Суббота, 26 апреля 2025

Олимпиадник Арсений Вишневецкий: «Моя мама — мой стимул»

884

У свае пятнаццаць гадоў вучань Ружанскай СШ Арсеній Вішнявецкі мае стос грамат і дыпломаў практычна па ўсіх прадметах школьнай праграмы. Але, як прызнаецца сам, асаблівы інтарэс у яго да дакладных навук.

Арсеній перакананы, што на ім груз адказнасці большы, чым на яго аднагодках: падлетку трэба старанна вучыцца не толькі для засваення новых ведаў, пашырэння кругагляду — сорамна падводзіць маму, якая з’яўляецца па сумяшчальніцтве яшчэ і яго настаўніцай геаграфіі. Менавіта па геаграфіі і матэматыцы школьнік штогод паказвае нядрэнныя вынікі на раённым і абласным этапах прадметных алімпіяд.

— У шасцігадовым узросце на маё пытанне: «У якім стане знаходзіцца зямное ядро?» — Арсеній адказаў зваротным пытаннем: «Якое канкрэтна: унутранае ці знешняе?». Ужо тады стала зразумела, у якім накірунку цікава развівацца сыну, — расказвае Вольга Мікалаеўна.

Першы свой дыплом Арсеній узяў вельмі рана. Гэта быў раённы конкурс для вучняў пачатковай школы «Пазнайка», які патрабаваў добрых ведаў па ўсіх прадметах адразу. Мама хлопчыка прызнаецца, што не была здзіўлена: з малога непадробны інтарэс у яго выклікаў канал «Навука», пазнавальная літаратура.

— Сорамна прызнацца, але аднойчы ў кватэры назіралася смешная карціна: мы з мужам глядзелі гумарыстычнае шоу, а ў суседнім пакоі наш сын глядзеў навіны…

Не па гадах сур’ёзны падлетак дадае:

— Мае самыя любімыя школьныя прадметы — гэта матэматыка, фізіка і геаграфія. Хаця ўвогуле я старанна рыхтуюся да ўсіх урокаў, маю нядрэнную паспяховасць: усё-такі агульнае развіццё немалаважнае. А калі лянуюся, у прыклад ставяць маму: для мяне гэта, бадай, самы важкі аргумент, калі штосьці не атрымліваецца, але пачатае трэба давесці да канца.

Нельга сказаць, што Арсеній — адзіны вынік геаграфічных поспехаў Вольгі Вішнявецкай: сярод вучняў настаўніцы геаграфіі Ружанскай школы, якія выдатна дэманстравалі свае веды ў перыяд алімпіяднага руху, Яўген Стасюкевіч, Аліна Кіцэнка…

— Не паспееш азірнуцца, як за плячыма застануцца выпускныя экзамены. Кім хочаш стаць? — цікавімся ў хлопчыка.

— Канчаткова яшчэ не вырашыў. Але хацеў бы, каб мая будучая прафесія была звязана з IT-галіной.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.