Дзень ведаў — свята для кожнай сям’і, у якой ёсць школьнікі. Апошнія дні напярэдадні першага верасня напоўнены прыемнымі клопатамі па падрыхтоўцы дзятвы да новага навучальнага года. Але збіраюць дзяцей у школу не толькі бацькі: шэраг грамадскіх аб’яднанняў каторы год традыцыйна далучаецца да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Збяром дзяцей у школу». Не засталіся ў баку ад гэтай добрай справы і члены раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».«Сёлета мы накіравалі сваю падтрымку туды, дзе яна была патрэбна найбольш, — расказвае старшыня раённай арганізацыі Таццяна Кашкан. — Наборы канцылярскіх прыналежнасцяў, партфелі — усяго было ўручана каля трыццаці такіх падарункаў. Адметна, што акцыю падтрымаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Леанід Іванавіч Качына, які ад сябе таксама перадаў падарункі дзецям».
Атрымала падарунак і Васіліна Аўдзеева — дзяўчынка, якая з’яўляецца круглай сіратой і якую выхоўваюць бабуля з дзядулем.
Сёлета дзяўчынка пайшла ў трэці клас. Як прызнаецца сама, новага навучальнага года яна чакала з нецярпеннем, каб убачыць аднакласнікаў і падзяліцца ўражаннямі, атрыманымі за лета. Сярод любімых урокаў Васіліны — фізкультура (ну, хто ж з нас яе не любіў!) і літаратура.
Сярод шматлікіх пажаданняў, якія госці адрасавалі маленькай школьніцы, ёсць і поспехі ў вучобе. «Старанная вучоба патрэбна чалавеку для таго, каб ён затым змог набыць добрую спецыяльнасць і стаць карысным для свайго грамадства», — зазначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ. Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).