Грыбы — смачныя і ўнікальныя па сваіх уласцівасцях расліны, якія падабаюцца людзям у любым выглядзе: салёным, смажаным, вараным. Але нярэдка гэтая страва ўяўляе сабой пагрозу. Пра гэта нагадвае ўрач-гігіеніст Пружанскага РЦГЭ Людміла Бяліцкая.
З-за чаго грыбы бываюць небяспечнымі?
— Грыбы — гэта асобнае царства жывой прыроды, якое ўключае ў сябе вялікую разнастайнасць ядомых і неядомых экзэмпляраў. З аднаго боку —усім вядомыя белы грыб, чырвонагаловікі і падбярозавік, якія лёгка пазнаць. Але нярэдка аматары «ціхага палявання» збіраюць грыбы, якія, хаця і лічацца ядомымі, нясуць патэнцыйную небяспеку. А іншы раз здараецца так, што нават дасведчаныя грыбнікі памыляюцца і замест ядомых грыбоў збiраюць абсалютна непрыдатныя для ежы, — гаворыць Людміла Бяліцкая. — Трэба таксама памятаць, што любыя грыбы павінны старанна апрацоўвацца, правільна гатавацца.
На самой справе спосабаў атручвання нямала. І, што цікава, прычынай таму можа стаць не толькі неядомы грыб.
Людміла Леанардаўна ўдакладняе:
— Калі грыбы растуць, напрыклад, паблізу прамысловых прадпрыемстваў, аўтатрас, лепш устрымацца ад іх збору. Таксама не варта збіраць ці купляць грыбы пашкоджаныя, з надломамі: у гэтых месцах, як правіла, назапашваюцца атручвальныя рэчывы.
Мікраарганізмы, небяспечныя для чалавека, могуць развівацца і ў замарожаных неапрацаваных грыбах. Менавіта па гэтай прычыне нельга ігнараваць працяглую тэрмічную апрацоўку свежых грыбоў, калі робіце нарыхтоўкі на зіму. Да інтаксікацыі можа прывесці дрэнная апрацоўка нават самых добрых грыбоў, таму іх вымочванне і цеплавая апрацоўка павінна займаць не менш за 30 мінут.
Калі звяртацца па дапамогу?
У залежнасці ад таго, які від атрутных грыбоў трапіў у страўнік, сімптомы інтаксікацыі можна адчуць як праз тры гадзіны, так і праз палову сутак.
— Шкодныя рэчывы хутка пранікаюць у кроў, таму чым раней вы адчулі недамаганне, тым хутчэй неабходна звярнуцца па медыцынскую дапамогу, — тлумачыць урач-гігіеніст.
Асноўныя сімптомы атручвання грыбамі падобны да тых, якія назіраюцца пры звычайным харчовым атручванні: галавакружэнне і галаўны боль, слабасць, зніжэнне ціску, болі ў жываце, млоснасць, ваніты, панос. Калі пасля ўжывання ў ежу любога віду грыбоў (салёных, марынаваных, вараных, смажаных) адчуваецца хаця б адзін з гэтых сімптомаў, лепш неадкладна выклікаць «хуткую».
— Пры спалучэнні адразу некалькіх сімптомаў і цяжкай інтаксікацыі ёсць падазрэнне, што вы з’елі ілжывыя апенькі. Калі назіраюцца галюцынацыі, гаворка ідзе аб атручванні грыбамі, якія змяшчаюць псіхагенныя рэчывы, —мухаморы, напрыклад.
Здараецца і так, што сімптомы атручвання праяўляюцца толькі на наступны дзень пасля ўжывання грыбоў у ежу. У гэтым выпадку павінна насцеражыць дрымотнасць: калі нягледзячы на здаровы начны сон, чалавек адчувае пастаяннае жаданне спаць. У любым выпадку, калі на працягу сутак пасля ўжывання грыбоў з’явілася недамаганне, лепш звярнуцца да ўрача.
Схаваная інтаксікацыя пачынаецца адразу пасля таго, як атрута трапіла ў арганізм, і доўжыцца да першых чатырох гадзін, пакуль не з’яўляюцца відавочныя сімптомы. Гастраінтэстынальная стадыя — ад 1-4 да 5-8 гадзін, калі чалавек ужо адчувае яўныя сімптомы атручвання. Пасля першых праяўленняў атручвання можа наступіць аблягчэнне, але варта быць уважлівымі: праз 3-4 гадзіны самаадчуванне можа пагоршыцца яшчэ больш.
Людміла Леанардаўна папярэджвае, што канчатковае выздараўленне наступае толькі пры прыняцці неабходных мер. Калі чалавек праігнараваў усе сімптомы атручвання і не звярнуўся да медыкаў, зыход можа быць самы сумны.
Першая дапамога пры атручванні грыбамі
Каб пазбегнуць небяспечных наступстваў, важна ведаць, што рабіць пры атручванні грыбамі да прыезду «хуткай дапамогі».
— Першая мера барацьбы з атручваннем заключаецца ў прамыванні страўніка. Да прыезду «хуткай» неабходна выпіць як мага больш вады (не менш 1,5-2 літраў) і самастойна выклікаць ваніты, націскаючы двума пальцамі на корань языка, — раіць спецыяліст. — Калі расстройства страўніка не назіраецца, а выклікаць ваніты не ўдаецца, трэба выпіць слабіцельнае. Незаменным памочнікам пры атручванні з’яўляецца актывіраваны вугаль. Але яго патрабуецца шмат: з разліку адна таблетка на кожныя 10 кілаграмаў вагі пацярпелага.
Канкрэтнае лячэнне: стацыянарнае, амбулаторнае або на даму, — назначыць урач. У любым выпадку пасля атручвання грыбамі хвораму спатрэбіцца пасцельны рэжым, дыета і ўжыванне вялікай колькасці вады, каб хутчэй ачысціць арганізм.
Падрыхтавала Марына Вакульская