Роўна 76 гадоў таму, на досвітку 22 чэрвеня 1941 года, войскі фашысцкай Германіі парушылі дамову аб ненападзенні і перайшлі мяжу Савецкага Саюза. Гэты дзень назаўжды змяніў гісторыю чалавецтва. У многіх краінах ён быў абвешчаны Днём усенароднага смутку і памяці ахвяр.
З гэтай нагоды па ўсёй Беларусі прайшлі памятныя мерапрыемствы. Не сталі выключэннем і нашы Пружаны. Вось ужо другі раз у самую кароткую ноч каля помніка «Спаленым вёскам» адбыўся жалобны вечар-рэквіем.
Тут у гэтую змрочную гадзіну стаяла такая цішыня, што быў чутны шорах ад крылаў начных матылькоў, якія, быццам срэбрам, ахуталі пражэктары. Знаёмая ваенная кампазіцыя вярнула ў далёкія саракавыя, а метраном сімвалічна адлічваў апошнія хвіліны “мірнага” жыцця…
Уздоўж алеі, якая вядзе да парку, сабралася больш за тры сотні гараджан рознага ўзросту, каб аддаць даніну памяці і павагі ўсім, хто цаной свайго жыцця выканаў святы абавязак, абараняючы ў тыя суровыя дні родную зямлю. Ветэраны вайны і працы, члены грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі прадпрыемстваў раёна і раённых уладаў, навучэнцы каледжа і школьнікі, неабыякавыя пажылыя людзі і нават маленькія дзеці прыйшлі сюды, каб без лішняга пафасу запаліць сваю свечку памяці.
У маленькай прадмове вядучыя нагадалі прысутным пра тое, якой яна была, тая чэрвеньская ноч. Людзі спалі напярэдадні выхаднога дня. Па ўсёй краіне прайшлі выпускныя балі, юнакі і дзяўчаты ў вясёлкавых думках ужо будавалі свае планы, марылі пра светлую будучыню…
Ледзь улоўны пах вайны ўжо лунаў у паветры, але ніхто не мог нават падумаць, што яна будзе настолькі крывавай і працяглай. Акупіраваная беларуская зямля ператварылася ў велізарны лагер смерці, дзе з аднолькавай неверагоднай жорсткасцю знішчаліся і салдаты, і мірныя жыхары. За ўсю вайну карнікі ў Беларусі спалілі звыш 9200 вёсак, з іх больш за паўсотні – на тэрыторыі Пружанскага раёна, з якіх многія так і не былі адноўлены…
У гэты вечар ўспаміналі не толькі сваіх землякоў, але і ўсіх людзей на зямлі, якія загінулі ў той бесчалавечнай вайне. 55 мільёнаў чалавечых жыццяў – вось кошт вызвалення Еўропы ад фашызму.
Мінорнаму настрою спрыялі не толькі гістарычна-паэтычныя хвіліны ад вядучых, але і музычныя нумары. Хор ветэранаў “Чырвоны гваздзік” пад кіраўніцтвам Святланы Машкала неяк па-асабліваму кранальна праспяваў песню “Скажыце, лебедзі”.
Лёгкай малітоўнай хваляй пранеслася над помнікам вядомае царкоўнае песнапенне «Да исправится молитва моя» ў выкананні вакальнага ансамбля «Амафор» Навазасімавіцкага СДК пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай. Неверагодна шчыра і пранізліва прачытаў верш Расула Гамзатава «Нас дваццаць мільёнаў» Алег Мардань, а патрыятычнай песні «Алёша» сталі ціхенька падпяваць ўсе пажылыя людзі.
У канцы мерапрыемства ўсе, і старыя, і маладыя, ушанавалі хвілінай маўчання памяць тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, заваяваў для будучых пакаленняў свабоду і шчасце. І моўчкі паставілі свае свечкі за іх вечны спакой..
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).