Прызваннем выпускніцы Белалясоцкай базавай школы Таццяны Раманюк стаў спорт. Ды, здавалася, яшчэ такі нежаночы від, як армрэстлінг. Сёння на рахунку спартсменкі перамогі не толькі на чэмпіянатах Еўропы, але і свету.
На адным з апошніх – ХХVІ чэмпіянаце Еўропы па армрэстлінгу, які прайшоў у Бухарэсце, сярод юніёраў “золата” ў паядынках на правую руку і “серабро” ў паядынках на левую руку ў вагавай катэгорыі да 60 кг заваявала Таццяна Раманюк, якая цяпер прадстаўляе Нясвіж, дзе і жыве.
Яна неаднаразовая пераможца і прызёр чэмпіянатаў, кубкаў Рэспублікі Беларусь. Але самай значнай перамогай лічыць перамогу на чэмпіянаце свету ў Вільнюсе, якую заваявала ў 2014 годзе.
Пасля заканчэння вясковай школы ў нашым раёне, яна з чырвоным дыпломам скончыла Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, цяпер сумяшчае працу ў Нясвіжскай СШ №4 з вучобай ў БДУ фізкультуры і… збіраецца замуж — за спартсмена-армрэстлінгіста. Цяпер да перамог яны будуць крочыць разам. Дык пажадаем ім поспеху!