Сёння стаматалогія развітая настолькі, што дазваляе, напрыклад, не сапсаваць здаровыя зубы, калі патрэбна пратэзіраванне, для чаго можна скарыстацца метадам імплантацыі. Эстэтычная стаматалогія дазваляе адрэстаўрыраваць зуб, змяніць яго форму, а артадонты дапамагаюць выраўняць зубы і без брэкетаў… Хацелася б даведацца, якім чынам можна вярнуць белізну зубам і як да працэдуры адбельвання адносяцца самі стаматолагі.
Са званка ў рэдакцыю.
На пытанне адказвае ўрач-стаматолаг Павел Крачко:
— Сёння магчыма і адбельванне зубоў, і іх асвятленне. Як у першым, так і ў другім выпадку дасягаецца станоўчы вынік: паверхня зубоў сапраўды становіцца святлейшай. Але ў чым адрозненне?
Адбельванне зубной эмалі ўяўляе сабой хімічнае ці фотахімічнае разбурэнне афарбаваных злучэнняў у яе паверхневым слоі на пэўную глыбіню. Інакш кажучы, моцныя акісляльнікі абескаляроў-ваюць афарбаваныя рэчывы, пераводзячы іх у неафарбаваныя злучэнні. Зразумела, не заўсёды такое адбельванне бяспечнае для зубоў.
А вось асвятленне зубоў заснавана на зусім іншым прынцыпе: тут гаворка ідзе пра механічнае выдаленне з паверхні эмалі пігментаваных адкладанняў (напрыклад, налёту, зубнога каменя). Для гэтага прымяняюцца ультрагук, тэхналогія Air Flow, абразіўныя адбельваючыя зубныя пасты… У цэлым асвятленне пры захаванні тэхналогіі з’яўляецца больш бяспечным.
З пункту гледжання белізны ўсмешкі выніковасць адбельвання відавочная. Але асабіста я не прыхільнік такіх уздзеянняў на зубы. Чаму? Пасля працэдуры эмаль уяўляе сабой порыстую губку, якая мае патрэбу ў неадкладнай дапамозе — рэмінералізацыі. Па гэтай жа прычыне першы час назіраецца вельмі выяўленая адчувальнасць эмалі да рознага роду раздражняльнікаў: балюча піць халодную ваду, есці цвёрдую ежу, а іншы раз проста дыхаць ротам. Да слова, у перыяд аднаўлення эмаль вельмі ўразлівая да афарбоўвання, напрыклад, кавай, віном і іншымі прадуктамі.
Як жа быць, калі хочацца мець беласнежную ўсмешку? Нічога лепшага за зубную пасту і шчотку пакуль яшчэ не прыдумалі. Можна купіць высакаякасную адбельваючую пасту і перыядычна карыстацца ёю падчас чысткі зубоў. Але нават выбар добрай, эфектыўнай пасты не прымяншае ролі чалавека ў граматным ачышчэнні зубоў: прымяняць высокаабразіўныя адбельваючыя зубныя пасты трэба з поўным разуменнем таго, як гэтая працэдура ўздзейнічае на вашы зубы і што можа быць, калі прымяняць пасту няпра-вільна. Каб не нашкодзіць сабе, раю прыкладна раз на год хадзіць на прафесійную чыстку зубоў да стаматолага. Магчыма, гэтая працэдура і не зробіць вашы зубы абсалютна бялюткімі (на самай справе, не ўсіх прырода надзяляе такімі), затое захавае іх здаровымі.