Сёмага кастрычніка па ініцыятыве міжнародных прафсаюзных арганізацый праходзіць Сусветны дзень дзеянняў за дастойную працу. А ў 1999 годзе міжнароднай арганізацыяй працы была прынята Праграма дастойнай працы, у аснову якой лягла канцэпцыя забеспячэння ўсіх працаўнікоў якаснымі і бяспечнымі працоўнымі месцамі, дастойнай і справядлівай аплатай, надзейнымі сацыяльнымі гарантыямі.
«Сёння ў Беларусі на ўсіх прадпрыемствах, дзе створана пярвічная прафсаюзная арганізацыя, заключаецца калектыўны дагавор. Гэты дакумент дае дадатковыя, не прапісаныя ў Працоўным кодэксе, гарантыі. Напрыклад, гарантыя занятасці, — зазначае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. — А сёння прафсаюзы настойваюць яшчэ і на тым, каб кожны калектыўны дагавор утрымліваў норму аб абавязковым падаўжэнні кантракта на максімальны тэрмін альбо перазаключэнні яго з добрасумленным работнікам».
У рамках Сусветнага дня дзеянняў за дастойную працу прайшло пашыранае пасяджэнне прэзідыума савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, на якім былі разгледжаны пытанні адпаведнай тэматыкі. Акрамя таго, падчас выязной нарады ў ААТ «Велікасельскае Агра» памятнымі падарункамі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую і добрасумленную працу былі адзначаны лепшыя работнікі гаспадаркі: аператар машыннага даення Галіна Лапука, якая працуе ў таварыстве ўжо трыццаць гадоў, і трактарыст Міхаіл Мардань (на здымку ў цэнтры), які прысвяціў сельскай гаспадарцы ўжо больш за пяцьдзясят гадоў.
Марына Вакульская.