Понедельник, 12 мая 2025

Ордэны за мацярынства ўручылі ў пятніцу тром жыхаркам раёна

1 208

Жыццё працягваецца ўсім «кавідам» наперакор: нараджаюцца дзеці, а значыць, Беларусь папаўняецца новымі грамадзянамі. І хочацца толькі пажадаць, каб у сем’ях панавалі любоў, паразуменне і вера ў годную будучыню.

Як мы паведамлялі ўжо, тры жыхаркі Пружанскага раёна былі ўзнагароджаны ганаровымі ордэнамі Маці. Урачыстае ўшанаванне жанчын, якія нарадзілі і выхоўваюць пяць дзяцей, прайшло ў гарадскім Палацы культуры. І няхай усім прысутным давялося захоўваць масачны рэжым, свята ад гэтага не стала менш цёплым і радасным.

Ва ўтульнай, камернай абстаноўцы пад апладысменты нешматлікіх гасцей віноўніц імпрэзы віншавалі прадстаўнікі райвыканкама, старшыні прафсаюзных арганізацый, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў і, вядома ж, самыя блізкія людзі.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, не павіншаваць асабіста маці-гераінь ён не мог.

— Сімвалічна, што Дзень маці адзначаецца разам з вялікім царкоўным святам Пакрова Багародзіцы: быць маці — гэта святое. Я выдатна разумею, колькі сіл і здароўя трэба аддаць жанчыне, каб нарадзіць, выхаваць і падняць на ногі такую вялікую колькасць дзяцей. І шчыра радуюся, што шматдзетных сем’яў у раёне і ў цэлым у краіне з кожным годам толькі большае. Жадаю ўсім здароўя, дабрабыту, поспехаў, міру! Няхай дзеці апраўдваюць усе вашы надзеі і прыносяць у дом толькі радасць, — сказаў Юрый Юр’евіч і ўручыў жанчынам пасведчанні і ордэны.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў і старшыня раённага аддзялення Беларускага фонду міру М.П.Кудравец уручыў Алене Мікалаеўне Жэлянгоўскай падарунак ад гэтага грамадскага аб’яднання. Асаблівы падарунак атрымала і жыхарка Аранчыц Таццяна Міхайлаўна Пацапня, якая да дэкрэтнага адпачынку працавала таварным касірам. Яго ўручыў прадстаўнік РУП «Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» А.В.Лукша. А жыхарка в.Новыя Засімавічы Вольга Уладзіміраўна Прэдка прымала віншаванні ад прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы і яе старшыні Ірыны Мікалаеўны Шэйко. Шчыра вітала шматдзетных мам і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Наталля Радзівонаўна Цібароўская.

На працягу ўсяго мерапрыемства святочны настрой прысутных падтрымлівалі артысты Палаца культуры Ульяна Кунда, Мілана Рудакоўская і Таццяна Навінка. Адметна, што арыгінальны музычны падарунак гасцям нечакана паднесла адна з мам. Вольга Прэдка праспявала песню «Куточак Беларусі» і падзякавала арганізатарам за цёплы прыём.

Пра вакальныя і іншыя таленты нашых матуль-гераінь, іх цудоўныя вялікія сем’і мы абавязкова напішам у бліжэйшых нумарах «раёнкі». А ад сябе пажадаем жанчынам, каб іх дзеці раслі паслухмянымі і здаровымі, мужы былі ўважлівымі і клапатлівымі, а сямейныя ачагі — напоўненымі ўтульнасцю, дастаткам і любоўю!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік