Днямі на тэрыторыі раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, што ў вёсцы Руднікі, як грыбы пасля дажджу, “павырасталі” турыстычныя палаткі.

На працягу двух дзён, адразу пасля вялікага свята Перамогі, тут праходзіла традыцыйная раённая ваенізаваная гульня “Арляня — 2019”, сёлета прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дванаццаць каманд з вучняў 9-11 класаў гарадскіх (акрамя гімназіі), а таксама Параслянскай, Кляпацкай, Мокраўскай, Хараўской, Слабадской, Магілявецкай, Ліноўскай і Навасёлкаўскай устаноў адукацыі змагаліся за званне самых рашучых, стойкіх і адважных атрадаў года.
Судзейская брыгада ў складзе настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя школ раёна, інструктараў раённага фізкультурна-спартыўнага клуба “Мухавец”, метадыстаў аддзела па адукацыі райвыканкама і іншых спецыялістаў пад старшынствам дырэктара ЦДЮТіК С.А. Макарчука строга ацэньвала шматпрофільную фізічную і культурную падрыхтоўку, сілу волі і характар удзельнікаў злёту.
Школу мужнасці годна прайшлі дзясяткі юнакоў і дзяўчат. Ранні пад’ём, насычаная конкурсная праграма з пастраеннем і здачай рапартаў, перастраенні ў шарэнгах, адданне воінскага прывітання і марш з вайсковай песняй перад журы — страявы палёт “арлянят” не саступаў строю сапраўдных салдатаў. Лепшымі ў гэтым конкурсе былі прызнаны “арляняты” з СШ № 3.

А потым юнармейцам прадстаяла арыентаванне на мясцовасці, пераадоленне складанай паласы перашкод і іншыя іспыты, па кожным з якіх падводзіліся прамежкавыя вынікі. Самымі спрытнымі ў ваенна-спартыўнай эстафеце аказаліся навучэнцы СШ № 4, яны ж перамаглі і ў конкурсе патрыятычнай песні. А ўвечары самыя пявучыя “арляняты” фантанавалі энергіяй на святочнай дыскатэцы, наладжанай работнікамі мясцовага сельскага Дома культуры…
Другі дзень пачаўся з форс-мажорных абставін. Праліўны дождж паспрабаваў прагнаць з “поля бою” юных салдатаў, аднак пацярпеў паражэнне: “арляняты” не здаваліся і працягвалі “ваяваць” па раскладзе. Спаборніцкая атмасфера трымала ўсіх у пастаянным напружанні і прымушала выкарыстоўваць для падрыхтоўкі да чарговага этапу кожную хвіліну.

Нягледзячы на дождж, на “ўра” прайшла аперацыя “Снайпер”. У стральбе па мішэні з пнеўматычнай вінтоўкі без аптычнага прыцэла самымі зоркімі аказа-ліся старшакласнікі Параслянскай сярэдняй школы, яны ж перамаглі ў пажарнай эстафеце.
Найлепшую медыка-санітарную падрыхтоўку прадэманстравалі навучэнцы СШ № 5. Дарэчы, гэты атрад перамог і ў конкурсе знаўцаў пажарнай справы.

Свой інтэлект “арляняты” прадэманстравалі на конкурсе баявых лісткоў і віктарыне, якую па-за конкурснай праграмай правялі члены раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Дарэчы, валанцёры ўручылі пераможцам віктарыны шмат падарункаў…
На працягу ўсёй гульні ацэньвалася і ўменне школьнікаў арганізоўваць свой турыстычны побыт. Суддзі правяралі санітарны стан палатачных лагераў і ацэньвалі ступень выканання ўдзельнікамі правілаў тэхнікі бяспекі, захоўвання прадуктаў, утылізацыі бытавых адходаў і г.д. У гэтым конкурсе ўсе каманды выглядалі годна.

Канчатковыя вынікі гульні “Арляня — 2019” былі аб’яўлены на ўрачыстым пастраенні, дзе і прайшло ўзнагароджанне пераможцаў. Вышэй за ўсіх узляцелі “арляняты” з Параслянскай СШ, на другім месцы аказаліся спартсмены з Кляпацкай СШ. Замкнулі тройку прызёраў навучэнцы СШ № 3.
На жаль, усяго аднаго бала не хапіла, каб падняцца на п’едэстал камандзе са Слабудкі, стойкія юнармейцы якой на працягу амаль усіх спаборніцтваў наступалі лідарам на пяткі. Аднак ні слабадчане, ні іншыя прайграўшыя каманды не палі духам і разам адзначылі, што правялі ў Рудніках незабыўныя дні. Такім чынам, пераможцы з каштоўнымі падарункамі і граматамі ад арганізатараў спаборніцтваў (аддзела па адукацыі райвыканкама і райкама БРСМ), а астатнія ўдзельнікі з пазітыўным настроем вярнуліся дадому.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.