Пятница, 13 декабря 2024

Оксана Кузьмина: «Женщина в бизнесе — давно не нонсенс»

890

У лістападзе 2019 года ў Брэсце прайшоў I Рэгіянальны форум прадпрымальніцтва ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва (Global Enterpreneurship Week). На мерапрыемства з’ехалася больш за 300 дэлегатаў з усіх абласцей рэспублікі. Удзел таксама прынялі прадстаўнікі бізнес-саюзаў і асацыяцый, экспертнай і акадэмічнай суполак, мясцовых і цэнтральных органаў дзяржаўнай улады, міжнародных арганізацый. Фінансавую падтрымку першаму форуму аказаў Еўрапейскі саюз пры актыўным удзеле Праграмы развіцця ААН (ПРААН) і ў партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.


Як расказвае адна з удзельніц форуму, пружанская прадпрымальніца Аксана Кузьміна, нягледзячы на розныя арганізацыйныя недакладнасці, мерапрыемства атрымалася даволі карысным і цікавым.
— У рамках форуму адбыўся шэраг мерапрыемстваў для прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў мясцовай улады,— кажа Аксана Мікалаеўна. — Удзельнікі змаглі абмяняцца вопытам і меркаваннямі па самых розных накірунках развіцця прыватнага бізнесу ў рэгіёнах, а таксама вывучыць міжнародныя напрацоўкі ў сферы інавацыйнага прадпрымальніцтва, пошуку альтэрнатыўных крыніц фінансавання.

Даведка «РБ»
Аксана Мікалаеўна Кузьміна з’яўляецца індывідуальнай прадпрымальніцай з 2004 года.
Актыўная і энергічная жанчына выбрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Пружанскай-Касцякоўскай выбарчай акрузе №3 і ўваходзіць у склад раённага савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Безумоўна, выказваліся і негатыўныя меркаванні, маўляў, ніякіх вынікаў ад падобных мерапрыемстваў не варта чакаць, бо розныя сустрэчы з прадпрымальнікамі ладзіліся і раней, а заканчваліся яны проста «размовамі». Але ж на думку пружанскай прадпрымальніцы, на гэты раз арганізатары звярнулі ўвагу менавіта на практычнае ўкараненне розных праектаў і ініцыятыў.
Працягам форуму стала рэалізацыя сацыяльнага праекта «Бізнес з нуля». У рамках яго задумана сабраць 500 жанчын Брэсцкай вобласці і на працягу амаль двух гадоў вучыць азам прадпрымальніцтва на бізнес-трэнінгах і навучальных семінарах, што, верагодна, дасць адчувальную падтрымку для адкрыцця ўласнай справы. І першыя такія сустрэчы прайшлі напрыканцы студзеня ў Кобрыне, Пінску і Баранавічах з удзелам старшыні праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыі Кліцуновай, заснавальніка кампаніі «Сямейная мануфактура Etno.by» Ільі Давыдава і прафесара ўніверсітэта Джорджа Мэйсана з ЗША Сузан Слокум.

Даведка «РБ»
Тэматыка падобных трэнінгаў — «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве». Гэта сумесная ініцыятыва БГА «Адпачынак у вёсцы», Брэсцкага аблвыканкама і дабрачыннага фонду «The Coca-Cola Foundation». Тэрмін рэалізацыі — па май 2021 года. Навучанне ў рамках праекта бясплатнае, але патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя на любым этапе рэалізацыі гэтых планаў. Для чаго дастаткова зайсці на сайт www.ruralbelarus.by, у раздзел «Нашы праекты». Удзельніцамі могуць стаць жанчыны, якія жывуць у сельскай мясцовасці Брэстчыны. Асаблівая ўвага надаецца заяўніцам, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.


У гэтай сустрэчы разам з іншымі індывідуальнымі прадпрымальніцамі з Пружанскага раёна таксама прыняла ўдзел і Аксана Кузьміна.
— Пакуль плануецца праводзіць падобныя сустрэчы штомесяц. Наступная павінна адбыцца напрыканцы лютага,— дзеліцца ўражаннямі прадпрымальніца.— Першы трэнінг можна аднесці да арганізацыйнага пачатку, калі яго ўдзельніцы толькі знаёміліся з планамі праекта і яго куратарамі. Нам больш расказвалі, чым пыталі пра ўласныя напрацоўкі або дасягненні.

