Воскресенье, 8 декабря 2024

«Орешки грызёт и песенки поёт». В Староволе выкормили бельчонка-сироту

791

Вугалька і яго трох братоў знайшлі леснікі. У лесе ўпала старая сасна. У ёй аказалася дупло, а ў дупле — чатыры маленькія сляпыя ваверчаняці.
Некалькі дзён людзі спадзяваліся, што зніклая маці вернецца да сваіх дзяцей. Цуду не адбылося… Што рабіць? Падымаць сірот на ногі, дакладней, на лапы.
— Стукаецца да нас сусед-ляснік, — распавядае Марына Аляксандраўна Навумчык. — Адчыняю дзверы. Бачу, у кошыку круціцца нешта рыжае і пухнатае. Ваверчаняты! Узяла аднаго на рукі, а худзенькае малое цельца, на здзіўленне, такое доўгае, як змейка ў футры, так і выгінаецца. Першая думка: пакарміць. А чым? Нічога ж не ведала пра гэтых дзіўных звяркоў. Карову, свіней трымала, а вось каб ваверчаня гадаваць, то гэта ў мяне ўпершыню.


Спрабавала жанчына адкармліваць пухнацікаў малаком з піпеткі. Грэла, песціла, але трое з пухнатай чацвёркі не выжылі.


— Занадта позна я даведалася, што ваверчанятам не падыходзiць каровіна малако: нейкія небяспечныя метабалічныя працэсы ў іх у арганізме пачынаюцца. Толькі казінае магло іх выратаваць. Пабегла да суседкі. — Памажы, Сяргееўна, Вугалька трэба ратаваць!


І ён выжыў. З радасці гаспадары прасторнага старавольскага дома паставілі яму ў цёплым пакоі вялікую клетку вышынёй каля 1 м, «пасадзілі» там дрэва, паставілі кармушку і паілку. Вугалёк (дарэчы, так яго празвалі зусім не з-за колеру шэрсці, няма на ім ніякай чарнаты, а з-за вачэй, чорных і бліскучых, як аліўкі) пачаў есці і паступова набірацца сіл.


Сёння звярок з задавальненнем арэшкі грызе. А арэшкі не простыя: фундук і іншая экзотыка. Толькі ніколі ў яго кармушцы няма арахісу і салёных семак, паколькі тыя, як патлумачыла Марына Аляксандраўна, для вавёрак вельмі шкодныя.


— Яшчэ грыбамі сушанымі Вугалька кормім, даём звычайны школьны мел і яечную шкарлупіну, каб папаўняць дэфіцыт мінеральных рэчываў. Як у казцы жыве: арэшкі грызе і песенькі спявае. Што тычыцца песенек, то яны ў яго ў залежнасці ад настрою — на розны лад. Бывае, свішча, бывае, зубамі цокае. А калі злуецца, то нават рыкаць спрабуе.


— Відаць, у гаспадыні-спявачкі майстар-класы па спевах бярэ? — жартую, ведаючы, што Марына вельмі хораша спявае (пра яе мы пісалі нядаўна на старонцы «Зямное і нябеснае»).


— А я затое вучуся ў яго «круціцца, як вавёрка ў коле», — смяецца жанчына.


Круціцца Вугалёк, сапраўды ўзорна: убачыўшы нас, узмахнуў сваім прыгожым пышным хвастом і пачаў рабіць сальта па ўсёй клетцы. То на галінцы на імгненне затрымаецца, то ў паветры намалюе «васьмёрку», то бязгучна прызямліцца, дэманструючы гледачам свае зграбныя выгібы, бездакорны манікюр і гуллівыя пэндзлікі на вушках. Бязважкасць ды і толькі!


— Ну, не зусім бязважкасць: грамаў так восемсот Вугалёк важыць. Ловіць хвастом патокі паветра і балансуе. А трохі стоміцца — пачынае грызці галінку, каб «спілаваць» лішнюю даўжыню сваіх чатырох пярэдніх зубоў, якія растуць з вялікай хуткасцю.


Пытаюся ў гаспадыні, няўжо Вугальку не хочацца на свабоду? Аказваецца, свабоды яму хапае. Калі яшчэ аднаго насельніка дома — вялікага ўкормленага ката Рыжыка — адпраўляюць на дзённы шпацыр, вавёрцы дазваляюць весяліцца за межамі клеткі.


— І тут вымалёўваецца такая складаная траекторыя, што ёй змог бы пазайздросціць лепшы гоншчык «Ферары»: шпалеры, канапа, палас, цюлі… У абавязковым парадку на шляху — мая сумачка, дзе па звычцы захоўваю шакаладныя цукеркі для дзяцей. Вугалёк дзіўным чынам пралазіць унутр, як ні закрывай, заціхае. А потым чуеш: шурк-шурк, чмок-чмок. Ужо зразумела: фанцік разгорнуты, цукерка з’едзена. Ох, які ласун! Папоўніць запасы глюкозы і пачынае наводзіць паўсюль “утульнасць”, збірае ўсё, што дрэнна ляжыць. А калі ўжо зусім з лап валіцца, гэта бліжэй да ночы здараецца, то хвастом накрываецца, як коўдрай, і засынае салодкім сном. Каб з самай раніцы пачаць нас забаўляць сваімі ўсходнімі танцамі жывата, дакладней, белага пухнатага брушка.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).