Ці не зашмат «ляжачых паліцэйскіх» з’явілася ў нашым горадзе? Я разумею, калі іх уладкоўваюць каля школ, дзіцячых садкоў. Але ж не на кожным пешаходным пераходзе!
Увогуле, здаецца, у Пружанах хапае шмат іншых праблем на дарогах: хутка дажджлівая восень — па вуліцы Мачалава, напрыклад, зноў немагчыма будзе прайсці без гумовых ботаў…
Васіль Уладзіміравіч.
Як паведамілі ў АДАІ Пружанскага РАУС, сёлета на тэрыторыі раёна абсталявана дзесяць штучных няроўнасцей, сем з якіх — прыўзнятыя пешаходныя пераходы.
— Іх устаноўка была запланавана Праграмай мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў і павышэнні бяспекі дарожнага руху на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання і вуліцах населеных пунктаў Брэсцкай вобласці на 2018 год, — тлумачыць часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка АДАІ Сяргей Мышкевіч. — Гэтыя мерапрыемствы былі распрацаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам. Прапановы аб уладкаванні «ляжачых паліцэйскіх» на Пружаншчыне былі ініцыяваны супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі, узгадняліся з камісіяй па бяспецы дарожнага руху, якая функцыянуе пры райвыканкаме, затым — з упраўленнем ДАІ вобласці. Месцы іх устаноўкі вызначаліся не проста так: рэгулярна праводзіцца аналіз дарожна-транспартных здарэнняў на гэтых участках дарог за апошнія пяць гадоў. І ўстанаўліваюцца «ляжачыя паліцэйскія» не для таго, каб стварыць нязручнасці для вадзіцеляў, а каб максімальна абараніць пешаходаў і веласіпедыстаў. Менавіта з улікам гэтага і быў аптымізаваны хуткасны рэжым руху ў Пружанах. Практычна кожны год знаходзяцца ліхачы, якія не спраўляюцца з кіраваннем на перакрыжаванні вуліц Леніна і Тармасава, часта здараліся ДТЗ на перакрыжаванні вуліцы Савецкай з вуліцамі Янкі Купалы і Вінаградава.
Пакуль жа менавіта гэтыя інжынерна-тэхнічныя рашэнні з’яўляюцца самым дзейсным спосабам, з дапамогай якога можна станоўча паўплываць на бяспеку дарожнага руху ў горадзе і знізіць цяжар наступстваў ДТЗ.
Новыя штучныя няроўнасці: а што думаеце вы?
Дзмітрый:
— Асабіста мне не падабаецца, што «ляжачых паліцэйскіх» у горадзе становіцца ўсё больш. На маю думку, яны неабходны толькі там, дзе існуе патэнцыяльная небяспека — каля школ і садкоў. Навошта, напрыклад, няроўнасць каля «Прэстыжу»? Не зразумела таксама, што падштурхнула прыняць рашэнне пакласці яе на перакрыжаванні вуліц Янкі Купалы і Чарнышэўскага.
Думаю, мяне падтрымаюць і вадзіцелі спецтранспарту — «хуткай», МНС, якія імчацца на выклік і губляюць каштоўныя хвіліны…
Марыя Мікалаеўна Дронь:
— Мяне абсалютна не турбуе колькасць штучных няроўнасцей у горадзе: усе ў патрэбных месцах. «Паліцэйскія» з’яўляюцца стрымліваючым фактарам для вадзіцеляў, якія носяцца па гарадскіх вуліцах, не зважаючы на ўстаноўлены хуткасны рэжым.
Іншая справа — якасць выканання штучных няроўнасцей. Няхай яны будуць шырокія, але нізкія.
Андрэй:
— «Ляжачыя паліцэйскія» самому чалавеку не прынясуць шкоды, чаго не скажаш пра транспартны сродак. Колькі езджу па іншых гарадах ( узяць, напрыклад, Брэст), то магу сказаць дакладна: там штучныя няроўнасці тэхнічны стан машыны не пагаршаюць. У нас жа большасць «паліцэйскіх» лепш праязджаць на першай хуткасці.
Таццяна Уладзіміраўна Лімоніна:
— На маю думку, у нашым горадзе ўсё-такі перабор з «ляжачымі паліцэйскімі». Дысцыплінаваны кіроўца і без усялякіх нагадванняў спыніцца, каб прапусціць пешахода, які пераходзіць дарогу ў адведзеным для гэтага месцы. А вось бесталковага кіроўцу (так называю тых, хто любіць паліхачыць) нічога не спыніць: такім звычайна і машыну не шкада.
Аляксандр:
— Калі з’яўленне штучных няроўнасцей адпавядае патрабаванням устаноўленага заканадаўства, то якія могуць быць абурэнні? У асноўным усе «ляжачыя паліцэйскія» ўстаноўлены на небяспечных участках дарог. Іншая справа — якасць іх выканання: калі яны пакладзены па стандартах, перашкод гэта не стварае. На жаль, у нас не ва ўсіх месцах так: дзесьці штучныя няроўнасці вымушаюць не проста скідваць хуткасць, а амаль цалкам спыняцца. Але заўважыў, што гэтыя недахопы ўжо пачынаюць ухіляць: старыя «зразаюць» і ўкладваюць замест іх новыя.
Таццяна:
— У параўнанні з іншымі гарадамі, напрыклад, Бярозай, у Пружанах, якія меншыя па памеры, штучных няроўнасцей на дарогах намнога больш. Тым не менш, мне яны не асабліва перашкаджаюць, хаця не магу сказаць, што іх якасцю задаволена цалкам. У Польшчы, напрыклад, «ляжачыя паліцэйскія» шырокія і невысокія: калі раптам не заўважыш, падвеску не пакінеш на дарозе.
Сяргей:
— У мяне негатыўнае стаўленне да тых «ляжачых паліцэйскіх», якія ёсць у нашым горадзе. І зусім не з-за колькасці. Хочацца, каб іх уладкоўвалі па стандарце. Звярніце ўвагу: «паліцэйскія» ў нас усе розныя. А так не павінна быць: трэба, каб аўтамабіль плаўна па іх праязджаў, а не скакаў, быццам па бардзюрах.
Ну, а месцы ўладкавання не абмяркоўваю. Усе там, дзе гэта патрэбна. На вуліцы Леніна, каля сквера воінаў-інтэрнацыяналістаў, колькі аварый здарылася? Спадзяюся, устаноўлены «ляжачы паліцэйскі» паўплывае на аварыйную абстаноўку на гэтым участку дарогі.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).