“Praemonitus, praemunitus: папярэджаны — значыць, узброены!” — як і належыць урачу, па-лацінску жартуе загадчыца Шарашоўскай гарадской бальніцы Ларыса Уладзіміраўна Малышкевіч і з задавальненнем знаёміць журналістаў са сваім “авангардам” — трыма фельчарамі-лабарантамі, якія з’яўляюцца незаменнымі памочнікамі ўрачоў у справе своечасовай дыягностыкі захворванняў.
– Пачнём з Ніны Аляксееўны Місюлі, — расказвае загадчыца. — Яна працуе ў нас вельмі даўно: без малога 50 гадоў. У нашым калектыве яе вельмі паважаюць. Адказная, тактычная, заўсёды з усмешкай, нягледзячы на велізарную нагрузку, асабліва падчас эпідэмій і прафаглядаў. За дзень яна абслугоўвае дзясяткі чалавек. Ёй самой і хварэць няма калі! За ўсё смела бярэцца. Як толькі з’яўляецца магчымасць правесці новыя аналізы, яна абавязкова іх укараняе.
Адметна, што ў Ніны Аляксееўны ўсяго адзіны запіс у працоўнай кніжцы: адразу пасля заканчэння Мінскага медвучылішча ўраджэнка Целяхан па размеркаванні прыехала ў Шарашэва, тут выйшла замуж і засталася працаваць у мясцовай бальніцы.
– Мне заўсёды вельмі падабалася хімія, таму і вырашыла стаць менавіта лабарантам, — тлумачыць свой выбар прафесіі Ніна Місюля. — Так, сёння ў нас з дзяўчатамі вялікія нагрузкі, але раней было яшчэ цяжэй: даводзілася абслугоўваць яшчэ і Сухопальскую бальніцу, прафесійных лабарантаў заўсёды ў краіне не хапала. Гэта цяпер стала крыху лягчэй, і мы з задавальненнем займаемся біяхімічнымі даследаваннямі аналізаў. У параўнанні з тым далёкім, 1971 годам, калі я толькі пераступіла парог бальніцы, мы значна пашырылі магчымасці лабараторыі. Адной біяхіміі каля 20 даследаванняў! Але пара на заслужаны адпачынак. Дзеці і ўнукі чакаюць. Збіраюся да іх у Мінск пераехаць, — дзеліцца сваімі далейшымі планамі Ніна Аляксееўна.
– Куды ж мы яе адпусцім? — здзіўляецца лабарант Леаніда Пятроўна Калёска, якая пад пільным кіраўніцтвам старэйшай калегі асвойвала сакрэты прафесіі.
Леаніда Пятроўна мясцовая. Па заканчэнні Брэсцкага медвучылішча каля 15 гадоў працавала медсястрой у розных аддзяленнях Пружанскай, а потым Шарашоўскай бальніцы. А 22 гады таму, калі паддалася ўгаворам Ніны Місюлі, перайшла ў лабараторыю.Дарэчы, у дзень нашага прыезду на яе працоўным стале каля складанага прыбора красаваўся букет жывых кветак: у той дзень Леанідзе Пятроўне споўнілася 55 гадоў, з чым мы яе і паспяшаліся павіншаваць.
– Без Аляксееўны я б не асвоіла новую спецыяльнасць. Яна дакладна ведае нашу работу, — настойліва працягвае казаць пра Ніну Місюлю імянінніца. — З такім настаўнікам і інстытуты не патрэбныя. Праўда, Саша? — і жанчына пераключае нашу ўвагу на яшчэ аднаго лабаранта, маладзенькую дзяўчыну, якая сціпла сядзіць у кутку, схіліўшыся над мікраскопам.
Ураджэнка Пінскага раёна Аляксандра Уладзіміраўна Гузарэвіч толькі пачынае свой медыцынскі шлях. Адразу пасля заканчэння Пінскага вучылішча яна прыехала ў Шарашэва на адпрацоўку і вось ужо дзесяць месяцаў вывучае “мікрасвет у прабірках” з дапамогай Ніны Аляксееўны і Леаніды Пятроўны.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча