых органаў, што накладае на яго адпаведныя фінансавыя абавязкі, а на гэта не ўсе ідуць ахвотна.
І нарэшце, можна ўвогуле адмовіцца ад сваёй долі на карысць іншага ўласніка часткі жылля, падарыць сваё права ці прадаць з адпаведным афармленнем дакументаў праз установы, якія выконваюць гэтыя працэдуры.
У любым выпадку часу засталося нямнога да першых «жыровак» з плацяжамі за ацяпленне, таму раю выбіраць адзін з варыянтаў, каб не аплачваць поўны кошт камунальных паслуг.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *