12 лістапада споўнілася роўна год, як пружанскія хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі магчымасць займацца дзюдо. Брэсцкая СДЮШАР прафсаюзаў па відах барацьбы адкрыла ў нашым горадзе аддзяленне па гэтым, дарэчы, алімпійскім відзе спорту. Трэнерам быў прызначаны наш зямляк Андрэй Кавалеўскі.
Сёння ў пружанскім аддзяленні займаецца 29 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 12 гадоў. Нягледзячы на невялікі спартыўны стаж, многія з іх паспелі гучна заявіць пра сябе на спаборніцтвах рознага ўзроўню. А вось на адкрытым першынстве Пружанскага раёна, якое прайшло напярэдадні першага дня нараджэння, аддзяленне было прадстаўлена 26-цю байцамі. У выніку амаль усе з іх сталі прызёрамі. Перамогу ў той дзень святкавалі Ягор Кашчанка і Мілана Рэвенька. Што тычыцца Ягора, ён займаецца літаральна з першых дзён адкрыцця аддзялення, і ўжо праз тры месяцы трэніровак хлопчык заваяваў дзве сур’ёзныя ўзнагароды. Трэнер упэўнены, што скарбонка ўзнагарод Ягора будзе папаўняцца і далей. Для Міланы гэтая перамога стала першай, прагрэс, які паказвае дзяўчынка, сведчыць, што для яе ўсё яшчэ толькі пачынаецца.
Вялікія перспектывы Андрэй Кавалеўскі бачыць яшчэ ў адным сваім выхаванцы – Ягору Каульку. Надзеі ўскладаюцца і на Арцёма Казбяровіча і Мацвея Крастапчука. Мацвей, дарэчы, ужо заявіў пра сябе і на міжнароднай арэне: у складзе СДЮШАР нядрэнна выступіў ва Украіне.
Наогул Андрэй Аляксандравіч лічыць, што дзюдо – гэта від спорту, які прыносіць карысць незалежна ад занятых на спаборніцтвах месцаў.
— Калі ставіцца да дзюдо, як да віду барацьбы – безумоўна, гэта спорт. Але ж гэта яшчэ філасофскі накірунак, які нясе выхаваўчыя моманты. І ў некага раней, у некага пазней станоўчы вынік будзе бачны. Дзюдо дапамагае загартавацца характару і ўмацоўвае як фізічна, так і псіхалагічна. А яшчэ гэта ўніверсальны від спорту, які аднолькава падыходзіць і юнакам, і дзяўчатам.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).