Аднак падобная сустрэча менавіта для Аксаны Мікалаеўны стала дастаткова выніковай. Пружанская прадпрымальніца атрымала нямала юрыдычнай інфармацыі, прывезла новыя ідэі. Але самым карысным «багажом» жанчына называе знаёмства з іншымі прадстаўніцамі прыватнага бізнесу.
— Як аказалася, нашы жанчыны — выдатныя майстрыхі. Вельмі ўразілі аўтарскія работы ружанкі Ірыны Паляжаевай. Таксама ў нашым раёне ёсць тыя, хто робіць цудоўныя сувеніры з металу, пластыку, нават звычайнага мыла. Усім гэтым можна не толькі зацікавіць турыстаў, але і арганізаваць экспартныя пастаўкі.
Напрыклад, для сябе Аксана Кузьміна ўзяла ідэю па адкрыцці этнааграсядзібы. Разам з мужам набылі стары будынак у Параслянах, які быў пабудаваны ажно ў 1933 годзе. Аказалася, што праект гэтага дома распрацоўваў архітэктар, які працаваў над забудовай польскага гарадка Закапане.
— Нам расказалі пра тое, што сёння трэба арганізоўваць інтэрактыўны турызм. Напрыклад, на Брэстчыне ёсць сядзібы, дзе госці могуць прыняць непасрэдны ўдзел у вырабе сыроў або каўбас. Гэта стварае добры настрой і пакідае пазітыўныя ўражанні разам з жаданнем зноў прыехаць.

Даведка «РБ»
22 лютага ў Кобрынскім раёне, у в.Андронава, на базе аграсядзібы «Палескія традыцыі» пройдзе другі бізнес-трэнінг па тэме «Граматнае бізнес-планаванне — ваш шлях да поспеху». Экспертамі выступяць Яўген Зуеў, прадпрымальнік, трэнер, кансультант, дырэктар некамерцыйнай арганізацыі ІКУ «Садзейнічанне развіццю бізнесу», і Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы”, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт факультэта міжнародных адносін БДУ. На трэнінгах будуць разгледжаны галоўныя пытанні аналізу канкурэнтнага бізнес-асяроддзя, стварэння ўнікальных прадуктаў, іх прасоўвання на рынку, складання фінансавага плана і прэзентацыі бізнес-ідэі для продажу (у тым ліку вядомым метадам pitch). Вынікам мерапрыемства стануць напісаныя ўдзельніцамі праекты бізнес-планаў, з якіх пасля будзе адабрана 50 лепшых бізнес-ініцыятыў.

Збіраецца прадпрымальніца і на наступны трэнінг, які, як яна чакае, стане больш практычным. Напрыклад, пружанка падрыхтавала шэраг пытанняў да арганізатараў, адказы на якія, як спадзяецца, дапамогуць у рэалізацыі яе задумак.
— Вельмі хочацца пачуць пра вырашэнне пытання фінансавай падтрымкі: куды лепш звяртацца па крэдытаванне, як арганізаваць інвестыцыі, якім чынам разлічваць рэнтабельнасць і гэтак далей,— гаворыць Аксана Мікалаеўна.
На думку жанчыны, пакуль для больш маштабнага развіцця прыватнага бізнесу ў нашай краіне вельмі шмат перашкод. І яны не маюць «адміністрацыйных каранёў». Многае ўпіраецца ў звычайную ляноту. Нярэдка ёй даводзілася чуць пра складанасці бізнесу, пра тое, што яго проста немагчыма адкрыць. І, як правіла, гэта гавораць тыя, хто нават і не спрабаваў займацца ўласнай справай.
Безумоўна, ёсць і негатыўныя тэндэнцыі, такія, як ваганне попыту, змена спажывецкіх пераваг і гэтак далей. Акрамя таго, вельмі складана праходзіць шлях ад стварэння прадукту да яго рэалізацыі, асабліва дробным прадпрымальнікам, якім для продажу зробленага трэба ездзіць па розных гарадах, губляючы каштоўны час.
Было б вельмі добра, калі б была арганізавана цэнтралізаваная кампанія, якая б займалася набыццём тавараў ад рамеснікаў з наступнай маштабнай рэалізацыяй, у тым ліку і на экспарт. Магчыма, гэта магла б узяць на сябе і дзяржава, такім чынам павялічваючы ўдзел сектара прадпрымальніцтва ў рэальнай эканоміцы рэспублікі.

Напрыканцы нашай гутаркі не стрымаўся ад пытання:
— Ці патрэбна гэта ўсё жанчынам, адкуль ім за выхаваннем дзяцей, доглядам сям’і і хатняй гаспадаркі знайсці час?
— Сапраўды, некалі германскі кайзер выказаў такі дэвіз «Kinder, Kuche, Kirche» («Дзеці, царква, кухня») менавіта для жанчын. Але з таго часу свет змяніўся карэнным чынам. Як шматдзетная маці з упэўненасцю заяўляю, што часу ў жанчыны на рэалізацыю сябе дастаткова. І гэтаму ёсць нямала яскравых прыкладаў, у тым ліку і на Пружаншчыне. Тут галоўнае — знайсці смеласць заявіць пра сябе, паспрабаваць зрабіць хоць адзін крок наперад. І не здавацца пры першых няўдачах або складанасцях.

Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.